У Беларусі прапануюць увесьці «падатак на заможных». Як гэта працуе ў іншых краінах
05.11.2021

У Беларусі прапануюць увесьці «падатак на заможных». Як гэта працуе ў іншых краінах

Дэпутат Андрэй Савіных прапанаваў увесьці ў Беларусі прагрэсіўную шкалу падаходнага падатку.

Радыё Свабода разьбіраецца, на што гэта можа паўплываць.

Прагрэсіўная шкала падаходнага падатку — гэта калі падаходная працэнтная стаўка залежыць ад даходу: чым вышэйшы даход — тым большы падатак. Раней у Беларусі ўжо існавала такая сыстэма, памер стаўкі быў ад 9% да 30%. Потым ад гэтага адмовіліся, бо людзі пачалі ўхіляцца ад падаткаў. У 2009 годзе падаходны падатак у Беларусі пачаў абкладацца адзінай стаўкай. Цяпер гэта 13%.

Дзе яшчэ ёсьць «падатак на заможных»

Прагрэсіўная шкала падаходнага падатку існуе ў шэрагу краінаў: у Аўстрыі, ЗША, Бэльгіі, Аўстраліі, Ізраілі ды інш.

У Нямеччыне, дзе таксама існуе прагрэсіўная стаўка падаходнага падатку, ён можа складаць ад 0% да 45%. Калі даход не перавышае 9408 эўра на год, то бок 784 эўра на месяц, грамадзяне ня плацяць падаходны падатак. У Беларусі сярэдні заробак за верасень — 507 эўра, то бок меншы ў 1,5 раза.

У многіх эўрапейскіх краінах пры прагрэсіўнай падатковай стаўцы існуе гадавы мінімум, які не абкладаецца падаткам. У Францыі гэта 6011 эўра на год, у Грэцыі — 12 000 эўра, у Аўстрыі — 11 000 эўра, у Бэльгіі — 8680 эўра.

«Гэта палітэканамічнае пытаньне»

Пры адзінай стаўцы падаходнага падатку больш заможныя таксама плацяць болей. Прагрэсіўная шкала ці плоская — гэта палітэканамічнае ці нават палітычнае пытаньне, мяркуе фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

«Пры плоскай шкале таксама, калі чалавек болей зарабіў, ён больш плаціць. Прагрэсіўная шкала прыжылася ў краінах, дзе грамадзяне законапаслухмяныя, дзе ў культуры ёсьць звычка плаціць падаткі. У Беларусі такой культуры няма. Калі ў Беларусі адмовіліся ад прагрэсіўнай шкалы — павялічыліся зборы падаткаў, стала менш стымулаў заніжаць заробкі ці атрымліваць заробкі ў канвэртах», — кажа Вадзім Іосуб.

Экспэрт дадае, што прагрэсіўны падатак дадасьць складанасьцяў і падатковай службе, бо «гэта дадатковае адміністраваньне».​

«Беларусь мяняла падатковую сыстэму сьледам за Расеяй»

Сьпярша ад прагрэсіўнай сыстэмы падаткаабкладаньня адмовілася Расея, за ёю — Беларусь, прыгадвае Вадзім Іосуб.

«Сьпярша Расея ўвяла адзіны падатак 12%, пасьля — увяла Беларусь. Потым Расея падняла стаўку да 13%, Беларусь таксама падняла стаўку да 13%», — прыгадвае Вадзім Іосуб.

З 1 студзеня ў Расеі ўвялі «падатак на заможных». Грамадзяне з даходам звыш 5 мільёнаў расейскіх рублёў, або 69,9 тысячы даляраў, мусяць плаціць падаходны падатак па стаўцы 15%. Гэта даход у памеры 5,8 тысячы даляраў на месяц.

Последнее в рубрике