Віктар Марціновіч: Belarus is going global
06.07.2021

Віктар Марціновіч: Belarus is going global

Пра цяперашнюю хвалю эміграцыі і яе магчымыя перспектывы ў замежжы.

Разважае пісьменнік Віктар Марціновіч на budzma.by.

Вы калі-небудзь задумваліся, колькі ў вас Беларусі? Ці колькі у Беларусі — вас?

Ці моцна пацярпіць Радзіма, калі вы з’едзеце?

Ці выйграе, калі вы вернецеся?

Дурню зразумела, што проста цяпер мы бачым найбуйнейшую хвалю эміграцыі з нашай зямлі ад часоў паўстанняў Касцюшкі і Каліноўскага. Адрозненне ў тым, што тады не было такой краіны — Беларусь. Людзі беглі ў Парыж ці Санцьяга дэ Чылі з месцаў, якія самі называлі Польшчай. Цяпер жа бягуць беларусы і з Беларусі. Беларусь зрабілася ці не самым згадваным месцам ў замежных медыях на ўсёй постсавецкай прасторы.

Галоўнае ж — і гэта вяртае нас да пытання, з якога пачынаўся гэты допіс, — бягуць самыя актыўныя. Самыя абазнаныя. Самыя свядомыя.

Бог, як вядома, няроўна дзеліць. Розніца паміж чалавекам, здольным напісаць гімн, які калі-небудзь стане афіцыйным, і тым, хто такі гімн спявае, — агромністая. І колькасць паэтаў, тэатралаў, мастакоў, рэжысёраў, якія з’ехалі, мусіла б насцярожваць.

Але я сеў за гэты тэкст не для таго, каб сапсаваць вам настрой. Наадварот, мая мэта — заахвоціць.

Глядзіце, куды б у свеце вы ні прыехалі, вы заўсёды знойдзеце недзе побач ірландскі бар — і, нават не заходзячы ў яго, будзеце ведаць, што такое ірландскі бар, з дубовай стойкай, драўлянымі панэлямі, зялёнымі скуранымі фатэлямі, з Guiness у пляшках і Clannad з дынамікаў. Прычына, з якой любы гарадскі жыхар любой мясціны на свеце ведае, што такое ірландскі пастуховы пірог, палягае ў тым, што некалі з Ірландыі была такая ж хваля эміграцыі, якая ідзе цяпер з Беларусі. Там таксама людзі глынулі гора — пачытайце пра брытанскі каланіялізм і пра барацьбу ірландцаў за вызваленне.

Вынік — усе ведаюць цяпер, што такое Ірландыя.

Куды б, у які горад у свеце вы ні паехалі, вы заўсёды знойдзеце ў ім прыстойны армянскі рэстаран. Дзе будуць частаваць «Араратам», салодкім (занадта салодкім, як на мой густ!) сухім армянскім віном, гатаваць востры таматны суп, частаваць лахмаджо і хачапуры.

І гэта, зноў жа, абумоўлена тым, што некалі лютавалі асманы, была вялікая дэпартацыя і падзеі 1915–1923 гадоў, якія маюць назву «генацыд армян». Генацыд выклікаў масавую эміграцыю, а ў эміграцыі армяне засталіся армянамі і расказалі ўсяму свету пра сваю краіну, сваю музыку, сваю кухню і свой смутак па страчанай гары Арарат.

Масавая эміграцыя італьянцаў у ЗША прывяла да таго, што ўвесь свет сёння ведае, што такое піца «Маргарыта»; масавы ад’езд яўрэяў з СССР прывёў да з’яўлення Брайтан-Біч і таго, што нікому за межамі Расіі не варта тлумачыць, што такое matrioshka.

Нешта такое будзе і з цяперашняй хваляй ад’ездаў беларусаў з Беларусі.

Я не маю ніякіх ілюзіяў і ўсведамляю, што хутка гэта ўсё не нармалізуецца. То тыя, хто з’ехаў, застануцца за мяжой. Але паколькі, паўтаруся, з’ехалі самыя актыўныя, у мяне няма ніякіх сумневаў у тым, што Беларусь will go global.

Што беларускія музыкі раскажуць іншаземцам пра хараство матчыных спеваў. Што паэты зачаруюць іх мілагучнасцю нашай мовы. Што кухары змусяць увесь свет замаўляць matchanka s blincami і куляць пад яе стопку krambambulia.

То ці варта нам смуткаваць, сябры? Нашая культура — культура ў шырокім разуменні гэтага слова — будзе жыць даўжэй за нас. Той след, які мы пакідаем у мове, у музыцы, у гісторыі, не знікне, пакуль не памрэ апошні суайчыннік, што мае імпэт да беларускага свету. Дык давайце ўспрымаць тое, што адбываецца, не як чорныя часы для нашай мовы, нашых песняў і нашых сімвалаў.

А як выхад нашых акцый на IPO.

Сусветныя медыі, што перагрэлі інфармацыйны парадак дня навінамі пра тое, што тут дзеялася і яшчэ дзеецца, зрабілі фантастычную рэкламу будучым культурніцкім ініцыятывам замежжа. І калі б я быў свядомым, абазнаным у навінах і глабальных праблемах французам ці канадцам і праставаў па вуліцы, на якой ёсць рэстарацыя тыбецкай кухні і рэстарацыя беларускай кухні, цяпер я б відавочна аддаваў перавагу не тыбецкім momo, а беларускім draniki.

У часы, роўныя нашым, кожны сам робіць свой выбар. А зрабіўшы, ні ў якім разе не падвучае іншых, бо ў кожнага з нас свая біяграфія. Але тыя, што з’ехалі, таксама застануцца беларусамі. І нашыя межы, такім чынам, разнасцежваюцца на ўвесь свет. Дык ці варта смуткаваць, сябры?

Ці варта смуткаваць?

Последнее в рубрике