Віктар Марціновіч: Я не пазнаю Беларусь
23.07.2020
Budzma.by, фото:  twitter.com/viktar_babaryka

Віктар Марціновіч: Я не пазнаю Беларусь

Віктар Марціновіч аналізуе сітуацыю, у якой аказалася беларускае грамадства летам 2020 года.

Краіна, утыканая камерамі відэаназірання, нібы дзедаў гародчык — пудзіламі, цяпер уся размаляваная графіці «3%». Даўным-даўно, калі столькі камераў яшчэ не было на нашых вуліцах, а лічба «3%» нічога не значыла, «ЗУБРоўцаў» вылічвалі і саджалі за адзінкавы надпіс «Свабоду Марынічу!» (параўнайце «зараджанасць» таго надпісу з тэзай, што стаіць за графіці «3%»).

І самае галоўнае — ЖЭСаўцы, якія раней кідаліся на любы занюханы «ШОС» і засупрэмлівалі яго цягам сутак з моманту з’яўлення, цяпер быццам проста глядзяць, не спяшаюцца брацца за пэндзлі. І мне гэта неяк цяжка зразумець. Хіба тыя баявыя зафарбоўшчыкі з камунальнай гаспадаркі адчулі, што раней гаражы распісвалі «ЗУБРоўцы», «хартыйцы», «БНФаўцы», а цяпер за той накрэмзанай лічбай можа стаяць сусед па пад’ездзе?

Шараговыя сустрэчы з выбаршчыкамі на Бангалоры збіраюць натоўпы, якіх не ведаў не толькі фармат шараговых сустрэч з выбаршчыкамі, але і сам парк Дружбы народаў.

Аднак самая галоўная змена — больш тонкая і тычыцца хутчэй не падзей, а рэакцыі людзей на тыя падзеі.

Ведаеце, да 2020 года любы добры ўчынак, асабліва ў палітыцы, выклікаў не хвалю шанавання, а срач.

Ну, вось, напрыклад, Някляеў, знаны беларускі паэт, жывы класік, асоба з бясспрэчнай рэпутацыяй, кідае выклік уладзе ў 2010 годзе. І замест «дзякуй» чуе «прадаўся Крамлю».

Нехта шпурляе ў масавую свядомасць дэзу пра тое, што Някляева фінансуе Суркоў, і грамада, замест таго каб памятаць, што Някляеў — «свой», (а тыя, хто намагаецца яго дыскрэдытаваць — не), пачынае зацята рубіцца, ці здрадзіў Някляеў Беларусі. Калі ў 2001-м апазіцыя абірае паміж Домашам і Ганчарыкам, усе, хто сочыць за гэтым, лаюцца адно з адным. І гэта такая наша традыцыя.

Калі хочаш, каб людзі перасварыліся, кінь у калектыўны розум любую «срачаздольную» костку і глядзі, як сабакі ірвуць адзін аднаму жываты.

Тое, што ў Беларусі нешта моцна змянілася, стала зразумела, калі не спрацаваў старанна выпечаны «відосік» з Цапкалам. Нехта моцна запарыўся, каб гэта ўсё зрэжысаваць і зняць, разлік быў на тое, што зараз усю краіну перасмыкне ў спрэчках пра маральны партрэт стваральніка ПВТ. Але на бруд не павяліся нават «твітарскія», у адказ загучалі вельмі непрыемныя аргументы пра маральны партрэт тых, хто такія «відосікі» замаўляе, і, карацей, задума правалілася.

А на мінулым тыдні штабы трох альтэрнатыўных кандыдатаў без асаблівых высілкаў аб’ядналіся. Фотаздымак, які замацаваў аб’яднанне, — добрая ікона лета-2020 для гісторыі.

Так, можна сказаць, што ўлада добра «падыграла» гэтаму з’яднанню, зарэгістраваўшы кандыдатам толькі аднаго з трох прэтэндэнтаў, а двух асноўных сапернікаў закрыўшы ў астрозе (раней яе рашэнні былі больш разлічанымі на срач — рэгістраваць усіх і глядзець, як бедакі рубяцца за рэсурсы і выбаршчыка).

Але, як паказваюць шмат якія дзеянні апазіцыі ў канцы дзевяностых, нават губляючы амаль усё, можна не з’ядноўвацца, а працягваць сварыцца (каму цікава, прачытайце пра гісторыю расколу БНФ). І тут мы бачым відавочна іншую, здольную на супольныя дзеянні на карысць справы Беларусь.

І гэта толькі пачатак дзівосаў.

Раней прыкметай «розуму» чалавека ў ФБ была здольнасць разнесці ў труху чужы годны ўчынак.

Напрыклад, калі нехта з былых нейтральных робіць гучную заяву супраць сістэмы, разумнік мусіць пачаць кукарэкаць: «А дзе яны раней былі?», «А чаму толькі цяпер?». Хаця лагічным было б памятаць, што гэтая асоба цяпер «з намі», а таму яе трэба не цкаваць, а падбадзёрваць.

І так, зразумела, што ў выпадку Беларусі ніякіх «з намі» няма, бо ў нас грамадства невялікіх груп, у якім раз’ядноўваць прасцей, чым знітаваць вакол якой заўгодна ідэі. Але любая перамога дасягальная выключна з’яднаннем, то захаванне такой манеры разумнікаў, якая ўхвалялася лайкамі, ні да чога добрага не вяло.

І тут рэальнасць і норавы беларускіх сацыяльных медыяў як падмянілі.

Я бачу, што любы крытычны закід у Твітары ці ФБ блакуецца ў першых жа каментах. Хтосьці надумаў «вывесці на чыстую ваду» Пракоп’ева, хтось — паздзекавацца з інтанацый «хатняй гаспадыні» Ціханоўскай у выступе на БТ. Такіх каментараў не залайкваюць, як раней, а вельмі хутка ставяць на месца: «Не падабаецца — паспрабуй лепей», «Не да часу зубаскаліш» і г. д.

А тыя спецыялісты, што пад’юджваюць крытыкаваць, пагублялі ўсе свае аргументы, былыя тэзы робяцца слабымі ў новай сітуацыі. Ну, кшталту адвечны беларускі срач пра «грантасосаў»: якія гранты, калі ў прэзідэнты пайшоў банкір з асабістым капіталам, якога хапіла б на тры кампаніі?

Беларусы сапраўды моцна пасталелі, іхныя паводзіны робяцца падобнымі на паводзіны грамадства, а не сельскай шоблы.

Акрамя бачных воку ў гэтым ёсць як мінімум дзве глыбінныя прычыны, пра якія я распавяду ў сваіх наступных тэкстах.

Последнее в рубрике