Ці хочуць расейцы далучэньня Беларусі да РФ?
30.01.2020
Юры Дракахруст, Радыё Свабода, фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.by

Ці хочуць расейцы далучэньня Беларусі да РФ?

Ці хочуць расейцы далучэньня Беларусі да РФ? Да пэўнай ступені адказ на гэтае пытаньне даюць зьвесткі апошняга апытаньня, якое правёў у Расеі Лявада-цэнтар у супрацы з Маскоўскім цэнтрам Карнэгі. Апытаньне ладзілася па ўсерасейскай выбарцы 12-18 сьнежня летась.

Рэспандэнты адказвалі на пытаньне: «Сёмага сьнежня прайшлі перамовы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Як, на вашую думку, павінныя будавацца адносіны Расеі і Беларусі?».

44% апытаных адказалі, што краіны мусяць больш актыўна супрацоўнічаць у эканамічнай сфэры, 28% згодныя захаваць стасункі на ранейшым узроўні, 13% выказаліся за больш шчыльны саюз з адзіным кіраўніком на чале, а кожны дзясяты выказаў упэўненасьць, што Беларусь павінная ўвайсьці ў склад Расеі.

Гэтыя зьвесткі не падтрымліваюць распаўсюджанае меркаваньне, што расейцы амаль пагалоўна мараць аб паглынаньні іх краінай Беларусі.

10% сапраўды хацелі б гэтага. Але і толькі. А далей — пачынаюцца нюансы, якія можна інтэрпрэтаваць па-рознаму. Саюз, на чале якога адзіны кіраўнік — гэта вельмі падобна таксама на адзіную дзяржаву. Але, фармальна кажучы, гэта ня тое самае, што далучэньне Беларусі.

Але агулам выразна за больш глыбокую палітычную інтэграцыю — каля чвэрці.

І прыкладна столькі ж — за захаваньне цяперашняга становішча, цяперашняга стану адносінаў.

Самая вялікая група рэспандэнтаў выказалася ўсяго за больш актыўную супрацу Беларусі і Расеі ў эканамічнай сфэры.

Варта заўважыць — нават не за паглыбленьне эканамічнай інтэграцыі, не за стварэньне супольных інстытутаў эканамічнай інтэграцыі, усяго за пашырэньне эканамічнага супрацоўніцтва.

Меркаваньні гэтых 44% аказваюцца ключавымі для вызначэньня пазыцыі большасьці.

А ад чаго залежыць іх стаўленьне да канкрэтных праектаў інтэграцыі? Падаецца, што не ў апошнюю чаргу — ад рэакцыі Беларусі і беларусаў.

І ў сэнсе працы з расейскай грамадзкай думкай выглядаюць даволі пісьменнымі і гучныя заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што ён не дапусьціць паглынаньня Беларусі Расеяй, і галасы грамадзянскай супольнасьці Беларусі, якая выступае супраць аншлюсу.

Дык а хіба з расейскага боку нехта накідае прапановы аб палітычнай інтэграцыі? Ну нехта і накідае, калі меркаваць па прызнаньнях Лукашэнкі наконт таемнай 31-й «дарожнай мапы» інтэграцыі. І пасланьне, якое гучыць з Менску і ад афіцыйнага боку, і ад яго апанэнтаў, адрасаванае тым 72% расейцаў, якія альбо ня хочуць ніякага паглыбленьня інтэграцыі альбо выступаюць адно за пашырэньне эканамічнай супрацы: Крэмль накідае і нам, і вам тое, чаго ня хочам ні вы ні мы.

Гэтыя 72% расейцаў не зацыкленыя на пашырэньні Расеі — яны можа былі б і ня супраць, але не насуперак волі тых, за кошт каго плянуецца пашыраць, не за тое, каб сілай за кошт іх пашырыцца.

І калі з Менску — і з урадавых палацаў і з плошчаў — гучыць: а мы ня хочам, а мы супраць, дык гэтыя расейцы і думаюць — ну дык і ня трэба, навошта сварыцца з братамі, нашто гвалціць іх?

Безумоўна, Расея — дзяржава аўтарытарная, палітыка там не будуецца ў адпаведнасьці з народнымі меркаваньнямі. Але ўсё ж і ня тое, каб вялася зусім ужо насуперак ім.

Напэўна, у Крамлі ведаюць і падобныя апытаньні, і настроі, якія яны адлюстроўваюць. 31-я мапа зьявілася на сьвет таму што на гэтыя настроі можна да пэўнай ступені і не зважаць, яна трымаецца ў сакрэце, яе публічна не прапаноўваюць беларускаму боку таму што зважаць на расейскія масавыя настроі ўсё ж даводзіцца.

Наўпрост прапаноўваць палітычную інтэграцыю — гэта насуперак ня толькі волі афіцыйнага Менску і большасьці беларусаў, гэта насуперак і волі большасьці расейцаў.

Последнее в рубрике