
Уладзімір Арлоў: «Не выключаю ўвядзеньня надзвычайнага становішча»
Вядомы беларускі пісьменьнік пра выбарчую кампанію ў Беларусі.
У інтэрв’ю Радыё Свабода Уладзімір Арлоў адзначыў, што «сытуацыя мяняецца кожны дзень, і, можа стацца, ужо заўтра зьменіцца прынцыпова. Не выключаю ўвядзеньня надзвычайнага становішча».
— Калі ў Беларусі могуць, на вашу думку, адбыцца палітычныя зьмены?
— Я разумею, што кожны, хто адважна і, спадзяюся, адказна ўступіў у перадвыбарчую гонку, павінен — становішча абавязвае — рабіць аптымістычныя заявы, але я тут магу пагадзіцца толькі з адным: грамадзтва, бясспрэчна, увачавідкі робіцца іншым і гэта вяшчуе перамены.
Калі яны адбудуцца, сказаць пакуль надзвычай складана. Шмат каго, відаць, расчарую, калі скажу, што ня ў гэтым жніўні.
Але вось што галоўнае: гэтыя перамены мусяць адбывацца ў незалежнай дзяржаве. Незалежнасьць мы павінны быць гатовыя бараніць любымі сродкамі. Калі кандыдат у прэзыдэнты з гэтым ня згодны — гэта ня мой кандыдат.
— Ці паўплывае каранавірус на Беларусь? Якой яна будзе пасьля пандэміі, нешта зьменіцца?
— Па-першае, беларусы добра запомняць, як іх «ратавалі» ад эпідэміі. Таемнае раней ці пазьней зробіцца яўным. Так, як гэта некалі было з Чарнобылем.