Віктар Марціновіч: А што б рабілі Быкаў з Адамовічам?
09.04.2020
budzma.by, фото: Наша ніва

Віктар Марціновіч: А што б рабілі Быкаў з Адамовічам?

Віктар Марціновіч піша на budzma. by пра нязменную сутнасць сістэмы, у якой з савецкіх часоў заўжды ўсё нібыта «нармальна».

Пасля з’яўлення першага ж майго допісу на «Будзьме» пра слабае рэагаванне на каранавірус, які ў Беларусі 4 тыдні таму лічыўся не больш чым «панікай», аднекуль з’явіўся мільён фб-дарадцаў. Яны пачалі наракаць, што не варта мне кранаць гэтую тэму, што пісьменнік мусіць пісаць пра літаратуру, прыметнікі і праўду герояў «Міколкі-паравоза». І, як вы разумееце, фб-профілі, з якіх пісалі каменты і ў прыват гэтыя людзі, аказваліся вельмі спецыфічнымі. Фотачкі спінай да камеры ці сілуэтам на фоне сонца, «self-employed» у якасці месца працы (нягледзячы на тое, што ў дыскусіях яны прадстаўляліся дактарамі), бясконцыя рэпосты замест кантэнту.

Я не змарную больш ніводнага сказу для апісання тых, каго вы і так добра ведаеце.

Гэтых дарадцаў не відаць, калі я пішу пра выбары. Пра праймерыз. Пра курс рубля. Пра інтэграцыю. А тут — павыскоквалі. З чаго вынікае шмат чаго цікавага.

Але выкажуся па сутнасці.

Серыяла «Чарнобыль» на HBO, паняцця «ліквідатар» і нават кнігі Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва» магло б не быць, калі б у свой час два беларускія літаратары, Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, не звярнулі на Чарнобыль грамадскай увагі. Калі б яны не саскочылі з п’едэсталаў уласнай славы («Ідзі і глядзі» паводле Адамовіча быў зняты ў 1985-м і даў пісьменніку ўсесаюзную вядомасць, Быкаў жа ў 1986 годзе быў абсалютнай іконай, аўтарам «Знаку бяды», адзначанага Ленінскай прэміяй) і не пачалі пісаць у Маскву і (што нашмат больш прынцыпова!) у буйныя савецкія газеты, даваць інтэрв’ю і крытыкаваць легкадумнасць мясцовых уладаў.

Абодва шмат што страцілі праз уласную прынцыповасць, перш за ўсё — рэпутацыйна, напрыклад, у чэрвені 1986-га часопіс «Палітычны суразмоўца» (быў такі часопіс) называў Быкава і Адамовіча найстрашнейшымі ворагамі Перабудовы — і Адамовіч быў вымушаны з’ехаць у Маскву, бо на радзіме працы для яго не засталося.

Але мне гэтыя два дзядзькі нашмат бліжэйшыя за кіраўніцтва афіцыйных Саюзаў, за «лідараў грамадскай думкі» і «іконаў стылю», якія займаліся ў гэты час ціхенькім добраўпарадкаваннем уласных лецішчаў і маўчалі ў анучку.

Калі навокал пачынае адбываецца абы-што, ніхто ж не тэлефануе твайму сумленню.

Ніхто не спытае ў твайго сэрца: а што ты можаш зрабіць? Ці не варта табе папярэдзіць хаця б тых людзей, якія цябе чытаюць і паважаюць? Усе рашэнні даводзіцца прымаць у абстаноўцы трывожнай цішыні. І гэта, дарэчы, тычыцца не толькі лідараў думкі, але і звычайных дактароў, якія могуць папярэдзіць, а могуць маўчаць у анучку, працаваць і думаць, што іхная роля ў тым, каб ратаваць моўчкі.

Задумайцеся, дарэчы, ці было б учарашняе найвышэйшае распараджэнне што да медыцынскіх масак, з якімі, як высветлілася, у краіне ўсё ж ёсць нюансы, калі б не прыкрая праўда той віцебскай лекаркі, якую за яе праўду выклікалі ў пракуратуру?

Сутнасць сістэмы — ці то савецкай, ці то беларускай — палягае ў тым, што ў ёй заўсёды ўсё нармальна. Стабільна. Сродкі абароны ёсць, вірус — гэта паніка, ідзіце працуйце, бо жэрці не будзе чаго. Той факт, што дзяржава мусіла б баяцца таксама сітуацыі, калі жэрці не будзе каму, не бярэцца да разгляду.

І ўсё як тады — зноўку партыя вышэйшая за ўсё і ўсіх.

Чынавенства тут гістарычна баіцца смерці менш, чым начальства.

Мы бачым сітуацыю, калі ўсе глядзяць наверх, нават тыя, хто «верху» мусіць радзіць. З усіх сіл намагаюцца адпавядаць «генеральнай лініі». Няма — значыць няма. Паніка — значыць паніка. Вось, алкаголю прыміце ў пераліку на 40-50 грам чыстага спірту. Ай не, тое было жартам. Гарэлкі не піце, бо вірус шукае тых, хто ўчора піў, сёння курыць.

І так, я магу падхапіць расчараванае: «Дык а дзе ўсе падзеліся»? Дзе нашыя сучасныя Быкавы і Адамовічы? На лецішчах? Пахаваліся? Чытаюць «Міколку-паравоза»? Чаму нікога абсалютна не чутно — вось добра, каталіцкі біскуп асцярожна выказаўся, а дзе ўсе астатнія? Дзе лаўрэаты? Дзе зоркі, сука, эстрады? Дзе інтэлектуалы? Чаму нікога не чутно? Рэч у тых самых тролях з патыліцамі замест твараў? У іх парадах у прываце? Ці будзем мычаць пра тое, што «мы ж не спецыялісты», «маштабы перабольшаныя, пасля Вялікадня ўсё пойдзе на спад»?

Ці, можа, усё яшчэ трагічней?

І нікога не цікавіць, што там скажуць сучасныя Быкаў і Адамовіч. Бо хто яны такія? Што зрабілі? Хіба маюць мільён у далярах? А калі не — чаму буйныя парталы мусяць цікавіцца іх меркаваннем?

Заўважце, калі навокал усе маўчаць, мы вырачаныя мець толькі аднаго прамоўцу. Мы будзем смяяцца з яго, мы будзем кпіць з яго. Мы будзем злавацца. Але нікога іншага — як і ў палітыцы, дарэчы — няма.

Усе астатнія — «не спецыялісты».

Віктар Марціновіч: Адкуль бярэцца гэтая паніка

Последнее в рубрике