Толькі дворнікі выратуюць Беларусь у наступным дзесяцігоддзі
04.05.2020
Уладзіслаў Панежанка, Цэнтр новых ідэй

Толькі дворнікі выратуюць Беларусь у наступным дзесяцігоддзі

Як зрабіць Беларусь лепшай да 2030-га года.

Гэтае эсэ з’яўляецца адным з пяці пераможцаў у конкурсе «Беларусь-2030» для маладых лідараў. Аўтар – Уладзіслаў Панежанка – мае 18 гадоў і навучаецца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

Ніколі не падтрымліваў тых, хто лічыць, што без вышэйшай адукацыі шлях толькі ў дворнікі, як і не бачыў нічога дрэннага ў гэтай прафесіі, але вы мяне зразумелі. Усеагульная вышэйшая адукацыя – найвялікшае зло ў Беларусі. Справа не ў яе якасці, не ў вывучэнні абавязковых гуманітарных курсаў на тэхнічных спецыяльнасцях, а ў тым, што вышэйшую адукацыю мае амаль кожны. І гэта шлях да стагнацыі.

Сістэма адукацыі ў Беларусі патрэбна не для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў, а для… Для чаго? Ды каму яна патрэбная? Студэнтам? Шмат каго з іх бацькі прымусілі паступіць, «каб нас перад цёткай Таняй не сароміў!» Працадаўцам? Дзесьці на дзяржаўных прадпрыемствах – можа быць, але хто хоча працаваць на дзяржаўным прадпрыемстве? Дзяржаве? «Закон аб адтэрміноўках» сведчыць аб адваротным.

Праблема беларускага інстытута адукацыі ў тым, што ніводзін з трох бакоў – студэнты (усё зразумела), працадаўцы (якія маюць патрэбу ў выпускніках) і дзяржава (пасярэднік паміж папярэднімі дзвюма групамі) – не атрымлівае амаль нічога ад ВНУ. Таму велізарная колькасць студэнтаў наведвае курсы манікюру; працадаўцы ўсё менш цэняць вышэйшую адукацыю, а дзяржава карыстаецца студэнтамі як масоўкай на хакеі.

Як гэта выправіць? Корань праблемы ў тым, што роля дзяржавы ў сістэме адукацыі гіпертрафіраваная, а ў ідэале гэтая роля павінна быць на ўзроўні нуля. Вышэйшай адукацыі не патрэбны стандарт – ёй патрэбная «цякучасць». Чаму навучанне на ўсіх спецыяльнасцях у беларускіх ВНУ цягнецца 4 (дзесьці 5, ок) гады? Калі спытаць паспяховага прадстаўніка якой-небудзь прафесіі, за які час можна навучыцца ўсяму патрэбнаму на працоўным месцы, хіба адказ будзе «4 гады»? Абавязковыя курсы для ўсіх спецыяльнасцяў – каму яны патрэбныя? Хто можа абгрунтаваць іх неабходнасць?

Адсутнасць матывацыі ў студэнтаў, абмежаваны доступ працадаўцаў да сістэмы адукацыі і дыктат дзяржавы – вось прычыны, чаму вышэйшая адукацыя ў Беларусі такая… Такая! А што было б, калі…

Калі б замест тысячы (колькі іх там?) мінскіх ВНУ (у якіх выкладаюць па аднолькавых праграмах, у якіх няма ўмоваў для пастаяннай практыкі студэнтаў, як і грошай для стварэння гэтых умоваў), былі навучальныя цэнтры пры арганізацыях, якім патрэбная працоўная сіла? Ну, і некалькі ўніверсітэтаў маглі б застацца. Згодзен: без іх нікуды. У такіх цэнтрах – і ўмовы для практыкі, і матываванасць студэнтаў (наўрад ці працадаўцы будуць навучаць чалавека, якому гэта нецікава), і адпаведнасць патрэбам самой арганізацыі. Калі ІП, маленькім арганізацыям патрэбныя працаўнікі – можна дамовіцца з вялікім прадпрыемствам таго ж профілю аб іх падрыхтоўцы або ж чакаць выпускнікоў універсітэтаў (мы іх, нагадваю, не адмянілі).

Гэтая мадэль – кааперацыя, аб якой пісаў Ігнат Абдзіраловіч у «Адвечным шляхам». Кааперацыя паміж студэнтамі, працадаўцамі ды… ды ўсё. Трэба ж нарэшце перадаваць хоць якія-небудзь функцыі дзяржавы грамадзянскай супольнасці.

Такія адносіны паміж студэнтамі ды тымі, хто дае ім адукацыю, эфектыўныя, бо абодва бакі маюць розныя, але выразна вызначаныя мэты, а сродак дасягнення гэтых мэтаў у іх супадае. Грамадства не нясе выдаткаў у выглядзе дарэмна страчаных гадоў жыцця маладых людзей, якія маглі б прыносіць карысць усім.

Ідэальна было б так: студэнты не марнуюць свой час і атрымліваюць задавальненне ад працы, а працадаўцы маюць менавіта тых працаўнікоў, якія ім патрэбныя. Кожны на сваім месцы: хто хоча вучы́цца – ву́чыцца, а тыя, каму навучанне не патрэбнае, – працуюць. Калі такое адбудзецца да 2030-га года, то ў 2040-ым Мінск будзе сталіцай не ЗША, а ўсяго свету.

Последнее в рубрике