Ці чакаць беларусам крэдытнай амністыі?
15.03.2021
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by

Ці чакаць беларусам крэдытнай амністыі?

Пра перспектыву скасавання крэдытных пазык у Беларусі.

Асноўныя паказчыкі эканомікі Беларусі ўжо працяглы час немінуча б’юць адзін антырэкорд за другім. Пакуль што камандна-адміністрацыйны апарат трымае курс валюты і інфляцыю «пасінелымі пальцамі» амаль на месцы, карыстаючыся пазыкамі ад Крамля і механізмамі абмежаванняў і стрымліванняў.

Але і гэтыя інструменты не заўжды даюць той вынік, якога відавочна ад іх чакаюць.

Напрыклад, стрымліванне і абмежаванне спажывецкага крэдытавання шляхам павелічэння працэнтных ставак мусіла б скараціць запазычанасць.

Але ў нядаўняй справаздачы Нацбанка бачым:

«Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах за год вырасла на 16,6 млн руб., склаўшы 52 млн. Фізічныя асобы агулам вінныя банкам 15,6 млрд рублёў. Лічба вырасла за год на 1,34 млрд».

Такая статыстыка неабавязкова сведчыць пра рост спажывецкага попыту, бо разам з ростам сумы пазык ён можа якраз такі скарачацца. Нягледзячы на тое, што спажыўцы могуць актыўна набываць тавары ў крэдыт у чаканні магчымай дэвальвацыі беларускага рубля.

Хутчэй за ўсё спажыўцы проста вымушаныя купляць самае неабходнае, у тым ліку прадукты харчавання, у крэдыт. Бо ў тым ліку праз рост цэн асобным катэгорыям грамадзян заробкаў можа ўжо не хапаць.

Як суседзі прымянялі крэдытную амністыю

У выпадку фатальнага пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне ёсць адразу некалькі магістральных кірункаў дзеянняў. Першы — лакальная лібералізацыя, якая фармальна закрывае вочы на пашырэнне шэрых і чорных схемаў заробкаў на ўзроўні шараговых грамадзян, дробных прадпрымальнікаў і невялічкіх фірмаў. Зніжэнне кантролю разам са скасаваннем некаторых падаткаў для самых незабяспечаных грамадзян дазваляюць апошнім банальна выжываць і здымаюць палітычную напружанасць у краіне. Дадаткова з’яўляецца больш шансаў на пераадоленне эканамічных цяжкасцяў.

Другі шлях — увядзенне жорсткага кантролю, карныя дзеянні з мэйтай спагнання дадатковых выплат у бюджэт. У выніку вялікая колькасць дробных прадпрымальнікаў, нягледзячы на пакаранні, усё ж выходзіць у шэрую зону, а ў грамадстве палітычная напружанасць расце разам з сацыяльнай. Збядненне грамадзян можа залежаць не толькі ад аб’ектыўных, але і ад суб’ектыўных і знешніх фактараў.

У Грузіі, напрыклад, дзяржаўныя органы добра разумеюць, што аб’ектыўна яны не ў стане пры наяўных, у тым ліку суб’ектыўных, абставінах забяспечыць усіх грамадзян працай і даходамі. Таму ў краіне для індывідуальных прадпрымальнікаў з абаротам менш за 12 000 долараў за год скасаваныя любыя падаткі, з абаротамі да 120 000 долараў падатак на прыбытак — 1%.

Такім чынам, дзяржава з аднаго боку здымае з сябе пэўную сацыяльную адказнасць перад самай беднай часткай грамадзян. І гэта адмоўная характарыстыка. Але ў той жа час дзяржорганы даюць шырокія магчымасці бескантрольна зарабляць спадзеючыся на ўласныя здольнасці і магчымасці. Іншы прыклад — Арменія. Дзе пасля прыходу да ўлады каманды Пашыняна таксама былі зробленыя крокі для паляпшэння эканамічнага становішча грамадзян. Новыя ўлады, разумеючы непазбежнасць нарастання крызісных з’яў у эканоміцы, скасавалі некаторыя падаткі, мытныя выплаты пры ўвозе аўтамабіляў. А таксама пайшлі на даволі беспрэцэдэнтны для постсавецкай прасторы крок — абвясцілі крэдытную амністыю для самых незабяспечаных жыхароў краіны.

Банкі і крэдытныя арганізацыі атрымалі дадатковыя стымулы прабачаць кліентам выплаты за парушэнне тэрмінаў пагашэння крэдытаў.

Яшчэ далей пайшлі ўлады Казахстана — краіны з цалкам адрознай ад армянскай эканомікай і палітычным ладам. Нягледзячы на рэсурсны лад гаспадаркі і вялікія валютныя паступленні ад замежных здабывальных кампаній, узровень жыцця большасці грамадзян Казахстана параўнальны з расійскім. Узровень нявыплат па крэдытах на момант увядзення крэдытнай амністыі там таксама быў даволі высокім. Замест таго каб уводзіць дадатковыя карныя захады, у Казахстане ўлетку 2019 года адначасова былі скасаваныя любыя беззакладныя запазычанасці перад банкамі для некаторых катэгорый грамадзян.

«У выніку каля 500 тыс. казахстанцаў цалкам спісалі пазыкі на суму не больш за 700 USD, а 1,2 млн пазыкантаў пазбавіліся фінансавых пакаранняў за нясвоечасовую аплату па крэдытах».

Немагчыма ўявіць у гэтых дзеяннях толькі абсалютную добрую волю і жаданне дапамагчы грамадзянам. Безумоўна, за папулізмам і памкненнямі стабілізаваць сацыяльна-эканамічнае становішча схаваны прагматызм неабходнасці разам з банкамі захаваць і павялічыць попыт і спажыванне. Але тым не менш.

Крэдытная амністыя толькі не для грамадзян Беларусі

Якім бы падобным да казахстанскага ні быў камандна-адміністрацыйны лад у Беларусі, хутчэй за ўсё беларусам не варта спадзявацца на добрую волю органаў кантролю і размеркавання рэсурсаў краіны.

Нягледзячы на ўсе заганы — тэрытарыяльна-кланавы фармат, раздачу канцэсій на вываз карысных выкапняў, карупцыю, — казахстанскія ўлады хаця б робяць выгляд, што прыслухоўваюцца да грамадства. У краіне, дзе дагэтуль захоўваецца нефармальная іерархія ў залежнасці ад паходжання, усё ж створаны інстытут палітычных партый, умоўна незалежных прафсаюзаў і СМІ. Нягледзячы на рэпрэсіі, прапановы пазасістэмных палітыкаў і партый могуць улічвацца падчас фарміравання працы дзяржорганаў. Так было і з крэдытнай амністыяй.

У сённяшняй Беларусі грамадзянам наўрад ці варта разлічваць на паслабленні ці праявы добрай волі з боку карна-прымусовых органаў.

Галоўнымі антыінфляцыйнымі сродкамі ў краіне пакуль што з’яўляюцца зніжэнне заробкаў бюджэтнікам і працаўнікам дзяржсектара, падвышэнне падаткаў і ўвядзенне дадатковых пабораў.

Банкаўскі сектар хутчэй будзе ратаваць прадпрыемствы з сумнеўнай будучыняй, чым пойдзе насустрач беларусам. Хіба што прапануе крэдыт на набыццё харчовых прадуктаў пад 30% гадавых.

Последнее в рубрике