Сяржук Бахун: «Ёсць адчуванне, што гэтым разам 25 сакавіка стане сапраўдным Днём Волі»
30.11.2020
Сямён Печанко, Салiдарнасць, фота Дзея

Сяржук Бахун: «Ёсць адчуванне, што гэтым разам 25 сакавіка стане сапраўдным Днём Волі»

Грамадскі актывіст разважае пра перспектывы пратэстаў, эфектыўнасць санкцый, будучыню мовы і сцяга.

У рамках спецпраекта «Што далей?» грамадскі актывіст Сяржук Бахун разважае пра перспектывы пратэстаў, эфектыўнасць санкцый і будучыню мовы і сцяга.

Гэтая кампанія будзе сумнай, пустой і праказальнай, як і ў 2015-м. Так я думаў у пачатку года. І я трымаўся гэтай думкі да 2 жніўня, калі ў Берасці адбылася сустрэча са Святланай Ціханоўскай. Для мяне стала нечаканай тая колькасць людзей, што прыйшлі на сустрэчу.
1

Фота Iгара Меляшко

У Берасці я быў на многіх акцыях, і мяне ўразіла ўбачанае. Пад сустрэчу адвялі не самае зручнае месца, але ў той парк прыйшлі тысячы чалавек, што вельмі шмат для горада. І вось тады я пачаў верыць, што беларусы гэтым разам выйдуць на вуліцы. І іх будзе куды больш, чым мы маглі сабе ўявіць.

Колькі яшчэ будзе трываць супрацьстаянне? Цяжка, натуральна, нешта загадваць. Але ёсць у мяне адчуванне, што ўсё гэта будзе працягвацца да вясны, магчыма, уключна з вясной. А можа і да Дня Волі. Ёсць адчуванне, што гэтым разам 25 сакавіка стане сапраўдным Днём Волі для Беларусі. Днём Волі-2. 

Узяць зброю ў рукі для мяне магчыма толькі ў выпадку знешняй агрэсіі, нападу на краіну. Ва ўсіх іншых выпадках зброяй павінны быць словы і выключна мірныя дзеянні.

Я тут разважаю з пазіцыі асабістых каштоўнасцяў. Для мяне тое, што ў цывілізаванай краіне людзей могуць збіваць і забіваць за погляды, не ўкладваецца ў галаву.

У ідэале змены павінны адбывацца дэмакратычным шляхам. У Беларусі сёння гэта немагчыма. І ў такой сітуацыі я не бачу альтэрнатывы мірным пратэстам.

Міліцыя з народам? Гэты лозунг я ўпершыню пачуў у часе Памаранчавай рэвалюцыі ва Украіне ў 2004-м. Там міліцыя сапраўды магла быць з народам, бо там існуе падзел уладаў.

У нас улада ўяўляе сабой маналіт, падзелу фактычна няма. І беларускія міліцыянты падпарадкоўваюцца толькі сваім начальнікам. Хоць прысягалі народу.

Я ўпэнены, што на ўжыванне гвалту і жорсткасці ёсць прамы загад. І ён выконваецца, бо сілавікі цалкам залежаць ад свайго камандавання. І ніяк не залежаць ад народа. І яны стануць з народам толькі тады, калі пачнуць залежыць ад яго волі. Як гэта зробіцца магчымым, іншае пытанне.

Санкцыі могуць і не дасягнуць сваёй канечнай мэты, гэта хутчэй сівалічны, маральны крок. Гэта форма цывілізаванай барацьбы, а не ўзброенае ўварванне, ці гібрыдная аперацыя. Гэта сігнал, што з некаторымі людзьмі і звязанымі з імі структурамі, цывілізаваны свет больш не хоча мець справы.

Я і сам карыстаюся прыкладаннем «Крама», каб не набываць тавары ад праўладных вытворцаў. Я разумею, што не павалю такім чынам чыйсьці бізнес. Але я памятаю сацыяльную рэкламу часоў захопу Крыма і Данбаса: у ёй быў паказаны ўкраінскі пакупнік, які «ўзбройваў» «зялёнага чалавечка», набываючы расійскія тавары.

Калі б Святлане Ціханоўскай на мінулы Новы год муж за сталом сказаў, што яна пойдзе ў прэзідэнты і будзе сустракацца з Макронам і Меркель, пэўна яна б сказала, што Сяргею больш не трэба наліваць.

Я не ведаю, якой менавіта будзе палітычная будучыня ў Святланы. Але думаю, беларусы прабачылі б ёй, калі б яна насуперак ранейшым абяцанням пайшла далей у палітыку. Яна ўжо многага дасягнула і высока ўзнялася.

Я палітолаг па адукацыі, але мне здаецца, што Святлану вядуць вышэшыя сілы, боскія. У яе ёсць місія на гэтай зямлі, і Бог яе вядзе.

Мае сімпатыі таксама на баку Паўла Латушкі. Чалавек мае вопыт у дзяржаўным кіраванні. Ён нацыянальнацэнтрычны, для яго важная каштоўнасць мовы і культуры.

Пра палітычную будучыню Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага цяжка казаць. Яны пакуль знаходзяцца ў закладніках.

Пратэстам бракуе лідара. Гэта адна з прычынаў, чаму яны зацягнуліся. Людзей выйшла дастаткова, каб дасягнуць жаданых пераменаў. Людзі выйшлі і працягваюць выходзіць. Яны агучваюць свае патрабаванні, пішуць іх на плакатах. Але не хапае таго, хто б ясна патлумачыў, што рабіць далей, у які бок рухацца.

Рэжым гэта выдатна адчувае, разумее. Таму і зачышчае гэтае поле, не дае з’явіцца тут патэнцыйнаму лідару, для якога выбар вельмі вузкі — альбо турма, альбо эміграцыя.

Захаду давядзецца дамаўляцца з Расіяй у беларускім пытанні. Усё ж Лукашэнка і яго атачэнне моцна завязаныя на Маскву — палітычна і эканамічна. Тыя ж чыноўнікі, колькі іх да нас прыехала адтуль. Міністры ўнутраных спраў — колькі за ўвесь час на гэтай пасадзе было беларусаў па нараджэнні?

Ёсць уплыў і на простых грамадзянаў, якія глядзяць расійскае тэлебачанне. Так, моладзь пераважна карыстаецца інтэрнэтам, але людзі сярэдняга веку і старэй працягваюць глядзець тэлевізар.

Ды і самой Расіі было б лепей мець справу з адэкватным і прадказальным кіраўніком.

Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» вернуцца. Я гэта цвёрда зразумеў у гэтыя дні. Яны перажывуць гэты рэжым, бо жывуць у сэрцах людзей. Яны столькі гадоў былі пад забаронай, але як толькі спатрэбіўся сімвал пратэсту, то бел-чырвона-белы сцяг узнік сам сабой. Фактычна, без варыянтаў. Я перакананы, што сцяг і «Пагоня» ізноў стануць дзяржаўнымі.

Моўнае пытанне больш складанае. Многія не бачылі прычынаў карыстацца беларускай мовай і не вучылі яе. Большасць людзей мову банальна забыліся і цяпер ім яе досыць складана прыняць.

Што тут можна зрабіць? Трэба ствараць якасны прадукт па-беларуску: музыку, кіно, літаратуру, рэкламу. Каб мова была вакол. І ў гэтым павінна ўдзельнічаць дзяржава, безумоўна.

1

Я сам прыйшоў да мовы праз захапленне футболам. У канцы 80-х — пачатку 90-х я глядзеў трансляцыі, якія агучваліся па-беларуску. І так мова ўвайшла ў маё жыццё праз любімую справу.

Урэшце, гэта наша каштоўнасць, наш брэнд, які можа служыць нам не толькі ў культурным кантэксце, але і эканамічным.

Як не згубіць аптымізм і супрацьстаяць стомленнасці. Раней я ведаў лічаных людзей у сваім доме. Цяпер жа пазнаёміўся з людзьмі з суседніх дамоў, з многімі. Мы мусім трымацца разам у гэтых дваравых супольнасцях. Мы ўжо ведаем, што нас шмат, што мы можам самастойна будаваць сваю краіну, але трэба працягваць, каб не губляць запал.

Мацукевич: Лукашенко будет следовать плану Путина только при продолжении протестов

Последнее в рубрике