У мэдыкаў і настаўнікаў падаюць заробкі. Экспэрт кажа, што гэта добра
11.10.2021

У мэдыкаў і настаўнікаў падаюць заробкі. Экспэрт кажа, што гэта добра

Сярэдні заробак у Беларусі ў жніўні зьнізіўся на 0,6% у параўнаньні зь ліпенем.

Радыё Свабода прааналізавала, якія спэцыялісты сталі зарабляць меней.

Намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі ў жніўні зьнізіўся ў параўнаньні зь ліпеньскім на 0,6%. Рэальны заробак зьнізіўся яшчэ больш — на 0,8%. У Менску сярэдні заробак зьнізіўся на 45,5 рубля, ці больш як на 2%. Заробак вырас нязначна толькі ў Віцебскай і Менскай вобласьці.

Глядзім, у якіх сфэрах заробак зьнізіўся найбольш.

У настаўнікаў — мінус 19 рублёў

За месяц сярэдні заробак у адукацыі зьнізіўся на 19 рублёў, ці на 2%. У сфэры аховы здароўя заробак упаў на 37 рублёў, ці на 3%.

Гандаль — мінус 24,5 рубля

У сфэры аптовага і раздробнага гандлю сярэдні заробак зьнізіўся на 24,5 рубля, ці на 2%. Зьнізіўся нават заробак у сфэры інфармацыі і сувязі, то бок у ІТ. У ліпені ён складаў 4632,7 рубля, а ў жніўні — 4470,3 рубля. Мінус 162,4 рубля, ці больш за 3%.

Страхавая дзейнасьць — мінус 106 рублёў

За месяц упаў заробак у сфэры фінансавай і страхавой дзейнасьці. Падзеньне — 106,7 рубля, ці 5%. У ліпені ў гэтай сфэры зараблялі 2224,3 рубля, а ў жніўні — 2116,7 рубля.

Дзе заробкі вырасьлі

Нягледзячы на агульнае падзеньне, ёсьць сфэры, дзе заробкі працягвалі расьці. Напрыклад, у сфэры сельскай і лясной гаспадаркі заробак за месяц вырас на 4 рублі, ці на 0,37%.

У прамысловасьці заробак вырас на 26 рублёў, ці амаль на 2%.

У сфэры будаўніцтва заробак вырас на 30,6 рубля, або на 2%.

«Падзеньне — гэта добра»

Пры зьніжэньні эканомікі агулам зьніжэньне заробкаў сьведчыць, «што не ўключаецца друкаваны станок».

— Рост заробкаў можа адбывацца ці падчас росту эканомікі, ці яго можна стымуляваць штучна, калі друкуюцца грошы. Апошнія месяцы рост эканомікі запаволіўся і таму спыніўся рост намінальных заробкаў, пачалося іх зьніжэньне. З макраэканамічнага пункту гледжаньня можа парадавацца, бо заробкі рэагуюць на запавольваньне росту эканомікі. Калі эканоміка не расьце, а заробкі растуць, то можна атрымаць дэвальвацыю, — кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

Фінансавы аналітык зазначае, што зьніжэньне сярэдніх заробкаў «адчуваюць ня ўсе». Заробак можа зьнізіцца за кошт асобных катэгорый, напрыклад за кошт айцішнікаў.

— Сярод айцішнікаў ідзе рэлякацыя найбольш высокааплатных супрацоўнікаў. Гэта можа ўплываць на сярэдні заробак у галіне па краіне. Да таго ж зьніжаецца курс даляра, а ў многіх айцішнікаў заробак прывязаны да даляра, — гаворыць Вадзім Іосуб.

А рост заробкаў у сфэрах, зьвязаных зь дзяржавай (сельская гаспадарка, прамысловасьць, будаўніцтва) якраз «падмацоўваецца бюджэтнымі сродкамі, заробкі індэксуюцца плянава і не залежаць ад эканамічных посьпехаў».

Последнее в рубрике