Ці магчымы ў Беларусі эканамічны дэфолт і што гэта значыць

Ці магчымы ў Беларусі эканамічны дэфолт і што гэта значыць

Чым крызіс адрозьніваецца ад дэфолту і як адбіваецца на эканоміцы? Разьбіраемся.

Эканамічны дэфолт — гэта немагчымасьць плаціць па сваіх даўгах. Адрозьніваюць тэхнічны дэфолт і сапраўдны.

«Тэхнічны дэфолт — гэта калі зь нейкіх прычын тэрмін плацяжа прапусьцілі, то бок дзяржава не банкрут, але зь нейкіх прычын у канкрэтны дзень заплаціць не змагла. Устойлівая неплатаздольнасьць — гэта і ёсьць дэфолт», — тлумачыць фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

Чым дэфолт адрозьніваецца ад крызісу

Калі ў краіне дэфолт — гэта ня значыць, што няма чаго есьці ці зьнікла валюта ў абменьніках. Гэта менавіта немагчымасьць плаціць па крэдытах.

«Тэарэтычна можа быць і так: у краіне няма крызісу, нічога страшнага не адбываецца, але дзяржава ня плаціць па даўгах. Можа быць і наадварот — крызіс, няма чаго есьці, але краіна па-ранейшаму плаціць па сваіх даўгах», — кажа Вадзім Іосуб.

У Беларусі неўзабаве крызіс ці дэфолт?

Пакуль экспэрты прадракаюць у Беларусі крызіс, а не дэфолт.

«Відавочна, набліжаецца крызіс, але гэта паступовае, плаўнае ўпаўзаньне ў крызіс. Паступова будуць зьніжацца заробкі ў валютным эквіваленце. Гэта выклікана найперш унутрыпалітычным крызісам, прававым дэфолтам. У гэтай сытуацыі адсутнічае падтрымка ад сусьветных фінансавых арганізацый, няма дзе пазычыць грошы, за выключэньнем Расеі. Таксама па эканоміцы могуць ударыць эканамічныя санкцыі», — кажа Вадзім Іосуб.

На гэтым фоне назіраецца адток капіталу зь Беларусі і рэлякацыя бізнэсу, найперш у сфэры ІТ.

Ці магчымы дэфолт?

Штогод Беларусі трэба аддаваць прыблізна 3,5 мільярда даляраў даўгоў і адсоткаў па іх. Золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР) у Беларусі — больш за 7 мільярдаў даляраў.

«Каб цалкам траціць ЗВР на даўгі, трэба прадаць частку золата, бо золатам даўгі не аддаюць. Калі ўявіць, што грошай Беларусі ніхто не пазычае, а ЗВР ні на што, апроч даўгоў, траціцца ня будуць, то рэзэрваў хопіць на 2 гады. Пасьля гэтага, пры ўмове адсутнасьці новых крэдытаў і ўліваньняў, магчымы дэфолт», — кажа Вадзім Іосуб.

Пры гэтым ЗВР у Беларусі траціцца і на іншыя мэты — на падтрыманьне курсу рубля, напрыклад. Калі ЗВР будзе траціцца ня толькі на даўгі, а новых пазык ня будзе, то дэфолт магчымы раней. Ён магчымы і пазьней, калі новыя ўліваньні ўсё ж будуць.

Последнее в рубрике