Ці могуць беларусы вакцынавацца за мяжой?
06.09.2021

Ці могуць беларусы вакцынавацца за мяжой?

Тысячы беларусаў у час пандэміі апынуліся ў вымушанай эміграцыі, у краінах блізкага і далёкага замежжа.

Свабода даведалася, ці лёгка іншаземцам вакцынавацца за мяжой. Аказалася, прасьцей за ўсё атрымаць прышчэпку ў Польшчы і Літве. Ва Ўкраіне і Грузіі — складаней.

Польшча: праводзіцца акцыя «Zaszczep się z ulicy» — «вакцынуйцеся з вуліцы»

У Польшчы ўхвалены наступныя вакцыны: Johnson&Johnson, Moderna, AstraZeneca і Pfizer.

Яшчэ ў сьнежні 2020 году ў дакумэнце «Narodowy Program Szczepień przeciw COVID-19» было запісана, што беларусы, якія маюць сталы абы часовы побыт, якія вучацца або працуюць у Польшчы, вакцынуюцца па тых жа правілах, што і палякі.

А ў траўні 2021 году зьявіліся абвесткі, што беларусы, якія прыяжджаюць нават на кароткі тэрмін, могуць бясплатна зрабіць прышчэпку вакцынай Johnson&Johnson — уводзіцца яна адзін раз.

На сёньняшні дзень любы іншаземец можа зрабіць прышчэпку па жывой чарзе ў спэцыяльным пункце вакцынацыі. Шмат іх дадаткова адчыняецца ў выходныя дні.

Бясплатна выдаюць і міжнародны сэртыфікат аб вакцынацыі з QR кодам.

Літва: беларусу для вакцынацыі патрэбны толькі пашпарт

У Літве ўхваленыя тыя ж самыя вакцыны супраць COVID-19, што і ў Польшчы: Johnson&Johnson, Moderna, Pfizer/BioNTech, АstraZeneca.

Прышчапляюць усіх ахвотных, незалежна ад грамадзянства, месца жыхарства, ад таго, мае чалавек афіцыйную рэгістрацыю ці не. Самі літоўцы звычайна запісваюцца папярэдне, ім прыходзіць СМС, куды і калі прыходзіць. А замежнікі могуць проста падысьці да любога мабільнага ці стацыянарнага пункту вакцынацыі з пашпартам.

Украіна: прышчапіцца могуць толькі тыя замежнікі, што знаходзяцца на законных падставах

Ва Ўкраіне, акрамя чацьвёркі самых папулярных вакцын — Moderna, AstraZeneca, Pfizer і Johnson&Johnson, ухвалена яшчэ вакцына Sinovac-CoronaVac, распрацаваная кампаніяй Sinovac Кітайскай нацыянальнай фармацэўтычнай групы.

А вось расейскім «Спутнікам» ва Ўкраіне не вакцынуюць. Замежнікі, якія прышчапіліся «Спутнікам» альбо папулярнай у Беларусі кітайскай вакцынай SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell), ня змогуць уехаць ва Ўкраіну як вакцынаваныя грамадзяне, бо гэтыя вакцыны ня ўключаныя ў пералік Усясьветнай арганізацыі здароўя. Для ўезду беларусы мусяць мець адмоўныя вынікі ПЦР-тэсту, зробленага не пазьней як за 72 гадзіны да перасячэньня мяжы.

Усе замежнікі і асобы без грамадзянства (у тым ліку замежнікі, што маюць дакумэнты на часовае пражываньне), якія на законных падставах знаходзяцца ва Ўкраіне, могуць прайсьці вакцынацыю. Запісацца можна па тэлефонах цэнтраў і пунктаў вакцынацыі. Сама вакцына бясплатная, але за паслугі па яе ўвядзеньні давядзецца заплаціць — або за свой кошт, або за кошт адпаведнага страхавога поліса.

Пасьля дзьвюх дозаў можна атрымаць міжнароднае пасьведчаньне аб вакцынацыі.

Грузія: бясплатна прышчапляюць замежнікаў, якія знаходзяцца ў краіне ня менш за 3 месяцы

У Грузіі ўхвалены наступныя вакцыны: AstraZeneca, Pfizer, а таксама дзьве вакцыны кітайскай вытворчасьці: Sinopharm/Beijing і Sinovac-CoronaVac.

Раней іншаземцы не маглі вакцынавацца ў Грузіі. З 1 жніўня правілы зьмяніліся: цяпер замежныя грамадзяне, якія ня маюць пасьведчаньня на права жыхарства ў Грузіі, змогуць прайсьці вакцынацыю ад каранавірусу ў Тбілісі, Кутаісі і Батумі. Але ёсьць пэўныя ўмовы.

Вакцынавацца могуць замежныя грамадзяне, якія знаходзяцца на тэрыторыі Грузіі легальна ня менш за тры месяцы.

Прышчапляюць таксама замежнікаў, у якіх дзеці, бацькі, муж ці жонка — грамадзяне Грузіі; асобаў і іх сямейнікаў, якія знаходзяцца ў краіне па праграме «Працуй з Грузіі»; замежныя студэнты, што вучацца тут, дыпляматы і шэраг іншых катэгорый.

Расея: калі няма абавязковай мэдычнай страхоўкі, трэба заплаціць 1300 рублёў

У Расеі прышчапляюць усіх працоўных мігрантаў вакцынай «Спутник Лайт», якую ўводзяць аднаразова. Кошт вакцынацыі ў Маскве — 1300 расейскіх рублёў (каля 18 даляраў).

Беларусы могуць прэтэндаваць на бясплатную вакцынацыю, калі маюць поліс АМС — абавязковага мэдычнага страхаваньня, альбо дазвол на часовае пражываньне ці від на жыхарства ў Расеі.

Чэхія: калі няма чэскай страхоўкі, вакцынацыя абыдзецца ў 30 эўра

У Чэхіі ўхваленыя 4 вакцыны: Johnson&Johnson, Moderna, AstraZeneca, Pfizer.

Грамадзянам Беларусі робяць прышчэпкі платна пры наяўнасьці часовага віду на жыхарства, сталага віду на жыхарства, доўгатэрміновай візы альбо пацьверджаньня аб часовым знаходжаньні (для сямейніка грамадзяніна Эўразьвязу). Кошт адной дозы — каля 810 чэскіх крон (крыху больш за 30 эўра). Некаторыя страхавыя кампаніі потым кампэнсуюць поўны кошт вакцынацыі (напрыклад, кампанія PVZP).

Прышчэпкі робяцца бясплатна грамадзянам Беларусі — удзельнікам сыстэмы грамадзкага мэдычнага страхаваньня (да прыкладу, пры сталым відзе на жыхарства або працоўнай візе).

Последнее в рубрике