За год дэвальвацыя складзе працэнтаў 25 пры ўмове, калі ня здарыцца новых катаклізмаў, — эканаміст
12.03.2020
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода, фото: Еврорадио

За год дэвальвацыя складзе працэнтаў 25 пры ўмове, калі ня здарыцца новых катаклізмаў, — эканаміст

Беларускі эканаміст Леанід Фрыдкін тлумачыць, чаму падзеньне беларускага рубля было чаканым, ацэньвае, хто больш страціць ад падзеньня цэнаў на нафту, і заяўляе, што стагнацыя ў Беларусь прыйшла ўсур’ёз і надоўга, каля нуля мы будзем боўтацца даволі доўга.

— Цяперашнія зьявы ў сусьветнай эканоміцы прымушаюць узгадаць славуты выраз пра «чорных лебедзяў». Каранавірус, падзеньне цэнаў на нафту, увесь ланцужок падзеяў, якія гэта можа выклікаць — як усё гэта стратэгічна паўплывае на беларускую эканоміку?

— Беларуская эканоміка, на жаль, вельмі моцна завязаная на цану нафты. А тыя, хто занадта моцна прывязаны да энэрганосьбітаў, больш за ўсіх адчувае на сабе кожную зьмену.

Беларусь тут у даволі дзіўным становішчы. З аднаго боку, мы імпартэры нафты, і для нас падзеньне цэнаў на яе нібыта мусіла б быць дабром. Але Беларусь адначасова і буйны экспартэр нафтапрадуктаў, якія выраблялі з расейскай нафты і экспартавалі на ўвесь сьвет. І гэта даволі важная частка беларускага экспарту і, адпаведна, ВУП.

Беларускія ўлады прызвычаіліся, што схема «танная нафта і дарагія нафтапрадукты» падтрымлівае беларускую эканоміку і ўнікальнасьць «беларускай эканамічнай мадэлі». Тое, што схема дасьць збой, стала зразумела яшчэ некалькі гадоў назад, калі ў Расеі загаварылі пра «падатковы манэўр». Але беларускія ўлады не прадпрынялі нічога, каб ад гэтай залежнасьці пазбавіцца.

Значыць, цяпер мы будзем мець поўны набор праблемаў, зьвязаных з падзеньнем цэнаў на нафтапрадукты на эўрапейскіх рынках. Скароцяцца валютныя даходы ад паставак нафтапрадуктаў. Нават калі ўдасца купіць танную нафту недзе не ў Расеі — усё роўна вытворчасьць нафтапрадуктаў паводле звыклых схемаў ня дасьць таго прытоку валюты, які звычайна мела Беларусь. Гэта адаб’ецца на курсе даляра, на тэмпах росту эканомікі і, адпаведна, дабрабыце насельніцтва.

— Галоўны беларускі гандлёвы партнэр — гэта Расея, на якую прыпадае амаль 50 працэнтаў беларускага замежнага гандлю. У выніку падзеньня цэнаў на нафту курс расейскага рубля павінен упасьці яшчэ больш. Ці можа гэта прывесьці да таго, што Расея будзе менш купляць беларускай прадукцыі? Ці мо наадварот — танная беларуская прадукцыя выцесьніць з расейскага рынку даражэйшую і больш якасную заходнюю?

— Можа быць і трэці варыянт. Расея ва ўмовах дэвальвацыі расейскага рубля актывізуе выраб сваёй прадукцыі, можа, не такой якаснай, але прымальнай. Таму ня выключана, што расейскі рынак з прэміяльнага ператворыцца для беларусаў у менш прывабны. Уласна кажучы, мы гэта ўжо адчуваем у шэрагу пазыцыяў.

Расейскі рынак мы будзем губляць і бязь зьмены цэнаў на нафту. А цяперашнія працэсы могуць гэта падштурхнуць. Таму для Беларусі дывэрсыфікацыя рынкаў — жыцьцёвая неабходнасьць. Але адвязацца да расейскага рынку ў бліжэйшы час мы ня здолеем, і страты на ім вельмі балюча адаб’юцца на беларускіх прадпрыемствах.

— У канцы 80-х адным з галоўных эканамічных чыньнікаў развалу савецкай эканомікі былі менавіта нізкія цэны на нафту. Калі цяпер цэны на нафту ўсталююцца на даволі нізкай мяжы, які ўплыў гэта можа аказаць на расейскую эканоміку?

— Я б не праводзіў аналёгію з канцом 80-х. Гэта не такое радыкальнае падзеньне цэнаў, каб казаць, што яно можа прывесьці да гэткіх геапалітычных наступстваў. Трэба разумець, што Расея сама ў значнай ступені справакавала гэты абвал цэнаў, спадзяючыся такім чынам выціснуць амэрыканскую лупняковую нафту з рынкаў. Гэта складаны забег, у якім прымае ўдзел шмат бакоў.

Расея дастаткова сьвядома на гэта пайшла, магчыма, не разьлічыўшы, што эфэкт будзе менавіта такім. У самой Расеі даволі высокі сабекошт нафты і ня так шмат рэзэрваў падтрымліваць эканамічную стабільнасьць. Галоўным рэсурсам тут ёсьць гатоўнасьць насельніцтва цярпець нягоды. Думаю, на пэўным этапе ўсе бакі спыняцца, бо ў такім ралі шанцаў прагуляць больш, чым выгуляць.

— 9 сакавіка беларускі рубель паставіў новы гістарычны рэкорд, упаў адразу амаль на 5 працэнтаў за дзень. Які ваш прагноз дынамікі курсу? Мо пэрыяд адноснай стабільнасьці нацыянальнай валюты ўжо скончыўся? Ці будзе Нацыянальны банк імкнуцца стрымліваць курс?

— Да сёньня Нацыянальны банк праводзіў дастаткова асьцярожную і ўзважаную палітыку. Калі ён зараз ня будзе ўмешвацца ў курсаўтварэньне, то на нейкім рубяжы падзеньне курсу спыніцца і ўсталюецца. Але мінімум 20-25 працэнтаў дэвальвацыі сёлета нам давядзецца перажыць — калі не прыляцяць яшчэ нейкія «чорныя лебядзі».

З таго моманту, калі мы не дамовіліся з Расеяй наконт цэнаў і паставак нафты і газу, спадзеваў, што рубель застанецца стабільным, ужо не засталося. І тое, што зараз Міністэрства фінансаў у сувязі з сытуацыяй на ўсясьветных рынках адклала выпуск эўрааблігацыяў, таксама адаб’ецца на валютным рынку.

Аднак калі ня будзе ажыятажнага попыту на валюту і калі будуць мякка абмяжоўваць празьмерны на яе попыт — то ёсьць шанцы пазьбегнуць вельмі рэзкай дэвальвацыі.

— Але калі нафта ўпадзе на 30 працэнтаў, расейскі рубель, як падказвае досьвед, можа ўпасьці на столькі ж. Тады і беларускі рубель павінен дэвальвавацца не на 5 працэнтаў, а на больш?

— Ад пачатку году ў нас ужо практычна зафіксавана 10 працэнтаў дэвальвацыі. У цэлым за год дэвальвацыя можа скласьці працэнтаў 25, калі ня здарыцца ніякіх катаклізмаў. Калі будзе выходзіць больш — то ўладам давядзецца прымаць нейкія радыкальныя захады. Магчыма, абмежаваньні, якія ўвялі, а потым апошнія два гады паступова скасоўвалі, — будуць вернутыя.

— Калі адбываліся ранейшыя дэвальвацыі, беларусы кідаліся купляць імпарт, здымалі рублёвыя дэпазыты. Раскуплялі беларускія і імпартныя тавары, якія раней ляжалі на прылаўках — вытворчасьць і гандаль былі шчасьлівыя. Як цяперашняя дэвальвацыя можа паўплываць на эканоміку і дабрабыт насельніцтва?

— І заробкі, і рублёвыя дэпазыты ў пэўнай ступені абясцэняцца. Дэвальвацыйныя чаканьні, якія нараджае кожны такі ўсплёск, падштурхоўваюць спробы абараніць свае ашчаджэньні. Але забегу па крамах са скупкай імпарту не назіраецца і наўрад ці гэта адбудзецца. Людзі разумеюць, што на ўсё жыцьцё не накупісься і гэтымі капейкамі не абаронісься. І ў людзей ня так шмат грошай, каб ажыятажна купляць ўсё што ні папала.

А вось спробы Нацыянальнага банку аднавіць давер да беларускага рубля і падрыхтаваць глебу да маштабнай дэдалярызацыі 9 сакавіка пайшлі ў глум. Нягледзячы на тое, што рублёвыя дэпазыты вельмі часта неадклікальныя і іх зьняцьцё выклікае страты — тым ня менш, працэс адтоку рублёвых укладаў будзе.

— Усе ранейшыя гадавыя прагнозы ўраду правальваліся, але на 2020 Савет міністраў Беларусі зноў даў даволі аптымістычны афіцыйны прагноз. Наколькі ён рэалістычны, ці можа Беларусь выйсьці хаця б на невялікі рост ВУП сёлета?

— Афіцыйна зацьверджаны прагноз рэалістычным не лічыў ніхто ад пачатку. Калі і ўдасца забясьпечыць нейкі сымбалічны рост у межах аднаго працэнту, то радасьці ад гэтага ніякай ня будзе. На жаль, пэрыяд стагнацыі з пэрыядычнымі зрывамі ў мінус для Беларусі будзе ўсур’ёз і надоўга. Калі ня будзе ніякіх істотных зьменаў у эканамічнай палітыцы, то мы будзем «каля нуля» боўтацца вельмі доўга.

Последнее в рубрике