Віктар Марціновіч: Адкуль бярэцца гэтая паніка
01.04.2020

Віктар Марціновіч: Адкуль бярэцца гэтая паніка

Чаму ў нашай краіне людзі не вераць у афіцыйную статыстыку хворых на каранавірус.

Парадокс: з самага пачатку барацьбы з вірусам, з першых зафіксаваных выпадкаў, Беларусь заяўляла, што паніка страшнейшая і разбуральнейшая за эпідэмію. І вось, усведамляючы гэта, праз шэраг відавочна памылковых крокаў нас прывялі да сітуацыі, калі паніка ў Беларусі зрабілася ці не найшырэйшай за ўсе суседнія краіны. Плёткі пра ачэпленыя АМАПам шпіталі ў Віцебску, памылковая інфармацыя пра перакрытыя ўезды і выезды з абласных цэнтраў — усё тое, што правяраецца за 10 хвілін — дагэтуль кіпіць і віруе ў сацыяльных сетках. Каранавірус ад учора, калі буйныя медыя пачалі пісаць пра невытлумачальныя выпадкі па ўсёй краіне, у тым ліку ў невялічкіх гарадках, зрабіўся асноўнай тэмай грамадскай істэрыі.

Адказныя асобы з міністэрстваў і выканкамаў праз стрэс, здаецца, цалкам страцілі разуменне законаў, па якіх жыве грамадская думка; законаў, па якіх людзі пачынаюць баяцца і страчваюць страх.

Дык вось вам караценькі пералік чыннікаў, што падвялі нас да перапуду:

1. Сітуацыя. Неадпаведнасць захадаў, якія робяцца ў Беларусі, таму, што робіцца ў краінах-суседках. Гэта стварае адчуванне, што медыцынай кіруюць летуценнікі, якіх трэба ізаляваць ад прыняцця рашэнняў.

Як вырашыць. Трэба патлумачыць, чаму абраная адмова ад локдаўну. Прычым патлумачыць не на мове эканомікі (мы не можам гэтага сабе дазволіць, грошай у бюджэце няма, людзі мусяць працаваць да апошняга), а на мове медыцыны. Трэба простымі словамі давесці, якія матэматычныя мадэлі ўзятыя за аснову. Згадкі пра геніяльных беларускіх айцішнікаў, якія выбудавалі «сапраўдны алгарытм» распаўсюду, ці перададзены кітайцамі антыдот, ці тое, што Косінец вось-вось вынайдзе планетарныя лекі, усё тое, пра што звягаюць на форумах тролі на заробках, — дурата. Змагацца плёткамі з плёткамі няплённа.

2. Сітуацыя. Усе краіны, якія дагэтуль адмаўляліся ад каранціну, вымушаныя былі ўвесці абмежаванні, прычым з вельмі невыгоднымі лічбамі захварэлых. Турцыя яшчэ ў пачатку сакавіка верыла, што «туркі вірусу не падлягаюць», там правыя блюзнерылі нават пра асаблівы «геном», які іх беражэ. Шведы дэманстратыўна рабілі стаўку на стратэгію «хай перахварэе кожны». Паглядзіце апошнія навіны з гэтых краін і адчуйце, пра што я кажу: у Швецыі ўведзены турэмны тэрмін (6 мес.) за непадпарадкаванне сацыяльнай ізаляцыі. Турцыя ад 28 сакавіка закрыла злучэнне паміж гарадамі па чыгунцы, яшчэ раней — прычыніла неба. Гэта робіць Беларусь сапраўды адзінай у свеце і патрабуе дадатковых абгрунтаванняў нашай унікальнасці. Спасылкі адказных асобаў на нашую звышэфектыўную яшчэ з савецкіх часоў эпідэміялогію ці прыўкрасны стан беларускай медыцыны не канаюць, бо любы дарослы беларус, які сутыкаўся з беларускай медыцынай хаця б на ўзроўні наведвання сваякоў у бальніцы, выдатна разумее, што ў Нямеччыне медыцына нашмат лепшая.

Як вырашыць. Тэрмінова адмаўляцца ад мовы «COVID-дысідэнтаў», дзівакоў, якія лічаць, што вірус — вынік змовы масонаў з фармакалагічнай індустрыі. Бо адчуванне, што Беларусь чамусьці ў тую змову не ўзялі, і яна ў адказ не будзе ратаваць сваіх жыхароў. Апошнім часам на афіцыйным узроўні гаворыцца такое, быццам нехта зняў выпуск «Унутры Лапенкі» пра каранавірус з высокім беларускім чынавенствам у ролі Лапенкі. Гаворачымі галовамі на ТБ мусяць быць дактары, а не святары ці блогеры. Людзі працягваюць давяраць дактарам, хай яны абгрунтоўваюць тое, што робіцца з эпідэміяй. Ну і выпадак з АНТ і содай — з ліку тых, што будуць успамінаць і праз 5 гадоў.

3. Сітуацыя. Ніхто не верыць у афіцыйную статыстыку па захварэлых. Я не ведаю ніводнага чалавека за межамі сістэмы, які не зыходзіў бы з таго, што дыягназы перапісваюцца, што цяжкія формы падганяюцца пад пнеўманіі і ВРВІ, што тэстаў не робіцца.

Як вырашыць. Вярнуцца да стратэгіі простага паведамлення колькасці захварэлых. Тэрмінова адмовіцца ад стратэгіі паведамленняў рэбусаў, з якіх нічога не зразумела (афіцыйна: «За минувшие сутки госпитализировано 110 человек, выписано 144 человека, в том числе те, которые имели контакты с носителями инфекции»). Памятаць, што адзін пацыент, якому адмовілі ў аналізе на каранавірус, — гэта дзесяць ананімных паведамленняў у сацыяльных сетках пра тое, што тэстаў на каранавірус у Беларусі не праводзіцца.

Галоўнае, што трэба тэрмінова вярнуць у Беларусь, — адчуванне, што кіраўніцтва адэкватна ўсведамляе небяспекі віруса і адэкватна, не прымяншаючы пагрозаў, гатовае змагацца з наступствамі. Годзе балагурыць, годзе смяшыць нас вірусам — нам, па-першае, не смешна, па-другое — яшчэ страшней, бо мы думаем, што вы з’ехалі з глузду.

Реалити-шоу «Коронавирус»: первые итоги

Последнее в рубрике