Ультыматум Пуціна
20.12.2019
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Ультыматум Пуціна

На сваёй прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Расеі як ніколі ясна і недвухсэнсоўна выклаў сваю пазыцыю наконт паглыбленьня інтэграцыі зь Беларусьсю.

Сэнсацыйныя тут былі хіба толькі гэтая яснасьць і недвухсэнсоўнасьць зь яго вуснаў. Насамрэч дакладна тое самае гавораць ужо год усе высокія расейскія чыноўнікі, пачынаючы з заявы прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева 13 сьнежня летась.

Тую заяву ў друку ахрысьцілі ўльтыматумам Мядзьведзева. Цяпер прэзыдэнт Расеі паказаў, што ўльтыматум насамрэч яго, а зусім не Мядзьведзева.

Пуцін паказаў, што няма нават гульні ў «добрага» і «злога» сьледчых. Калі карыстацца гэтай мэтафарай, то Пуцін на працягу ўсяго году быў проста маўклівым сьледчым, за яго гаварылі расейскія чыноўнікі іншага рангу.

Гэтую насамрэч адзіную расейскую пазыцыю трапна сфармуляваў нядаўна Віталь Цыганкоў: Калі Беларусь хоча цэны на газ, як у Смаленскай вобласьці, то хай і робіцца Смаленскай вобласьцю.

Пуцін сёньня амаль літаральна гэтак і сказаў. Палітычна можа і не, але эканамічна — менавіта так.

Але, як і летась Мядзьведзеў, Пуцін сфармуляваў сваю пазыцыю як прапанаваны выбар, як ростані.

Ці ў сэнсе эканомікі (прынамсі, у гэтай сфэры) Беларусь робіцца Смаленскай вобласьцю ці...

Альтэрнатыву расейскі прэзыдэнт не абмаляваў, але можна здагадацца — дабротаў па мінімуму.

Тады і пра газ па цане Смаленшчыны, і пра кампэнсацыю падатковага манэўру Беларусі давядзецца забыць. І гэта гаворыць не Мядзьведзеў, не страшны Бабіч, ні злыя Сілуанаў і Арэшкін. Гэта гаворыць Пуцін, іх усіх начальнік.

«Калі ёсьць палітычная воля і жаданьне з абодвух бакоў»

У заявах Пуціна цікавае ня толькі недвухсэнсоўнае выкладаньне непахіснай пазыцыі, але і канстатацыя цяперашняга стану перамоваў пра паглыбленьне інтэграцыі:

«Гэта велізарная праца, і яна можа быць праведзеная толькі ў тым выпадку, калі ёсьць палітычная воля і жаданьне з абодвух бакоў. У нас такое жаданьне ёсьць».

Калі пра паглыбленьне інтэграцыі гаворыцца ў будучым часе, калі ўмовай яе называецца жаданьне абодвух бакоў, калі пры гэтым адзначаецца, што ў Масквы такое жаданьне ёсьць — выснова напрошваецца. Значыць, у афіцыйнага Менску такога жаданьня няма, няма жаданьня рабіцца Смаленшчынай хоць бы і эканамічна.

«Мы абмяркоўваем з нашымі беларускімі партнэрамі гэта, рухаемся наперад у значнай ступені, — працягваў Пуцін. — Але на што мы зможам выйсьці, пакуль незразумела».

І гэта гаворыцца за дзень да чарговага раўнду яго перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, за дзень да восьмай сустрэчы двух лідэраў сёлета. Калі за дзень да «лёсавызначальнай» сустрэчы гаворыцца, што з пэрспэктывамі «пакуль незразумела» — практычна выключана, што заўтра раптам стане зразумела.

Бессаюзная Расея

Цікава, што кіраўнік Расеі апісваў сытуацыю так, нібыта размова ідзе аб стасунках з краінай, зь якой Расея ня мае ніякіх асаблівых адносінаў, акрамя хіба сантымэнтаў.

Ёсьць сувэрэнная, самадастатковая Расея зь яе багацьцямі, на якія квапяцца нейкія чужакі. Чаму Расея мусіць зь імі дзяліцца?

Не, пра саюзную дзяржаву Пуцін казаў, але, фактычна, як пра ідэал. І пра Эўразійскі саюз прыгадаў, сказаўшы нават, што ён у нечым больш шчыльны, чым існая саюзная дзяржава.

Але тое, што гэтыя саюзы накладаюць на Расею нейкія абавязаньні — гэта не разумелася нават у падтэксьце. Расея проста такая добрая, вось прадае Беларусі газ таньней за ўсе іншыя замежныя дзяржавы.

Між тым аргумэнтацыя беларускага боку грунтуецца якраз на тым, што ў Расеі ёсьць абавязаньні ў межах саюзаў, якія яна прапаноўвала і ініцыявала. Беларускі бок апэлюе да пунктаў саюзных дамоваў пра роўнасьць умоваў гаспадараньня.

Тут нельга сказаць, што расейцам на гэта няма чаго адказаць. У дыскусіях на ўзроўні ўрадаў, ды і паміж Лукашэнкам і Пуціным за зачыненымі дзьвярыма, гаворыцца, што ў дамове пра саюзную дзяржаву ёсьць ня толькі роўнасьць умоваў, але і шмат розных гарманізацыяў і наднацыянальных інстытутаў. Няма інстытутаў — няма і роўнасьці ўмоваў — кажуць расейцы.

Што да ЭАЭС, то ў ім пераход да свабоднага рынку газу і нафты прадугледжаны толькі ў 2024 годзе.

Але сёньня, для народу, Пуцін нават паленаваўся прыводзіць гэтыя аргумэнты. Ёсьць сувэрэнная Расея і беларусы, якія лезуць да яе са сваімі недарэчнымі патрабаваньнямі.

Толькі пасьля вас — што спачатку, а што потым?

У плашчыні юрыдычнага дужаньня спрэчка зводзіцца да высьвятленьня, што павінна быць спачатку — роўныя ўмовы ці паглыбленьне інтэграцыі. Напачатку роўныя ўмовы — кажа Менск.

«Забягаць наперад і пачынаць датаваць для Беларусі тое, што мы цяпер не гатовыя рабіць, ва ўмовах недавырашанасьці пытаньня саюзнага будаўніцтва, было б з нашага боку памылковым», — адказвае Пуцін на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі.

У зусім іншых варунках, зь іншай ступеньню канфліктнасьці, але ў нечым падобна на спрэчку паміж Масквой і Кіевам наконт урэгуляваньня ў Данбасе. Спачатку ўкраінскі кантроль над мяжой, і толькі потым выбары — кажа Кіеў. Не, спачатку выбары, а ўжо потым перадача вам кантролю над мяжой — адказвае Масква.

І па коле. Ва Ўкраіне ўсё больш людзей мяркуюць, што выйсьце з гэтага пату — разьмежаваньне з сэпаратысцкімі тэрыторыямі.

Паўтаруся, што гэта толькі аналёгія, а не тоеснасьць. Але выглядае, што і ў беларуска-расейскіх адносінах «сэрца супакоіцца» на «нулявым» варыянце. Беларусь ня стане ў эканамічным сэнсе Смаленшчынай, Расея ня дасьць Беларусі ня толькі таго, што дае Смаленшчыне, але ня дасьць і сёе-тое з таго, што давала сувэрэннаму саюзьніку.

Последнее в рубрике