Ціханоўскую забудуць, Бабарыку пасадзяць, Цапкала ня вернецца — прагнозы ад экс-намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі
06.08.2020
Ігар Карней, Радыё Свабода

Ціханоўскую забудуць, Бабарыку пасадзяць, Цапкала ня вернецца — прагнозы ад экс-намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі

Былы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі (1997-2000) і галоўны ідэоляг краіны Іван Пашкевіч паразважаў, ці рэальна ва ўмовах цяперашняй Беларусі супрацьстаяць Аляксандру Лукашэнку. Ці маюць хоць прывідныя шанцы фігуранты прэзыдэнцкай кампаніі?

Апошнія паўтара дзясятка гадоў Іван Пашкевіч жыве ў ЗША, займаецца выдавецкай дзейнасьцю, кіруе фондам «Палітыка, ініцыятывы і грамадзянскі дыялёг».

Адной з прычынаў эміграцыі стаў націск уладаў на пратэстанцкіх вернікаў, да ліку якіх ён сам адносіцца. Быў дарадцам старшыні Саюзу эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Беларусі, у 2006 годзе на знак пратэсту супраць сыстэматычных атак на царкву «Новае жыцьцё» выступіў з рэзкай крытыкай у адрас Аляксандра Лукашэнкі і ягонага асяродзьдзя ды зьехаў у штат Пэнсыльванія.

 «Сумарны рэйтынг апазыцыі не перавышае 13%​»

У Філядэльфіі колішні чыноўнік выдае расейскамоўную хрысьціянскую газэту «Новое слово», а таксама рэдагуе часопіс «Источник» — гэта афіцыйны орган славянскіх эвангельскіх цэркваў, якія ўваходзяць у Асамблею Божую ЗША. Вядзе аўтарскія перадачы на радыё.

Таксама ягоны фонд «Палітыка, ініцыятывы і грамадзянскі дыялёг» праводзіць сацыялягічныя апытаньні, кажа Пашкевіч. Апошняе якраз прысьвяцілі прэзыдэнцкім выбарам у Беларусі.

Паводле Пашкевіча, «да апытаньня прыцягнулі спэцыялістаў з розных сацыялягічных структур, акрэдытаваных для гэтых мэтаў», праз тэлефон нібыта апыталі 1600 рэспандэнтаў у Беларусі.

Як кажа Іван Пашкевіч, згодна з апытаньнем, сумарны рэйтынг апазыцыі не перавышае 13%. Прычым папулярнасьць традыцыйных лідэраў палітычных партый значна ніжэйшая за новы твар выбарчай кампаніі, Сьвятлану Ціханоўскую.

Знайсьці пацьверджаньне таму, што такое апытаньне праводзілася з выкананьнем неабходных умоваў для арганізацый, якія займаюцца вывучэньнем грамадзкай думкі, Свабодзе не ўдалося. Ніякіх згадак яго ў сеціве мы таксама не знайшлі.

Іван Пашкевіч не ўнікае ў асаблівасьці падліку галасоў па-беларуску, але робіць выснову: лічба прыхільнікаў Лукашэнкі далёкая ад намаляванай апазыцыяй «псыхозу 3%», складае прыкладна 69,5% і можа нават узрасьці за кошт тых, хто за час агітацыйнай кампаніі так і ня вызначыўся з сымпатыямі.

Былы паплечнік Лукашэнкі выказаў свой погляд на тое, якія матывы і чаканьні штурхалі ўзяць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі іншых прэтэндэнтаў і зарэгістраваных кандыдатаў.

Віктар Бабарыка

 «Перакананы, што Бабарыку не засьпеў зьнянацку крымінальны перасьлед, — лічыць былы чыноўнік. — Больш за тое, ён рыхтаваўся да яго. Але рыхтаваўся, абапіраючыся на правінцыйнае разуменьне: пайду ў прэзыдэнты, пабуду палітвязьнем, можа, у будучыні дапаможа. Шаблённае разуменьне беларускай рэальнасьці, не сумняваюся, падагрэлі і расейскія паліттэхнолягі, якія зьлятаюцца на выбарчыя грошы як мухі на дзярмо. Вось і папаўся на кручок. Не ўлічыў, што цяперашні прэзыдэнт будзе дзейнічаць, як вядомы кінагерой: «злодзей павінен сядзець».

На жаль для Віктара Бабарыкі, працягвае Іван Пашкевіч, ён атрымае рэальны тэрмін зьняволеньня. Да моманту адседкі ў Беларусі забудуцца ня толькі аб прэзыдэнцкіх амбіцыях экс-банкіра, але і пра яго самога. «Я ня кплю, такая суровая рэчаіснасьць», — падсумоўвае ён.

Валер Цапкала

«Яго я ведаю даўно як разумнага і пэрспэктыўнага маладога чалавека — такую ацэнку даю ў сілу свайго ўзросту. І з гэтай прычыны зьдзіўлены праяўленай ім палітычнай блізарукасьцю. Несумненна, ён уключыўся ў кампанію не дзеля цяперашняй перамогі, а для заяўкі на пасьпяховую палітычную будучыню. Але пры гэтым дапусьціў шэраг памылак: не зрабіў сур’ёзнага аналізу расстаноўкі палітычных сілаў унутры краіны і, галоўнае, не зьвярнуў увагі на папярэджаньне Лукашэнкі наконт «шкілетаў у шафе», — кажа Іван Пашкевіч.

Разьлічваючы на падтрымку прыхільнікаў цяперашняй улады, Валер Цапкала таксама вырашыў прыцягнуць галасы іхных апанэнтаў, што магчыма толькі пры жорсткай крытыцы самога Лукашэнкі. І гэта не спрацавала: ён стаў «чужым» для намэнклятуры і пры гэтым ня стаў «сваім» для апазыцыі. І ніколі ня стане, бо раз за разам выдае спрэчныя тэзы.

Крыўдзіцца на абвінавачаньні ў фінансавых махінацыях і іншых справах ня варта, працягвае Іван Пашкевіч. Гэта палітыка, якая справядліва завецца «бруднай», тым больш ён загадзя атрымаў папярэджаньне ад першай асобы: ёсьць нешта сумнеўнае ў біяграфіі — ня лезь у палітыку, вылезе вонкі. Як прагназуе суразмоўца, Валер Цапкала пасьля выбараў будзе вымушаны зьехаць з краіны. А ў палітыкаў, якія спрабуюць уплываць на сытуацыю ў Беларусі з «прыгожага далёка», няма палітычнай будучыні.

Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Чэрачань

Дзейнасьць гэтых палітыкаў Іван Пашкевіч ацэньвае «оптам», ня ўтойваючы скептыцызм ад іхных прэзыдэнцкіх амбіцый.

«Абодва пайшлі ў прэзыдэнты, кіруючыся выключна сваёй „веліччу“ — як лідэры нібыта „буйных палітычных рухаў“, — кпіць ён. — Хоць старэйшыя таварышы спрабавалі іх адгаварыць, але спрацаваў прынцып: калі вам, фізычна сапраўды старэйшым узростам, можна было доўгі час удзельнічаць у палітычных кампаніях, то чаму нам — маладым — цяпер нельга? Вось і пайшлі. Але, вяртаючыся да вынікаў згаданага сацыялягічнага апытаньня, больш чым перакананы: іхная пазнавальнасьць не перавышае нават межаў уласных палітычных рухаў».

Па выніках галасаваньня Іван Пашкевіч прадракае маладым палітыкам лічбы, ня большыя за арытмэтычную хібнасьць.

Ганна Канапацкая

 «Самы прагматычны чалавек у цяперашняй кампаніі, — лічыць Іван Пашкевіч. — Яна нават блізка не разьлічвае на сваю перамогу, але мае прыхаваныя намеры, якія пакуль што невядомыя нават блізкаму атачэньню. Стрыманая агітацыя, адсутнасьць выпадаў у бок улады і гучных заяваў — гэта толькі вяршыня. Тое, што ёй нібыта хтосьці пагражаў, у разьлік не прымаецца — такі выкрутас ужо не спрацоўвае нават для буйных палітыкаў».

Як робіць ён выснову, паколькі да парлямэнцкіх выбараў, дзе Ганна Канапацкая магла б прэтэндаваць на дэпутацкае месца, яшчэ далёка, цалкам магчыма, што яна разьлічвае на нейкую пасаду ва ўладных структурах.

Сьвятлана Ціханоўская

Каго больш за ўсіх шкада ў гэтай сытуацыі, дык гэта Сьвятлану Ціханоўскую, дзеліцца Іван Пашкевіч.

«Самую неспрактыкаваную ў палітыцы, яе бязьлітасна і сьвядома выкарысталі на ўсю катушку, — кажа ён. — І настолькі затлумілі ёй галаву, што яна сапраўды паверыла ў сваю значнасьць, забылася, дзеля каго пайшла на тыя выбары. Яе „баявыя сяброўкі“ па аб’яднаным штабе хутка разыдуцца, як ранішні туман, схаваўшыся за сьпіны сваіх мужчын. А гэтая „простая жанчына“, якая ідзе з упартасьцю баявога льва да невядома якой перамогі, ужо 10 жніўня застанецца сам-насам са сваімі асабістымі сямейнымі праблемамі — па-за ўвагай, дапамогай, падтрымкай. Дай Бог ёй душэўных сілаў усё гэта нармальна перажыць».

На падставе комплексу фактараў — ад недастатковай цяжкавагавасьці апанэнтаў да татальнага кантролю за падлікам галасоў — Іван Пашкевіч робіць выснову: і прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі, і ягоным зацятым праціўнікам нічога не застаецца, як загадзя прыняць «новага старога прэзыдэнта». Шосты раз запар.

Хто такі Іван Пашкевіч

Іван Пашкевіч нарадзіўся 11 траўня 1955 году ў вёсцы Беражное на Століншчыне. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дыплямаваны журналіст. Прайшоў курс навучаньня ў пытаньнях дыпляматычнай службы пры МЗС Расеі.

Працаваў інструктарам ЦК ЛКСМБ, дырэктарам выдавецтва газэтна-выдавецкай фірмы «Белая Русь», памочнікам намесьніка старшыні Дзяржаграпраму БССР, дырэктарам Нацыянальнага філіялу тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня.

У 1997 годзе прызначаны на пасаду намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Быў куратарам пытаньняў, зьвязаных з фармаваньнем і рэалізацыяй дзяржаўнай ідэалёгіі і інфармацыйнай палітыкі, каардынаваў дзейнасьць СМІ.

У 2000 годзе пакінуў пасаду і неўзабаве апынуўся ў ліку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Там пачаў выказваць нязгоду з палітыкай уладаў у рэлігійных справах, з гэтай прычыны прымкнуў да адзінай апазыцыйнай фракцыі за ўсю гісторыю двухпалатнага парлямэнту — групы «Рэспубліка».

Пасьля дэпутацкай кадэнцыі засяродзіўся на хрысьціянскіх праектах, але капітуляваў пад ціскам уладаў і разам з жонкай і дзьвюма дочкамі зьехаў на пастаяннае месца жыхарства ў ЗША.

Последнее в рубрике