Віктар Марціновіч: Вось яна, жалезная заслона!
10.11.2020

Віктар Марціновіч: Вось яна, жалезная заслона!

Я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе і выдатна памятаю часы, калі выехаць можна было хіба што ў Сочы. Я не думаў, што дажыву да новай жалезнай заслоны, у імавернасць якой не верылі, здаецца, нават тыя, што ёй пужаў.

Віктар Марціновіч для budzma.by пра «новую жалезную заслону» і чаму важна не дапусціць яе з'яўлення.

Пасля словаў пра тое, што дактары, якія выехалі на працу ў суседнія краіны, не здолеюць вярнуцца, факт выбудоўвання вялікай кітайскай сценкі з рамана «Мова 墨瓦», можна прызнаць, адбыўся.

Асабліва з дадаткам, што гэта «не пагроза, гэта загад».

І не варта супакойваць сябе тым, што яны яшчэ толькі прымерваюцца, спрабуюць грамадства на зуб.

Прымерваліся яны тады, калі масава адмаўлялі ў праве на ўезд замежным журналістам.

А пунктам незвароту сталася тое, калі не пусцілі на радзіму Кандрусевіча.

І так, у выпадку з Кандрусевічам былі яшчэ нейкія адмазкі. Маўляў, у таго ёсць іншае грамадства. Але потым яны пачалі адмаўляць ва ўездзе студэнтам, што навучаюцца за мяжой. І вось у гэтых маладых людзей ніякіх запасных варыянтаў няма. Пры тым, што не мне вам тлумачыць, колькі каштуе здымаць кватэру ў іншым горадзе. І не мне нагадваць пра артыкулы Канстытуцыі, якія гарантуюць грамадзянам вольнае перасоўванне праз межы.

Не трэба думаць, што гэта хаця б неяк звязана з эпідэміяй і скончыцца разам з ёй. Хаця б таму, што на адпаведнай нарадзе амаль усе слухачы сядзелі без масак. Эпідэмія тут – толькі нагода ўвесці тое, на што ўжо даўно рукі часаліся.

Закрыць краіну.

Ператварыць яе ў працоўны лагер.

Фармальна ручаі для адʼезду яшчэ ёсць, хай сабе ніхто цяпер не можа быць упэўненым у вяртанні. А гэтай няўпэўненасці, нявызначанасці выпадкаў прымянення новай «жалезнай заслоны» якраз і дастаткова, каб большасць паставілася да яе як да новай рэальнасці і нават не спрабавала, не спрабавала.

І тут праблема нават не ў тым, што ўсе заходнія рэгіёны Беларусі жылі дробным памежным гандлем. Праблема ў тым, што сучасны чалавек не можа існаваць без свабоды вандровак, без неабмежаванага выбару таго, дзе яму здабываць грошы. Закрываючы перспектыву на вяртанне, іх пазбаўляюць Радзімы і гэта ўжо зусім па-за межамі этыкі.

Я не буду казаць пра інвестыцыйную прывабнасць нашай краіны, якая пасля закрыцця межаў зробіцца параўнальнай з Паўночнай Карэяй. Пра тое, што калі аддаюцца загады, якія проста супярэчаць не толькі законам, але і глузду, і гэтыя загады пачынаюць выконвацца, ніхто з замежнікаў сюды проста не сунецца. Праблема, нарэшце, не ў эканоміцы і не ў дэмакратыі. Праблема ў нас з вамі.

Нам далей тут жыць.

З закрытымі межамі.

Без магчымасці выехаць на вучобу. Без магчымасці атрымаць прыстойны і ганаровы кантракт за мяжой. Без магчымасці наведаць краіны-суседкі, не маючы ў страўніку сцюдзёнага каменьчыка сумнення, а ці дадуць вярнуцца.

Але гэта і дае надзею.

Бо загады відавочна робяцца ўсё больш экзатычнымі, ужо мяжуючы з тым абшарам, пасля якога на іх выкананне ні ў кога не хопіць смеласці. І потым – тыя самыя выканаўцы з урада. Яны ж разумеюць, як важна падчас эпідэміі мець у краіне ўсіх дактароў, якія вырашылі вярнуцца, каб дапамагчы. І ніякія меркаванні помсты непараўнальныя хаця б з адным жыццём, якое тыя дактары могуць выратаваць.

То калі тэндэнцыя працягнецца – а яна дакладна будзе працягвацца, – мы пабачым, як, наблізіўшыся да мяжы вар’яцтва, тыя загады перастануць выконвацца. Бо, па сутнасці, нікому не хочацца жыць у Паўночнай Карэі. Нават тым, хто сядзеў на нарадзе па кавідзе без масак. Не хочацца жыць, асабліва памятаючы ранейшае жыццё.

І зараз да ўсіх іх паступова будзе даходзіць тое, што ўжо дайшло да нас: ніякага «як раней» быць не можа. Будзе ці то значна лепей, калі ўладзе і грамадству ўдасца дамовіцца, ці значна, значна горай, калі неабвешчаная вайна з усімі працягнецца. І самае страшнае ў той вайне – што пад «усімі» будуць мецца на ўвазе не грамадскія актывісты, не чальцы штабоў – усе гэтыя людзі даўно за мяжой. Цяпер за жалезную завесу спрабуюць загнаць літаральна ўсіх, уключна з сем’ямі тых самых чальцоў урада.

Я ўпэўнены, што гэта не спрацуе. Я ўпэўнены, што краіна не можа жыць без тэатраў, без дактароў, без студэнтаў. Без права грамадзян на вольны выезд на працу ці адпачынак з гарантаваным Канстытуцыяй правам на вяртанне.

То асадзіце назад, даражэнькія.

Последнее в рубрике