Віктар Марціновіч: Навошта яны спрабуюць нацкаваць чырвона-зялёных на бел-чырвона-белых?
22.10.2020
Фото: TUT.BY

Віктар Марціновіч: Навошта яны спрабуюць нацкаваць чырвона-зялёных на бел-чырвона-белых?

Чаму гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў шкодны для ўладаў.

Віктар Марціновіч піша для budzma.by.

Да халеры сігналаў, што і ў гэтую нядзелю будзе «аўтобусны» натоўп, яго ўжо рэкрутуюць. І зноўку будуць спрабаваць сутыкнуць ілбамі, справакаваць канфлікт.

Той самы канфлікт, якога, здавалася б, трэба пазбегнуць.

Навошта сварыць адстаўнікоў і пенсіянераў?

Каб прадэманстраваць, што іх больш?

Дык нічога не атрымліваецца, нават самыя патрыятычныя дроны не здолелі паказаць відосаў з панядзелкавага шэсця, якія б запэўнілі, што «адстаўнікоў» — мора, а бел-чырвона-белых — ручай.

Можа быць, так грамадства схіляюць да дыялогу? Дык не, акрамя некалькіх рытарычных сутычак, ніякага «дыялогу» не было, а з таго боку спробы аб’яднаць два натоўпы ў адзін народ ніхто не рабіў.

Існуе версія, што такім чынам сістэма хоча дамагчыся падвышэння градуса гвалту. Каб адны пачалі лупцаваць другіх, і ў людзей у балаклавах з помпавымі стрэльбамі з’явілася санкцыя іх «прымірыць».

Але падвышэнне ўзроўню гвалту адназначна працуе не на карысць чырвона-зялёным.

Гэта акурат тое, чаго сістэме трэба пазбягаць усімі сіламі. Бо ў гвалту свае законы, якія простымі рэакцыямі сабачкі Паўлава не вымяраюцца. Я нагадаю, што пратэсты 9-11 жніўня былі далёка не такімі масавымі, якімі сталі пасля таго, як з’явіліся першыя забітыя і параненыя. І калі нехта там думае, што жорсткасць прывядзе да затухання пратэстаў, што трэба проста стварыць сітуацыю, калі гэтая жорсткасць будзе хаця б неяк абгрунтаваная, ён моцна памыляецца. Нават калі адкінуць знешнія наступствы, унутраных рэзонаў хапае, каб працаваць на стрыманне ад гвалту і не рабіць больш крокаў па мінным полі, чым ужо зроблена.

Дык як патлумачыць стараннае, планамернае нацкоўванне? На маю думку, сістэма дзейнічае цалкам па метадзе П’ера Прудона (1809–1865), які казаў: divide et impera, раздзяляй і пануй.

Калі казаць пра адзінае заўважнае адрозненне сітуацыі ліпеня-жніўня 2020-га ад сітуацыі кастрычніка 2020-га, дык гэта, зразумела, зусім не «затуханне» пратэстаў. Наадварот, з улікам сезоннасці і схаладнелага надвор’я, нядзельная акцыя і панядзелкавы выхад пенсіянераў дазваляе зрабіць прагноз, зусім не аптымістычны для існага рэжыму.

Але чаго больш няма — дык гэта знакавых гучных звальненняў, «перацякання» кадраў з аднаго боку барыкадаў на іншы. Вы памятаеце, як улетку кожны тыдзень мы даведваліся аб змяненні настрояў вельмі знакавых асобаў — Латушка, Дудзінскі, высокія чыноўнікі, знакамітыя спартоўцы і г.д. І тады здавалася, што гэтая хваля будзе бясконцай, ажно пакуль на тым баку не застанецца нікога.

Чаму гэта спынілася?

Таму што іншым зрабіўся настрой.

Тады было адчуванне, што ўсе свае.

Што вядоўца навінаў на ТБ вось-вось прычэпіць на пінжак значак з «Пагоняй» і пачне рэзаць праўду-матку. Што чыноўнік, які адказвае за парадак на вуліцах горада, аддасць загад не знішчаць бел-чырвона-белы сцяг.

Менавіта так выглядае небяспечнае для сістэмы ваганне.

Так, а не як 400-тысячны натоўп на праспекце.

Бо натоўп можна разагнаць, а адчуванне таго, што мы ўсе свае, што няма ніякіх «фашыстаў» ці «партызанаў», а ёсць адна праблема, якую трэба вырашаць супольнымі высілкамі, — вось гэты настрой не разгоніш.

Але таго настрою ўжо амаль не засталося.

Мы зноў у розных акопах.

Адных запэцкалі сілавымі разгонамі, неабгрунтаваным і празмерным гвалтам. Іншых, цывільных, запэўнілі, што нікому і нічога не будзе даравана, што давядзецца адказваць у тым ліку за чужую лютасць.

І яны спужаліся, а страх — вельмі паганы дарадца.

І яшчэ раз: «кансалідацыя» з таго боку адбываецца не таму, што нехта тамака раптам пачаў падзяляць «правільныя» погляды на дзяржаўнае будаўніцтва. Ці раптам палюбіў сістэму, хаця раней вагаўся, усё чуў і бачыў. Клеем для сцяны, якая выбудоўваецца на маіх вачах, з’яўляецца адчуванне жудасці ад адказнасці, якую давядзецца несці ўжо не толькі за свае ўчынкі, але і за ўчынкі іншых, якія робяцца ўсё больш і больш пачварнымі.

І калі да забойства Тарайкоўскага, ужывання слезацечнага газу ў дачыненні да старых людзей яшчэ можна было ўявіць тэлевізійніка, які пасылае кіраўніцтва і выходзіць да натоўпу, дык цяпер у іх ёсць адно ўпэўненасць, што той натоўп страшнейшы за кіраўніцтва.

А таму ён кладзе сябе, свой лёс і сваю маладосць чарговай цаглінкай у сценку.

Я ведаю, што мяне чуюць людзі з абодвух бакоў.

Адных заклікаю не баяцца, іншых — дараваць.

Последнее в рубрике