Віктар Марціновіч: «Навошта Беларусі столькі нявольнікаў?»
15.05.2021

Віктар Марціновіч: «Навошта Беларусі столькі нявольнікаў?»

Чаму Беларусі патрэбна неадкладная амністыя па палітычных працэсах.

Праг эта Віктар Марціновіч піша на budzma.by.

Чытаючы пра чарговую порцыю судоў, што перамелюць чарговую порцыю людскіх лёсаў у лагерны попел, я не заклікаю да літасці.

Літасць — гэта якасць, якая прыходзіць у выканаўчыя галовы толькі тады, калі на самым высокім узроўні абвяшчаецца хуткабежная адліга, звязаная с чарговым раўндам перамоваў з Еўропай на фоне абвастрэння стасункаў з Расіяй.

То я не буду енчыць пра міласэрнасць нават пры тым, што заклік «спыніць супрацьстаянне» лагічна было б суправаджаць змякчэннем прысудаў і вызваленнем хаця б часткі пакараных — добры сімвалічны крок для таго самага «спынення супрацьстаяння».

Я апелюю да логікі.

На чым палягала логіка канвеера жорсткіх прысудаў пасля Плошчы-2006, Плошчы-2010?

На тым, каб сфармаваць пул зняволеных, якіх сістэма адмаўлялася прызнаваць «палітычнымі», але менавіта палітычна матывавана гучалі артыкулы, па якіх людзі асуджаліся (напрыклад, «удзел у масавых беспарадках» — тыя беспарадкі былі менавіта праявай палітычнай актыўнасці).

Палітзняволеных усе папярэднія гады ніколі не было шмат. Гэта заўсёды была не маса, а асобныя чалавечыя лёсы, якія любы абазнаны ў навінах чалавек мог пералічыць, расказаць пра іх. Севярынец, Някляеў, Статкевіч. У некаторых усё жыццё прайшло ў цені турэмных кратаў. І далей пачынаўся кулуарны гандаль. З Еўропай, з ЗША. Чалавечыя лёсы мяняліся на зняцце санкцый, на актывізацыю перамоўнага працэсу, на крэдыты на развіццё памежнай інфраструктуры.

Як заўсёды з Захадам, гэта ніколі не называлася сваім бязлітасным словам (гандаль нявольнікамі), але па сутнасці менавіта гэтым і было. Набраць зняволеных, а потым пад фанфары «дыялогу з ЕС» іх вызваляць. І я не асуджаю ЕС, бо свабода, нават здабытая такім чынам — вельмі каштоўная рэч.

Цяпер нешта глабальна зламалася.

Логіка гандлю не працуе.

Самае галоўнае — палітзняволенымі па стане на травень праваабаронцы прызналі ўжо 370 чалавек. Не 12, не 40, як было раней. 370. Гэта велізарная лічба. Лічба, у якой губляюцца асобныя лёсы. Гэта ўжо маса, гурба паламаных жыццяў. І, пры ўсім падабенстве прысудаў і правінаў, пералічыць гэтых людзей, запомніць з іх тых, каго не ведаеш асабіста, вельмі цяжка.

І — галоўнае — Еўропа і ЗША больш не дэманструюць нават найменшай гатоўнасці асуджаных «выкупаць». Так, заклік «спыніць пераслед» гучыць, але гучыць ён не як абяцанне ўзнагароды, а як умова пачатку любых кантактаў.

У прынцыпе, такога гаротнага стану міжнародных стасункаў, як цяпер, у Беларусі не было ніколі. Пералік краінаў, амбасадары якіх уручалі граматы 13 траўня (Нікарагуа, Сьера-Леонэ, Ірак, Руанда) — таму пацверджанне.

І калі логіка «гандлю» болей не працуе, узнікае пытанне: чаму б не абвесціць шырокую амністыю і не вызваліць гэтыя сотні людзей? Ці не наспеў час для гэтага?

У апошнія часы часцяком можна прачытаць параўнанне хвалі рэакцыі ў Беларусі са сталінскімі часамі. І сапраўды, па маштабе судоў, па працягласці тэрмінаў падабенства ёсць. Але бракуе аднаго важнага складніка.

А менавіта ўжо згаданай жалезнай логікі.

Сталін жа лютаваў не толькі таму, што быў бязлітасным тыранам. ГУЛАГ быў не толькі сістэмай пакарання. ГУЛАГ быў падмуркам для эканамічнага штуршка, які дапамог савецкай Расіі выкараскацца з ямы, у якую яна заляцела пасля рэвалюцыі і апетай Булгакавым «разрухі». Не маючы як і чым плаціць людзям за працу, Расія стварыла сістэму, супастаўную са Старажытным Егіптам, дзе велізарныя праекты рэалізоўваліся рукамі велізарнай колькасці нявольнікаў.

Змазкай для гэтага канвеера зрабілася пачуццё віны, замацаванае ў шмат якіх людажэрных законах. Вінцікамі — працэсы, што ішлі па ўсёй адной шостай сушы.

Паглядзіце гэты відос Антона Лядава пра цяперашні стан побыту ў Варкуце (дарэчы, вельмі раю пазнаёміцца з ягоным праектам The Люди). Варкута — горад, які быў збудаваны ў нечалавечых, не прыдатных для жыцця ўмовах, за Палярным кругам, толькі для таго, каб сталінская эканоміка магла атрымліваць высакаякасны вугаль.

Калі ГУЛАГ заняпаў, Варкута імкліва пачала занепадаць таксама. Бо свабодны чалавек — не нявольнік — працаваць у такіх умовах не захоча і скарыстае першую ж магчымасць, каб з’ехаць. У выніку мы бачым у Лядава кварталы і кварталы закінутых «хрушчовак», у кожнай з якіх жыве па адной сям’і; бачым занядбаныя кінатэатры і пад’езды з парванымі трубамі, якія ўсё ж працягваюць ацяпляцца, бо ў паколатым маразамі доме яшчэ нехта жыве.

Пуцін, выбудаваўшы несвабодную сістэму, не наважыўся аднаўляць ГУЛАГ і рабіць нявольнікаў асновай эканомікі.

У Беларусі, дзякуй Богу, такое і не пачыналася — пакараныя займаюцца не вялікімі і бессэнсоўнымі будоўлямі сацыялізму, а нізкакваліфікаванымі і нізкацікавымі ў экспартным сэнсе працамі.

І не яны ўтрымліваюць эканоміку, як гэта было за Сталіным, а эканоміка ўтрымлівае іх.

Дык калі не літасць, дык логіка кажа: тэрмінова патрэбная амністыя.

Калі зняволеных немагчыма «прадаць» Захаду, калі вызваленне ёсць толькі умовай для перамоваў, калі ў нас няма ГУЛАГа і іх праца не мае плёну — дык ці не самы час вызваляць?

Последнее в рубрике