Віктар Марціновіч: Мая памяць не дае мне радавацца
13.01.2021

Віктар Марціновіч: Мая памяць не дае мне радавацца

Несуцяшальны палітычны прагноз на гэты год.

Робіць Віктар Марціновіч на budzma.by.

Мабыць, я надта доўга жыву ва ўсім гэтым.

І надта шмат памятаю.

Але ніякай нагоды для аптымізму ў мяне няма.

Можаце ўспрымаць гэта як запрашэнне задумацца.

Пазбавіцца ілюзій.

Выбудаваць планы на год і ўласнае жыццё.

Вырашыць, як жыць і што змяняць.

Вы кажаце, пратэсты ўзновяцца ўвесну 2021?

Дык пратэсты — гэта не каранавірус, тут «першай» і «другой» хвалі не бывае. Людзі, якія масава выйшлі ўлетку і ўвосень, адпакутавалі за гэта, адседзелі, пабачылі неймаверны размах рэпрэсій — чаму б ім вяртацца?

Мы ўжо былі там.

І гэта ні да чога не прывяло.

Так было ў нулявыя: увосень апазіцыя прапанавала дачакацца вясны. А потым, пасля традыцыйных Дня Волі і Чарнобыльскага шляху, запрашала чакаць восені, калі «эканамічная сітуацыя пагоршыцца». Увосень усё паўтаралася. Сам выраз «традыцыйная акцыя пратэсту» — аксюмаран. Гэтаксама як «патаемная акцыя пратэсту».

Вы ж самі бачыце, сітуацыя «мільён ля стэлы» змянілася сітуацыяй «флэшмоб у метро: людзі надзелі бел-чырвона-белыя шкарпэткі і сфатаграфаваліся без твараў».

Вы кажаце, будзе раскол у элітах і наменклатуры?

Дык крызіс 2020-га несупастаўны з крызісам 1996 году. Калі адзін таварыш быў у кроку ад імпічменту, палова парламента і частка Канстытуцыйнага суда была калі не супраць яго, дык вагалася. Пры параўнальнай сітуацыі на плошчах… Чым гэта скончылася? Скарачэннем колькасці месцаў «у новым парламенце», змяненнем Канстытуцыі, пасля чаго вынесці імпічмент зрабілася забаўкай больш складанай, чым вылучыць дзяржаўны кінафільм на Оскара.

Вы кажаце пра эканамічную сітуацыю? Я адгукаюся: так, так! Трэба дачакацца восені! Тады яна пагоршыцца — і … (ужо было).

Вы ўпэўненыя, што Пуцін расчараваны невыкананнем сочынскіх абяцанняў распачаць дыялог і пераразмеркаваць паўнамоцтвы? Дык а што ён можа, гэты Пуцін? Вы ж бачыце, яны Навальнага не здолелі атруціць. А тут — геапалітычны гамбіт, складаная гульня. Акрамя таго, увесну хутчэй за ўсё палыхне ў самой Расіі, то навошта заахвочваць рускіх, незадаволеных прыкладам таго, як пратэсты ў суседзяў прывялі да зменаў?

Я ведаю, што зрабіла і будзе рабіць сістэма. Яна выдурыла сабе час для таго, каб заціснуць пратэсты, паабяцаўшы змяніць Канстытуцыю. А зараз, калі напружанасць загнаная ў падпечак, яна будзе цягнуць быка за вымя — ажно да 2025 года, адкладаючы, кажучы, што «змены не саспелі» (ужо было).

Яна будзе прапаноўваць «перагарнуць старонку» і «вяртацца ў нармальнае жыццё».

І нехта нават вернецца ў тое жыццё.

Зоймецца змаганнем за беларускую мову на этыкетках. Стараючыся не прыгадваць, што вярнуць тую мову можна было б за тры дні, калі б нешта большае змянілася.

Мабілізуецца на абарону Курапат — справу святую, з улікам таго, што ўся сённяшняя лютасць паходзіць адтуль, з Курапат, з адсутнасці нацыянальнага яднання вакол гэтай бяды. Але калі б у 1996 падзеі разгарнуліся па-іншаму, у Курапатах ужо стаяў бы велічны помнік, а гектары зямлі вакол іх былі б недакранальнымі.

Нехта перанакіруе высілкі і рыторыку на аднаўленне палацаў — тых самых палацаў, якія яшчэ зусім нядаўна мелі ўсе шыбы на вокнах, старадаўнія дубовыя дзверы, але імкліва зруйнаваліся — і яшчэ зруйнуюцца, калі іх адціснуць назад на баланс дзяржавы, бо тут нічым нельга валодаць «да канца», усе мы ходзім пад райвыканкамам.

Тыя, хто будзе памятаць, працягнуць крычаць.

Працягнуць енчыць.

Яны будуць звяртацца да міжнародных структур, якія зробяцца ўсё больш абыякавымі, бо Беларусь — краіна, на транзіт праз якую завязаныя вялікія капіталы людзей, чые грошы стаяць за любым еўрапейскім публічным палітыкам.

Неўзабаве гэтых скурчаных болем сумленных прастануць чуць нават тыя, хто жыве тут. Нават тыя, хто ўсё бачыў, ва ўсім удзельнічаў, але прыгадваць — страшна. Лепей аддацца шопінгу, серыялам, да таго ж гэта такі кайф — з’ехаць на цьюбінгу па абледзянелым схіле ў Сілічах…

Мы пачнём сварыцца паміж сабой, высвятляючы, хто і што зрабіў не так. Чаму адбылося так, як адбылося. Мы будзем выкатваць прад’явы колішнім лідарам, асабліва тым, якія з’ехалі (хаця гэтым людзям варта спачуваць у першую чаргу). Мы будзем дзівіцца кветкам, якія нехта працягне прыносіць да месца забойства Тарайкоўскага, да месца збіцця Бандарэнкі.

Я — з тых, хто памятае і будзе памятаць заўсёды.

Памятае не толькі 2020-ы.

Але і 2010-ы (плямы крыві на снезе, чорныя шыхты ў цемры, бляск ліхтароў на шаломах).

І 2006-ы (о, тая завея!).

І 1996-ы, і 1999-ы (нехта кажа, што першыя забітыя з’явіліся толькі ўлетку?).

Менавіта мая памяць не дае мне радавацца.

Але гэтая самая памяць не дазволіць «зрабіцца нармальным».

Последнее в рубрике