Віктар Марціновіч: Любоў і Зло
23.09.2020
Віктар Марціновіч для budzma.by.

Віктар Марціновіч: Любоў і Зло

Пра сутнасць Дабра і Зла і іх супрацьстаянне ў сучаснай Беларусі.

За апошні месяц мы настолькі прызвычаіліся да міжнароднай увагі да нашай краіны, у якой «ніколі нічога не адбывалася», што амаль развучыліся думаць. Чым больш адбываецца на вуліцах, чым больш паведамленняў у хвіліну выдаюць ТГ-каналы, тым менш прасторы для аналізу. Тэза пра «выключнасць» беларускіх пратэстаў зрабілася агульным месцам, мы самі з цяжкасцю маглі б сфармуляваць, у чым спецыфіка таго, што мы назіраем.

Нашых рэакцый і нашых учынкаў?

Разам з тым, беларускія падзеі маюць усе шансы ўвайсці ў гісторыю не толькі Усходняй Еўропы, але і сусвету як нешта выключнае.

Калі ў вас ёсць сябры-замежнікі, якім варта коратка патлумачыць спецыфіку нашай «вулічнай не-вайны», перакладзіце ім гэты тэкст.

Летам гэтага года, да таго як усё пачалося, я сядзеў ля вогнішча пры возеры з адным старым Прафесарам, значна мудрэйшым за мяне. Ціш ночы парушалася толькі далёкім лебядзіным курлыканнем і трэскам агню, які з апетытам хрумкаў дровы.

І раптам Прафесар вырашыў загаварыць пра Зло.

— Я быў малады, і мой начальнік мяне паказальна прасаваў. Ён рабіў мне да халеры дробных подласцяў, а я трываў моўчкі. І вось аднойчы на паседжанні кафедры я вырашыў даць яму бой. Калі сабраліся ўсе калегі, я зрабіў, як мне тады падавалася, Учынак. І выклаў яму проста ў твар усё, што думаў пра яго і ягоныя метады. Я ганарыўся сабой. Мне падавалася, вось яна, Храбрасць! Смеласць! Во я герой!!! Хвілін 10 мне падавалася, што я яго маральна перамог.

— І што адбылося далей? — запытаўся я.

— Ён пачаў майстравіта зводзіць мяне са свету. Помсціць. І ператварыў маё жыццё ў пекла. І тады я паехаў на рэтрыт, я ўжо тады цікавіўся духоўнымі практыкамі. І там пагаварыў з мудрэйшым Настаўнікам, расказаў пра свой учынак і спытаўся, што зрабіў не так.

Стары Прафесар задумаўся і падкінуў яшчэ галля ў цяпельца.

— І ведаеш, што зрабіў Настаўнік, выслухаўшы мяне? Ён засмяяўся! А калі скончыў смяяцца, спытаў: «А чаго, уласна, ты чакаў? Ты адказаў на крыўду крыўдаваннем. Таго, хто мацнейшы за цябе. Ты думаў, яму зробіцца сорамна? І ён адліпне ад цябе? Дзівак!»

І тут Прафесар раптам узрушыўся і пачаў казаць вельмі хутка.

— Настаўнік сказаў: «Адзіная зброя для змагання са Злом у чалавеку — Дабро. Адзінае, што можа змяніць таго, што яшчэ не безнадзейны, — твая любоў. Пра гэта кажуць усе рэлігіі свету, не толькі хрысціянства ці будызм. І калі ты хацеў спыніць здзекі, трэба было карыстацца Дабром — адшукаць яго ў сябе і прымяняць. Бо адна з адметнасцяў Дабра — у тым, што яно абяззбройвае Зло. Вымушае яго ніякавець і змяняцца.

А цяпер вернемся да нашай сітуацыі.

Пасля 26 гадоў лютага прэсінгу беларусы нарэшце масава выйшлі на вуліцу.

За каго яны выйшлі?

Кандыдаты, якія ўзрушылі беларусаў, паказальна, падкрэслена нікому не пагражалі. Я памятаю тое інтэрв’ю, у якім Бабарыку папрасілі сфармуляваць пытанне для дзейнага прэзідэнта. І, падумаўшы, той сказаў, што не разумее, ці ёсць у свеце істота, якую ён любіць. Заўважым, Бабарыка пытаўся не пра гвалт, не пра знікненні, не пра карупцыю, як шмат хто раней.

А пра любоў.

Калеснікава, якая ўвесь час казала выключна пра неверагоднасць суайчыннікаў і фатаграфавалася, паказваючы знак сэрца рукамі.

І ў гэта цяжка паверыць.

Але так было.

Нават цяпер, пасля таго, што адбылося, штабы працягваюць абяцаць недатыкальнасць Лукашэнку.

А што ж другі бок?

У адказ на «праграму любві» ўсіх вылучэнцаў масава змясцілі ў астрог. Сядзіць нават сын Бабарыкі, хаця дзяцей не чапалі нават бандыты ў 90-х. Па пратэстантах стралялі гумовымі кулямі, кідалі ў іх святлошумавыя гранаты. Ёсць загінулыя.

Што зрабілі людзі? Яны пачалі дарыць жаўнерам — патэнцыйным нападнікам — кветкі. І абдымацца з імі.

І я не памятаю ў гісторыі ні такіх дзеянняў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў, якія баранілі кандыдатаў, якія заклікалі да прымірэння, ні такой адваротнай рэакцыі.

Разумееце, нават калі б гэтыя пратэсты ўзначальваў сам Гандзі, ён бы не прыдумаў больш годных паводзінаў. Прыгадайма хаця б той стрэл у журналістку «Нашай Нівы».

І тое, колькі часу яна правяла ў шпіталі.

І што той, хто страляў, дагэтуль не знойдзены.

І калі прыбраць падзуджванне людзей, якія проста не ўдзельнічаюць у падзеях, я бачу, што Дабро застаецца Дабром, а Зло пастаўленае перад найцяжэйшым выбарам.

Бо глядзіце, мне цяжка ўявіць сабе любога сусветнага лідара, нават з ліку самых лютых і харызматычных (Трамп, Пуцін, Орбан, Эрдаган), які б не пачаў трансфармавацца пад такім ціскам любові. Гэта #BlackLivesMatter, якія цалкам пазбаўлены класавай нянавісці. Гэта #GiletsJaunes, падчас якіх пратэстоўцамі не пабітае ніводнае шкло ў краме.

І тым не менш — блізу 12 тысяч затрыманых.

І тым не менш — усё тое, што мы чытаем і чуем цяпер пра катаванні і гвалт.

Я не ведаю, як чалавек, які працягвае нацягваць балаклаву, сам сабе можа патлумачыць неабходнасць ужывання дручка ці распылення газу. Усе гэтыя гады сістэма рэагавала на выклікі, падмяняючы карціну рэальнасці ўласным бачаннем. Старанна зафарбоўваючы Белае Чорным. 

І гэта чамусь працавала, мільёны верылі.

Але цяпер тое, што кажа прапаганда, усё цяжэй нацягнуць на сваю галаву. Бо вокам бачна, што абураных людзей вельмі шмат; што яны не агрэсіўныя; што польская дэфензіва тут ні пры чым.

Я ўпэўнены, што цяпер тыя, хто «сыходзіць з Амеласа» (гл. аднайменную аповесць Урсулы Ле Гуін), кіруюцца не страхам дэанону. Што на іх проста ўздзейнічае тая сіла, пра якую Настаўнік расказаў у размове з Прафесарам.

І ў гэтым сэнсе мы ўжо перамаглі.

Бо перамогі Дабра ніколі не бываюць гучнымі. Дабро не захоплівае, не страляе, не ўтварае імперыяў. Яно проста змяняе людзей — тых шматлікіх, якія на тую змену здольныя.

Усе астатнія, закаснелыя, безнадзейныя, хай застаюцца пры сваім.

Последнее в рубрике