Ці перастануць Беларусі даваць крэдыты ў эпоху пандэміі і да чаго гэта прывядзе?

Ці перастануць Беларусі даваць крэдыты ў эпоху пандэміі і да чаго гэта прывядзе?

Усясьветная эканоміка цярпіць крызіс з прычыны пандэміі, а дзяржавы трацяць рэзэрвы на падтрыманьне сваёй эканомікі. Штогод Беларусь бярэ крэдыты ў іншых краін. Але ці працягнецца гэта ва ўмовах пандэміі і ці вытрымае беларуская эканоміка без замежнай падтрымкі?

1 мільярд даляраў(11,6%) — настолькі зьнізіліся золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за сакавік. Нацбанк Беларусі зьвязвае гэта з продажам валюты на валютна-фондавай біржы (каб не было дэфіцыту даляраў), а таксама з пагашэньнем зьнешніх пазыкаў.

1,6 мільярда даляраў — столькі Беларусь пазычыла ў іншых краін у 2019 годзе. Але ці зможа пазычыць у 2020-м, калі краіны самі трацяць грошы на змаганьне з пандэміяй? Разьбіраемся.

 «Патокі замежных грошай скароцяцца на 40%»

Крэдыты Беларусі даваць змогуць, але яны будуць нявыгадныя, дарагія. На гэта зьвяртае ўвагу кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

— Патокі замежных грошай скароцяцца на 40%. Напрыклад, Беларусі дадуць грошы пад 6–7%. Гэта дарагія крэдыты, адбіць якія немагчыма. Трэба ня толькі радавацца, што нам дадуць у доўг, а пасьля мы ім нешта аддамо. Важна думаць, якую структуру эканомікі і вытворчасьці мы атрымаем пасьля крызісу. У 2020-м у нас ёсьць магчымасьць зрабіць свабодную эканоміку ў краіне, а ўрад гэтым не карыстаецца, — кажа Яраслаў Раманчук.

Без крэдытаў Беларусь вытрымае, упэўнены старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб. Але і магчымасьць зьнешніх пазык для Беларусі цалкам не закрыецца.

— Сытуацыя, калі нам зусім перастануць даваць крэдыты, ня вельмі рэалістычная. У добрыя часы можна крэдытавацца на рынкавых умовах, можна разьмяшчаць эўрааблігацыі, карыстацца крэдытамі камэрцыйных банкаў. Ва ўмовах крызісу крэдытавацца ў рынкавых умовах даражэй. Але на гэтыя выпадкі ёсьць экстраныя ўмовы крэдытаваньня — крэдыты МВФ, напрыклад. Гэта могуць быць крэдыты Эўразьвязу. Нават калі зусім крызісная сытуацыя, застаюцца мэханізмы, — падкрэсьлівае Вадзім Іосуб.

«Калі крэдытаў не даюць — можна абвясьціць дэфолт па зьнешніх пазыках»

Калі нават уявіць, што сытуацыя зусім форс-мажорная і крэдытаў для Беларусі няма ніякіх — ёсьць мэханізмы ўратаваньня эканомікі, мяркуе Вадзім Іосуб.

— Гэта ня самая рэальная сытуацыя, але тады можна абвясьціць дэфолт па зьнешніх пазыках, перастаць плаціць па даўгах на некаторы час. І можна гэтыя зьнешнія абавязкі падоўжыць па часе. Такім мэханізмам некалькі гадоў таму скарысталася Ўкраіна, — прыводзіць прыклад Вадзім Іосуб.

На думку Яраслава Раманчука, усясьветны крызіс ударыць па «маторах» беларускай эканомікі — гэта нафтаперапрацоўка, калійныя ўгнаеньні, продаж мэталаў. Прыбытак ад гэтых сфэр упадзе на 30–50%. І крэдыты тут не дапамогуць — трэба ствараць антыкрызісны бюджэт.

— Мы ўжо бачым скарачэньне ЗВР — што вельмі трывожны сыгнал. Таму трэба прымаць антыкрызісны бюджэт, бо інакш у нас будзе праблема зь фінансаваньнем доўгу і рызыка дэфолту. Калі мы будзем фінансаваць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы і ігнараваць малы бізнэс, гэта будзе трагічна. Трэба, каб урад прымаў рашэньні, якія дапамогуць і малому бізнэсу, і людзям перажыць гэты крызіс, — падсумоўвае Яраслаў Раманчук.

Зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 сакавіка складаў 16,9 мільярда даляраў. Рэзэрвовыя актывы Беларусі на 1 красавіка склалі 7 мільярдаў 786 мільёнаў даляраў у эквіваленце.

Катерина Борнукова: Шоки догонят нас, даже если белорусская экономика не остановится

Последнее в рубрике