Віктар Марціновіч: Не вяртайце спадчыну, бо трапіце ў турму
22.06.2020

Віктар Марціновіч: Не вяртайце спадчыну, бо трапіце ў турму

Пiсьменнiк піша пра карціны Суціна і Шагала, якія былі далучаныя да рэзананснай «справы Белгазпрамбанка».

Пiсьменнiк піша на budzma.by пра карціны Суціна і Шагала, якія былі далучаныя да рэзананснай «справы Белгазпрамбанка».

Нуль — столькі карцін знакамітых мастакоў родам з Беларусі вярнулі на радзіму за дзяржаўны кошт у апошнія 20 гадоў. Дзяржаве было цікавей фінансаваць спартоўцаў-лузераў (я не прыгадаю ніводнай спартовай перамогі, супастаўнай з Нобелеўскай прэміяй па літаратуры, да якой беларускі бюджэт не меў дачынення) і марнаваць грошы з нашых падаткаў на ўтрыманне велізарнай арміі кантралёраў і праваахоўнікаў, у «фокус цікавасці» якіх траплялі тыя, хто марыў пра вяртанне гонару беларускай культуры.

Нуль — столькім геніям, што некалі з’ехалі з Беларусі і зрабіліся «французскімі» мастакамі, вярнулі «беларускасць» за дзяржаўны кошт. Дзяржава самааддана фінансавала курабесныя аграрныя святы, кшталту «Дажынак», будавала лядовыя палацы, непатрэбныя цяпер анікому — гэтаксама як непатрэбнай будзе і экспартаваная электрычнасць з яшчэ не запушчанай БелАЭС.

Сам выраз «мастакі Парыжскай школы родам з Беларусі» ў дачыненні да Суціна і Шагала ўзнік дзякуючы кнізе, фундаванай «Белгазпрамбанкам». Так, у выпадку з Шагалам у Віцебску дзейнічала група інтэлектуалаў, якая ладзіла пленэры, Шагалаўскія дні, і я не магу тут не згадаць імёны Давіда Сімановіча, Людмілы Хмяльніцкай і іншых. Але тое было лакальнай ініцыятывай, чытачы форумаў на «Тутбаі» працягвалі напоўніцу кпіць з Шагала і ягонай «беларускасці». Пералом на рэспубліканскім узроўні адбыўся пасля першай выставы алейных карцін на радзіме, якую зладзіў менавіта «Белгазпрамбанк». З тае пары сумнявацца ў тым, ці мастак Шагал і ці ён беларускі мастак, зрабілася непрыстойным.

І тады падавалася: змрочныя дзевяностыя, калі калекцыянеры ў смарагдавых пінжаках ад П’ера Кардэна дэманстравалі свае хатнія калекцыі беларускіх мастакоў, тройчы папрасіўшы нікому не распавядаць пра тое, што ў іх тыя калекцыі ёсць, бо беларускае мастацтва скупаць было няможна, бо ты адразу ж рабіўся для кантралёраў чалавекам, якому «няма на што скідаць грошы». І наступным разам да цябе першага сунуліся, каб ты прафінансаваў нейкую дзяржаўную забаўку, а калі ты адмаўляўся — трапляў пад праверкі.

«Белгазпрамбанк» на чале з Бабарыкам усе гэтыя гады старанна рабіў тое, што адмаўлялася рабіць дзяржава. Ён ладзіў тэатральныя фэсты, ён вяртаў імёны, ён вымушаў назву нашай краіны гучаць у тых замежных музеях, якія да гэтага пазначалі Шагала рускім мастаком.

І як жа дзіўна мне было ўвесь мінулы тыдзень чытаць допісы беларускамоўных фрэндаў, якія ўпікалі Бабарыку ў тым, што ён:

а) выкарыстаў Суціна і Шагала, каб скалаціць сабе палітычны капітал;

б) насамрэч не вярнуў Шагала народу, а набыў у карпаратыўную калекцыю, якую можна было «ва ўмовах адсутнасці мяжы» вольна вывезці ў Маскву.

Я не ведаю, ці самастойна гэтая геніяльная думка прыйшла ў калектыўную беларускую галаву. Ці, можа, яе, гэтую думку, туды старанна ўклалі, бо гэтае меркаванне пайшло гуляць па сеціве акурат напярэдадні арышту, быццам рыхтуючы грамаду да «справядлівасці» змяшчэння пад варту.

Как шедевры стали заложниками

Я нават не буду засяроджвацца на штучнасці гэтых падазрэнняў: любы спецыяліст ведае, што творы былі ўнесеныя ў спіс нацыянальных каштоўнасцяў, а таму любы іх вываз за мяжу — у тым ліку ў Маскву — ануляваў бы іх аўкцыённы кошт, зрабіў бы іх скрадзенымі, а таму непрадавальнымі.

Я назіраў, як тое, што прынята называць «грамадскім меркаваннем», чарговы раз зрабіла цікавы кульбіт, як і ў выпадку з «палякам-Каліноўскім», абвінаваціўшы ў абы-чым таго, каго трэба было б падтрымліваць.

І вось што мы маем цяпер.

а) Карціны, якія некалі былі народным здабыткам, якія кожны мог свабодна паглядзець у музеі, у музеі адсутнічаюць. Прычым я кажу не толькі пра Суціна і Шагала. Калі вы раптам вырашыце паехаць у Смілавічы, каб паназіраць за таямнічым ззяннем арнаментальнага лесу ў Царфіна, вы пабачыце, што забраны нават Царфін і нават са Смілавіч.

б) Любы патэнцыйны мецэнат, які захоча вярнуць нацыі яе непажаданых сыноў, будзе памятаць пра «Еву», якая, замест таго каб зрабіцца сімвалам феміннасці і вернутых каштоўнасцяў, зрабілася лагатыпам кампаніі салідарнасці з затрыманым бедаком. Які некалі вырашыў, што трэба засяродзіцца на беларускасці. Бедаком, якога тая Беларусь, яе самыя свядомыя сыны і дачкі, пачалі падазраваць у здрадзе і злачынствах.

Тое, што адбываецца гэтым летам, ужо зрабілася найбольш драматычнай старонкай у гісторыі незалежнай Беларусі.

Сачыце за тым, каб за вашыя словы, дзеянні і допісы потым не было сорамна.

Последнее в рубрике