Служыць Радзіме ці служыць рэжыму?
26.07.2019
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода, фота: bymedia.net

Служыць Радзіме ці служыць рэжыму?

Улада і грамадзтва па-рознаму ўяўляюць службу ў войску.

​Падпісаны Лукашэнкам «закон аб адтэрміноўках» будзе мець нэгатыўныя наступствы для беларускага грамадзтва.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў так званы «закон аб адтэрміноўках», які выклікаў вялікае абурэньне грамадзкасьці. Хоць былі пэўныя надзеі, што кіраўнік дзяржавы пойдзе насустрач грамадзкай думцы, унясе нейкія зьмены, каб улагодзіць незадаволенасьць людзей, асабліва маладых. Такія спадзяваньні грунтаваліся на тым, што апошнім часам (магчыма, у зьвязку зь дзьвюма выбарчымі кампаніямі) улады спрабуюць зьняць сацыяльнае напружаньне, дзе гэта магчыма. Вось выбачыліся перад цыганамі ў Магілёве, прыпынілі працу акумулятарнага заводу пад Берасьцем, зьмякчылі «наркатычныя» артыкулы Крымінальнага кодэксу. У рамках такога трэнду можна было спадзявацца, што і ў пытаньні прызыву ў войска ўлады ня будуць абвастраць сытуацыю. Але не. Лукашэнка падпісаў закон фактычна ў некранутым выглядзе.

«Закон аб адтэрміноўках» цалкам вынікае з палітычнай філязофіі існага беларускага рэжыму, якая палягае ў тым, што тут жывуць не грамадзяне, зь якімі трэба весьці дыялёг, улічваць іх думку, а падданыя дзяржавы. У іх няма правоў, а толькі абавязкі. З гледзішча такой лёгікі маладзёны, як трапна заўважыў Андрэй Паротнікаў, — проста «прызыўны рэсурс». Таму стаўка робіцца не на ўвядзеньне стымулаў для службы ў войску, а на прымус і пакараньне. Улады не пагаджаюцца нават на тое, каб пэрыяд выкананьня «абавязку і сьвяшчэннага доўгу» залічваўся ў пэнсійны стаж.

Адрынаньне грамадзянскага кантролю за войскам вядзе да таго, што яно нясе ў сабе шмат рысаў, перажыткаў Савецкай Арміі. Бяспраўны статус вайскоўцаў мае свае наступствы ў «дзедаўшчыне», суіцыдах прызыўнікоў, дзікіх выпадках, калі, прыкладам, хворага на рак хлопца прымусова забіраюць служыць.

Акрамя дэмаграфічнага чыньніку, які не дазваляе рабіць нармальны набор у войска без дадатковых высілкаў, ёсьць яшчэ адна прычына, чаму Лукашэнка падпісаў гэты закон. Цяпер актуалізаваліся дыскусіі, якое войска патрэбнае Беларусі: па прызыве ці па кантракце? Ня буду цяпер увязвацца ў гэтую спрэчку, а толькі зьвярну ўвагу на адзін чыньнік.

Справа ў тым, што, акрамя задачы абароны краіны, войска выконвае яшчэ адну функцыю. Кіраўнік дзяржавы шмат разоў казаў, што ўсе маладыя мужчыны павіны паслужыць — маўляў, што гэта за хлопец, які ня быў у войску, ён нейкі непаўнавартасны.

Лёгіка Лукашэнкі зразумелая. Справа ў тым, што ў аўтарытарнай дзяржаве войска — гэта яшчэ і спосаб аўтарытарнай сацыялізацыі грамадзяніна, школа падпарадкаваньня. А ў спалучэньні зь «дзедаўшчынай» — гэта мэханізм гвалту над чалавечай асобай, выпрабаваньне прыніжэньнем. І якраз гэтым яна выгадная існаму рэжыму. Бо чалавек, які прайшоў выпрабаваньне прыніжэньнем, зломлены, будзе пасьля войска, у цывільным жыцьці баяцца начальніка, які заўсёды мае рацыю, будзе асьцерагацца пратэставаць супраць існых парадкаў, будзе кіравацца прынцыпам, што пугай абуха не перабʼеш. З прыніжанага чалавека можна віць вяроўкі. Таму аўтарытарны рэжым несумяшчальны з войскам па найме, яму патрэбны ўсеагульны прызыў.

Старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, абмяркоўваючы згаданы закон, заявіў: «Асаблівым форсам стала „адкасіць“». Калі сапраўды так, то гэта азначае правал усёй працы па патрыятычным выхаваньні моладзі, увогуле ўсёй ідэалягічнай сыстэмы ў дзяржаве, з БРСМ і іншымі структурамі. Магчыма, краіна пажынае плады той дзяржаўнай палітыкі, якая адмаўляе фармаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці на аснове этнакультурных каштоўнасьцяў.

Цяжка сказаць, наколькі гэты закон узмоцніць беларускае войска. Адным зь ягоных наступстваў стане тое, што на службу будуць браць хворых, каб выканаць пляны, якія разьмяркоўваюцца па ўсіх раёнах. Скандальны выпадак з прызывам хворага на рак Міхала Рыштоўскага з Горадзеншчыны, пра які цяпер пішуць мэдыі, вельмі адметны. Баюся, што цяпер такіх прыкладаў будзе нямала.

Але відавочна, што гэты закон будзе мець нэгатыўныя наступствы ў іншых сфэрах. Гэта ўдар па сыстэме адукацыі, ламаньне ўсіх плянаў навучаньня. Пэўныя страты панясуць некаторыя эканамічныя галіны, найперш ІТ. І галоўнае — ён прывядзе да вымываньня за мяжу найбольш таленавітай моладзі.

Варта заўважыць, што ўвогуле гэта ня толькі беларуская праблема. Вось у Літве за першыя шэсьць месяцаў 2019 году ўхіліліся ад праходжаньня тэрміновай службы ў войску каля 7 тысяч прызыўнікоў. Справа ў тым, што на каштоўнасным узроўні пастулят аб прыярытэце правоў чалавека перад правамі дзяржавы, які ў эўрапейскіх краінах — канстытуцыйная норма, супярэчыць заканадаўчаму патрабаваньню аб «сьвяшчэнным доўгу» служыць у войску. У заходніх краінах гэтая супярэчнасьць вырашаецца за кошт ільготаў і стымулаў грамадзянам, якія пайшлі служыць, лібэральных умоваў службы (кожны выходны вайскоўцаў адпускаюць дадому), грамадзянскага кантролю за войскам.

Але ў Беларусі праблему спрабуюць вырашыць традыцыйна. Ня толькі з прычыны беднасьці, празь якую дзяржава ня можа даць ільготаў, а і таму, што ў кіроўнай эліце дамінуюць старыя савецкія ўяўленьні аб грамадзтве і войску.

Последнее в рубрике