Ці ёсьць ваенная пагроза Ўкраіне з боку Беларусі? Ацэнкі экспэртаў
19.09.2021

Ці ёсьць ваенная пагроза Ўкраіне з боку Беларусі? Ацэнкі экспэртаў

Ці павялічыліся ваенныя пагрозы для Ўкраіны пасьля беларуска-расейскіх вучэньняў і ці будзе ўкраінскі бок пераглядаць меры бясьпекі на паўночнай мяжы?

Пра гэта Радыё Свабода даведалася ў экспертаў.

Галоўная пагроза — вайсковы альянс Беларусі і Расеі

Першае, на што зьвярнуў увагу дырэктар інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express Сяргей Згурэц, гэта зьмена падмурку вайсковага альянсу Беларусі і Расеі.

— Стратэгічныя наступствы і небясьпека ў тым, што пагроза сапраўды існуе і палягае ў стварэньні альянсу Расеі і Беларусі ў новым фармаце, у якім ён пачынае абапірацца на агрэсыўную рыторыку непасрэдна расейскага прэзыдэнта. Яе пачынае паўтараць і Лукашэнка з улікам свайго стаўленьня да NATO і фармулёўкі вонкавай пагрозы як спосабу стабілізацыі ягонага выключна палітычнага становішча, — мяркуе вайсковы экспэрт.

Сяргей Згурэц дадаў, што заявы Аляксандра Лукашэнкі пра намер купіць у Расеі і разьмясьціць на мяжы з Украінай комплексы супрацьпаветранай абароны С-400 можна расцаніць як вызначэньне Ўкраіны як умоўнага агрэсара.

— Гэта якраз стварае дастаткова трывожны ў стратэгічным вымярэньні грунт. І ў гэтым сэнсе вучэньні «Захад-2021» былі толькі дадатковым фактарам, які будзе, умоўна кажучы, забясьпечваць для Беларусі такую рыторыку і далей. А з улікам магчымасьці таго, што на тэрыторыі Беларусі застануцца асобныя вайсковыя арсэналы і фармаваньні асобных базаў, гэта стварае патэнцыйныя пагрозы для Ўкраіны.

Экспэрт перакананы, што ўкраінскія вайскоўцы будуць улічваць усе новыя абставіны ў апэратыўных плянах, а публічна пагрозы з боку Беларусі ня будуць абмяркоўвацца.

Сяргей Згурэц падкрэсьліў, што і раней плян абароны Ўкраіны распрацоўваўся з улікам зьяўленьня яшчэ аднаго ўчастку мяжы, на якім будзе патрэбен дадатковы кантроль.

— Ухваленьню пляну абароны папярэднічаў аналіз сямі розных сцэнароў магчымага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны. З улікам і сытуацыі зь беларускага кірунку, і з боку Прыднястроўя. Таму сілы і захады, якія на сёньня ёсьць ва ўкраінскай арміі, яны ня толькі арыентаваныя на мяжу і лінію сутыкненьня на ўсходзе Ўкраіны. Участак мяжы зь Беларусьсю таксама прыкрываецца.

Экспэрт нагадаў, што нядаўна ўздоўж украінскіх межаў адбыліся вучэньні сілаў спэцыяльных апэрацый.

— У нас таксама ўхвалены закон пра тэрытарыяльную абарону, які прадугледжвае крыху іншы падыход да абароны сваёй тэрыторыі з прыцягненьнем мясцовага насельніцтва, — то якраз гэты ўчастак мяжы, апроч прыкрыцьця звычайным арсэналам, таксама абапіраецца і на спосабы прыкрыцьця, аб’яднаныя з патэнцыялам сілаў спэцыяльных апэрацыяў, — удакладніў Сяргей Згурэц.

«Лукашэнка не кіруе бясьпекай Беларусі»

Міністар замежных справаў Украіны ў 2007–2009 гадах Уладзімер Агрызка мяркуе, што для Ўкраіны патэнцыйныя пагрозы зь Беларусі маюць сталы небясьпечны характар, незалежна ад таго, застануцца расейскія войскі на беларускай тэрыторыі пасьля вучэньняў ці не.

— Мы разумеем, што такое Расейская Фэдэрацыя і што такое цяперашняя сытуацыя для Лукашэнкі, калі ён фактычна ўжо не кіруе тым, што адбываецца ў краіне, і найменш у пляне бясьпекі. Таму для Ўкраіны гэтая тэма становіцца крытычна важнай і надзвычайна небясьпечнай, — сказаў Свабодзе Ўладзімір Агрызка.

Экс-міністар замежных справаў не выключае, што на тэрыторыі Беларусі застанецца расейская авіяцыя.

— А калі паглядзець геаграфію, дзе гэтая авіяцыя будзе разьмешчана, то падлёт да Ўкраіны будзе займаць некалькі хвілінаў. Таму гэта рэальная і вялікая небясьпека, і я лічу, што нашаму дзяржаўнаму кіраўніцтву варта ў тэрміновым парадку думаць пра тое, якім чынам ахоўваць нашыя паўночныя межы, — дадаў ён.

Уладзімір Агрызка мяркуе, што Ўкраіна пры неабходнасьці можа зьвярнуцца па міжнародную дапамогу.

— Скажам, нейкія вайсковыя вучэньні (праводзіць) усьцяж межаў, прысутнасьць тых ці іншых падразьдзяленьняў краін NATO і гэтак далей. А найперш — гэта адпаведны ўзровень узбраеньня, каб патэнцыйнаму агрэсару гэта было, па-першае, не па зубах, а па-другое, страты былі такімі, каб ён тройчы падумаў, ці варта на гэта ісьці і рабіць такія рэчы.

Экс-міністар перакананы, што пры неабходнасьці Вярхоўная Рада Ўкраіны дазволіць разьмясьціць на ўкраінскай тэрыторыі падразьдзяленьні замежных войскаў і краін NATO для правядзеньня супольных вучэньняў.

Што кажа ўкраінская выведка

Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, беларуска-расейскія вучэньні пачаліся яшчэ ў чэрвені, а з 10 да 16 чэрвеня ішла паказальная іх частка.

Ва Ўкраіне зьвярнулі ўвагу на тое, што сёлета на вучэньнях асабліва адпрацоўвалі элемэнты апэратыўнай сумяшчальнасьці беларускіх і расейскіх падразьдзяленьняў, а таксама пытаньні супрацьпаветранай абароны.

— Яшчэ адзін напрамак — хуткае нарошчваньне групоўкі расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі дзякуючы перадысьлякацыі з эўрапейскай часткі Расеі. Гэта сьведчыць, што Расея актыўна адпрацоўвае пытаньне стварэньня груповак і перамяшчэньня рэзэрваў. Мы бачым, што адпрацоўваюць нарматывы па перакіданьні войскаў, а таксама вывучаюць магчымыя раёны будучых баявых дзеяньняў і каардынуюць падразьдзяленьні пры дапамозе рэалізацыі элемэнтаў, якія ўжо ўласьцівыя апэрацыям у рэальных баявых умовах», — сказаў прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі ў адным з інтэрвію вайсковаму радыё «Армія».

Паводле яго, любое нарошчваньне расейскіх войскаў на межах з Украінай павялічвае ўзровень ваеннай пагрозы для краіны.

— Цяпер ідзе фармаваньне супольнага вучэбна-баявога цэнтру на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ два будуць створаныя на тэрыторыі Расеі. То, хутчэй за ўсё, беларускі цэнтар будзе выкарыстоўвацца для сталай прысутнасьці там расейскіх войскаў, — ня выключыў прадстаўнік выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

Последнее в рубрике