Ці горшы Бабарыка за Лукашэнку, альбо Чаму беларусы заўжды шукаюць «руку Масквы»?
08.07.2020
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Ці горшы Бабарыка за Лукашэнку, альбо Чаму беларусы заўжды шукаюць «руку Масквы»?

Сам па сабе факт, што ў крытычны момант беларускай гісторыі пэўная частка нацыянальна арыентаваных сілаў аказалася па адзін бок барыкад з рэжымам Лукашэнкі супраць большасьці грамадзтва — цікавы фэномэн.

Сьцісла:

  • Пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі і Зянона Пазьняка адносна Віктара Бабарыкі супалі.
  • Галоўная пагроза незалежнасьці палягае ва ўнутранай слабасьці дзяржавы, якой карыстаецца Расея.
  • Усе праблемы, якія аслабляюць беларускую дзяржаву, — гэта наступствы палітыкі рэжыму Лукашэнкі.
  • Асноўная юрыдычная падстава для прымушэньня Расеяй Беларусі да інтэграцыі — дамова аб «саюзнай дзяржаве», якую падпісаў Лукашэнка.
  • Намаганьні штучна канструяваць «руку Масквы» адлюстроўваюць вялікі комплекс нацыянальнай, дзяржаўнай непаўнавартасьці беларускага соцыюму.
  • Зьявілася цэлае пакаленьне людзей, якія не разумеюць, што такое рэальная палітыка.


Зянон Пазьняк чарговым разам прайшоўся па Віктару Бабарыку, а таксама Валеру Цапкалу, раскрытыкаваў тэзу «Абы не Лукашэнка». Раней ён катэгарычна заявіў, што «на сёньняшні дзень Бабарыка ёсьць патэнцыйна больш шкодны вораг беларускай нацыі, чым Лукашэнка». І калі меркаваць па дыскусіях у Фэйсбуку, у такога пункту гледжаньня нямала прыхільнікаў.

Дарэчы, менавіта такі мэсыдж прапануе і дзейная ўлада. Лукашэнка выступае ў вобразе абаронцы незалежнасьці, абвінавачваючы сваіх апанэнтаў, што яны расейскія агенты. Невыпадкова міністар замежных спраў Уладзімер Макей высока ацаніў пазыцыю Зянона Пазьняка.

Паколькі Віктара Бабарыку, хутчэй за ўсё, не зарэгіструюць кандыдатам у прэзыдэнты, то, думаю, у практычным пляне гэтая тэма праз кароткі час стане неактуальнай. Але сам па сабе факт, што ў крытычны момант беларускай гісторыі пэўная частка нацыянальна арыентаваных сілаў аказалася па адзін бок барыкад з рэжымам Лукашэнкі супраць большасьці грамадзтва — цікавы фэномэн, які заслугоўвае сур’ёзнага аналізу. Не прэтэндуючы на яго, прапаную некаторыя развагі.

Што насамрэч пагражае незалежнасьці Беларусі? Для значнай часткі палітызаванай публікі адказ відавочны: канечне, Расея.

Але я б гэты адказ сфармуляваў трохі інакш. Галоўная пагроза незалежнасьці палягае ва ўнутранай слабасьці дзяржавы, якой карыстаецца Расея.

Слабасьць жа вынікае найперш зь неэфэктыўнай эканомікі, дэфэктыўнасьці беларускай сацыяльнай мадэлі. З гэтай прычыны беларускім уладам даводзіцца ўвесь час вымольваць у Расеі льготныя цэны на газ і нафту, што дае падставы Маскве для моцнага ціску на Беларусь. Вось цяпер урад ліхаманкава вырашае праблему, дзе пазычыць валюты, каб сплаціць замежны доўг. А крэдыторы, як вядома, выстаўляюць умовы, што абмяжоўвае сувэрэнітэт краіны.

Затым — глыбокі раскол, востры ўнутраны канфлікт, які цяпер, падчас выбарчай кампаніі выплюхнуўся на паверхню, таксама спараджае ўнутраную слабасьць дзяржавы. (Тут я пагаджуся зь Яўгенам Прэйгерманам.)

Нарэшце, слабая нацыянальная ідэнтыфікацыя беларускага соцыюму дае спажыву для праекту «русского мира». (Дарэчы, тут я ня згодзен зь Віктарам Бабарыкам, што спачатку трэба ўмацаваць эканоміку, а ўсё астатняе — потым. Гэтыя пытаньні трэба вырашаць паралельна).

Усе гэтыя праблемы — наступствы палітыкі рэжыму Лукашэнкі. І пакуль ён ва ўладзе, вырашыць іх немагчыма.

Асноўная юрыдычная падстава для прымушэньня Расеяй Беларусі да інтэграцыі — дамова аб «саюзнай дзяржаве». Нагадаю, хто забыў: яе падпісаў Лукашэнка ў 1999 годзе. На парадку дня беларуска-расейскіх перамоваў цяпер 31 «дарожная мапа» па эканамічнай інтэграцыі. Узгоднена 27 ці 28 зь іх. 31-я мапа прадугледжвае пераход на адзіную валюту, стварэньне наднацыянальных органаў улады. Гэта ўсім вядомыя факты, але нехта пра іх ужо забыўся.

А Віктар Бабарыка якраз прапануе стварыць эфэктыўную эканамічную мадэль, здольную абысьціся без расейскіх ільготаў. Да таго ж ён вельмі скептычна паставіўся да праекту «саюзнай дзяржавы».

Акрамя таго, ня ўлічваецца такая акалічнасьць. Адхіліць Лукашэнку ад улады магчыма толькі ў выніку народнай рэвалюцыі. А пасьля рэвалюцыі гэта будзе зусім іншая краіна, хто б там ні стаў прэзыдэнтам. Дарэчы, Бабарыка прапануе вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году. І нацыянальна-дэмакратычныя сілы (як і іншыя) нарэшце атрымаюць права голасу, у іх зьявіцца рэальны ўплыў на прыняцьце палітычных рашэньняў.

Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі мы назіраем цікавы парадокс. Гэтая прэзыдэнцкая кампанія, здаецца першая ў беларускай гісторыі (хіба што можна параўнаць з 2015 годам), калі ўмяшаньне вонкавых сілаў у справы Беларусі мінімальнае. І Расея, і Захад нібы кажуць: мы даём беларусам самім вырашаць свой лёс.

Аднак, нягледзячы на гэта, з розных палітычных флянгаў робяцца вялікія намаганьні, каб штучна сканструяваць «руку Масквы». Спачатку Лукашэнка абвінавачвае Расею, што яна падтрымлівае ягоных апанэнтаў. З другога боку, частка нацыянальна-арыентаваных сілаў таксама назвала Бабарыку агентам Масквы.

То бок атрымліваецца, што частцы палітычнай клясы Беларусі неяк нават няўтульна ад таго, што ніхто ня ўмешваецца, што беларусаў пакінулі сам-насам са сваімі праблемамі. Маўляў, як гэта палітычны працэс у Беларусі можа адбывацца без удзелу Расеі? Гэта ж немагчыма сабе ўявіць, такога ня можа быць!

Вось такі расеецэнтрызм беларускай палітызаванай публікі адлюстроўвае вялікі комплекс нацыянальнай, дзяржаўнай непаўнавартасьці беларускага соцыюму.

І яшчэ. Чвэрць стагодзьдзя, як у Беларусі зьнікла рэальная палітыка. Зьявілася цэлае пакаленьне людзей, якія не разумеюць, што гэта такое. Адсюль такая дзіўная пазыцыя: калі няма ідэальнага кандыдата, то няхай застаецца Лукашэнка. А людзі, якія жывуць у краінах з разьвітым палітычным жыцьцём, разумеюць, што ідэальных палітыкаў і ідэальнай сытуацыі не бывае. Рэальная палітыка — гэта пастаянны кампраміс.

Последнее в рубрике