Ці дапаможа праўладная партыя захаваць аўтарытарызм у Беларусі
05.05.2021
Аляксандр Мазуркін, Цэнтр новых ідэй

Ці дапаможа праўладная партыя захаваць аўтарытарызм у Беларусі

Пытанне стварэння праўладнай партыі не новае, гутаркі пра трансфармацыю грамадскай арганізацыі «Белая Русь» у партыю ўжо ідзе цягам апошняга дзесяцігоддзя. Але які эфект будзе мець існаванне партыі ўлады на ўстойлівасць рэжыму?

Само па сабе пытанне стварэння палітычных партый у аўтарытарных краінах складанае і залежыць ад вялікай колькасці фактараў. Паколькі выбарчая сістэма ў такіх рэжымах цалкам або часткова кантралюецца праз фальсіфікацыі ці нядопуск да ўдзелу, то і сам працэс фармавання новых партый, як правіла, носіць кантраляваны або ўзгоднены характар.

Апошнім часам з’явілася шмат даследаванняў умоў з’яўлення менавіта партый улады ў аўтарытарных краінах. Грунтуючыся на іх, можна вылучыць наступныя заканамернасці.

1. Партыі ўлады ўзнікаюць толькі тады, калі з’яўляецца рызыка ўстойлівасці рэжыму

Сусветная практыка паказвае: калі ў аўтакрата дастаткова рэсурсаў або сілавых магчымасцяў, каб кіраваць у адзіночку, або калі іншыя рэжымныя эліты не могуць пагражаць паўстаннем, то ў лідара ніколі не будзе стымулу інстытуцыялізацыі сумеснага праўлення. І, адпаведна, калі рэжым сутыкаецца з сурʼёзнымі пагрозамі, якія ставяць пад сумнеў здольнасць аўтарытарнага лідара заставацца ва ўладзе, то стратэгічным адказам на гэта можа стаць развіццё моцных інстытутаў, напрыклад, падкантрольных палітычных партыяў. Гэта часткова тлумачыць, чаму дагэтуль партыя ўлады так і не была створаная ў Беларусі.

2. Партыя ўлады – адзін з найлепшых сродкаў кантралявання кіроўных эліт

Аўтакраты ствараюць праўладныя партыі не дзеля ўключэння шырокіх колаў грамадства ў палітычны працэс, а звычайна з дзвюма мэтамі: для вырашэння глыбінных канфліктаў унутры сістэмы ці забеспячэння транзіту ўлады ўнутры кіроўных эліт.

Вельмі верагодна, што стварэнне партыі ўлады Уладзіміра Пуціна – «Адзінай Расіі» – у свой час адыграла вельмі важную ролю для кансалідацыі кіроўных элітаў, сярод якіх у пачатку нулявых былі істотныя рознагалоссі. У свой час партыя «Нур Атан» Назарбаева стала, па сутнасці, галоўным інструментам забеспячэння ўстойлівасці аўтарытарнага рэжыму падчас самага спакойнага транзіту ўлады ва ўсім рэгіёне Цэнтральнай Азіі.

Адсутнасць партыі ўлады ў Беларусі на дадзены момант, хутчэй за ўсё, паказвае, што канфлікты ўнутры кіроўных элітаў вырашаюцца па-іншаму. Не разглядаецца таксама патэнцыйны транзіт улады праз палітычныя партыі.

3. Моцная інстытуцыялізацыя партыі ўлады з’яўляецца пагрозай для патэнцыйнай дэмакратычнай трансфармацыі

Існуюць шматлікія даследаванні наконт таго, што ўплывае на ўстойлівасць аўтарытарызму. Дадзеныя ўстойлівасці 135 рэжымаў у перыяд ад 1975-га года да 2000-га паказваюць, што існаванне, напрыклад, фармальнай шматпартыйнасці не ўплывае на ўстойлівасць аўтарытарызму. Аднак у краінах, дзе існуе аднапартыйная сістэма, то бок ёсць моцны інстытут партыі, верагоднасць захавання аўтарытарызму ў доўгатэрміновай перспектыве значна павялічваецца.

Нават калі ў Беларусі цяжка ўявіць узнікненне аднапартыйнай сістэмы, усё роўна варта назіраць за ўзроўнем інстытуцыялізацыі існых праўладных палітычных арганізацый і магчымай партыі ўлады. Пад інстытуцыялізацыяй разумеецца шырокая прысутнасць у кіроўных колах прадстаўнікоў эліт, мандат на прыняцце палітычных рашэнняў, устойлівая арганізацыйная структура, наяўнасць рэсурсаў і іх размеркаванне між элітамі.

Усё гэта накіравана на тое, каб зрабіць партыю аўтаномнай арганізацыяй, якая ў незалежнасці ад лідара магла б аднаўляць сама сябе і такім чынам рабіць рэжым устойлівым, асабліва падчас транзіту ўлады ці палітычнага крызісу. Так, устойлівасць аўтарытарнага рэжыму ў Кітаі забяспечваецца менавіта надзвычайна моцным інстытутам Кампартыі, а не адмысловымі магчымасцямі старшыні гэтай партыі ў дадзены момант, нягледзячы на яго, здавалася б, вельмі вялікія паўнамоцтвы.

4. Стварэнне моцнай партыі ў Беларусі малаверагоднае

Стварэнне партый улады – дастаткова складаны і дарагі спосаб, каб пераканаць эліты ў тым, што яны будуць атрымліваць даброты ад рэжыму і ў будучыні. Стварэнне партыі ўлады, нават фармальнае, таксама патрабуе пэўнай інстытуцыялізацыі заканатворчых органаў, напрыклад, праз наданне парламенту большай палітычнай вагі.

Таму развіццё моцных партый улады ў аўтарытарных краінах з’яўляецца дастаткова рэдкай зʼявай. Як правіла, яны выконваюць, хутчэй, фармальную ролю і ў іх няма ўнутраных аўтаномных і ўстойлівых структур. Звесткі па змене кіраўніцтва ва ўсіх недэмакратычных краінах ад 1946-га да 2008-га паказалі, што 57% усіх партый улады не выжываюць на працягу першага года пасля смерці або сыходу аўтакрата, абсалютная большасць з іх не вытрымлівае другой змены ўлады.

Беларускі рэжым не мае досведу стварэння моцных палітычных інстытутаў улады, што робіць малаверагодным рэалізацыю праекта моцнай партыі ўлады. Нават створаныя палітычныя праўладныя арганізацыі, як Белая Русь і БРСМ, паказалі вельмі нізкі ўзровень інстытуцыялізацыі і палітычнай аўтаноміі падчас падзеяў 2020-2021 гг.

Последнее в рубрике