Што будзе зь дзецьмі Святланы Ціханоўскай
15.06.2020
Наста Захарэвіч, Радыё Свабода

Што будзе зь дзецьмі Святланы Ціханоўскай

За сьпінамі герояў звычайна ёсьць нябачнае войска — людзі, якія вырашаюць прыземленыя побытавыя праблемы, пакуль героі ўласна геройствуюць. Таму ў нашай палітыцы так шмат герояў і так мала гераінь — за жанчынамі вельмі рэдка калі ёсьць якасны тыл.

І гэта не прыродны расклад, а цалкам сацыяльна сфармаваны фэномэн: жанчыны традыцыйна (і, як правіла, паралельна з працай) займаюцца хатнімі клопатамі, сярод якіх — абслугоўваньне дзяцей і, пры неабходнасьці, іншых родных. У мужчын дзякуючы гэтаму зьяўляецца шмат дадатковых магчымасьцяў для самарэалізацыі і рызыкоўных рашэньняў. Дзякуючы жонкам яны могуць рызыкаваць, бо тыя іх прыкрыюць — будуць шукаць адвакатаў, насіць перадачы, супакойваць старых бацькоў і гадаваць дзяцей. Не заўжды схема працуе менавіта такім чынам, але апісаны мной сцэнар даволі распаўсюджаны.

І калі жанчына ня робіць рэзкіх рухаў у палітыцы, яе можна, канечне, абвінаваціць у нясьмеласьці і адсутнасьці дастатковай рашучасьці. Але перад гэтымі абвінавачваньнямі варта прыглядзецца больш уважліва да яе жыцьця і паспрабаваць адказаць на пытаньне, чым і кім яна рызыкуе.

Понимает ли Бабарико, во что ввязался?

Яскравы прыклад у цяперашняй выбарчай кампаніі — гэта сям’я Ціханоўскіх. Да затрыманьня Сяргей быў вельмі актыўным і, можна сказаць, бясстрашным. Святлана паводзіць сябе інакш. Верагодна, адыгрывае ролю яе характар у цэлым, але нельга ігнараваць і вельмі шчырае і прагматычнае пытаньне: «А што будзе зь дзецьмі?»

Што будзе зь дзецьмі, калі распачнецца моцны ціск на саму Святлану? Дзе яны будуць жыць, што яны будуць есьці, хто будзе дзьмуць на іх разьбітыя каленкі і хто будзе цалаваць іх перад сном?

З інтэрвію са спадарыняй Святланай вынікае, што Сяргей раней шмат працаваў за мяжой, яны маглі падоўгу ня бачыцца, так што паўсядзённае жыцьцё дзяцей ня надта зьмяняецца ад таго, на волі іх бацька ці не. Яго не было часамі раней, няма і цяпер. А вось калі пачнуць па-сапраўднаму ціснуць на Святлану, зьменіцца ўсё.

Я не хачу ацэньваць, ці добры бацька, муж і сын Сяргей Ціханоўскі. Я проста адзначаю, што ён можа сабе дазволіць рызыкаваць, бо побытавыя праблемы Святлана вырашыць за яго. А вось сама Святлана, баюся, ня можа пахваліцца такім жа ўзроўнем свабоды. Як кажуць, лішніх дзяцей ёй ня выдалі, так што гэтых трэба берагчы.

І можна доўга разважаць, што Сяргей — адчайны і бясстрашны змагар, варты безумоўнай павагі, а Святлана — «проста» напужаная маці і жонка, збольшага абыякавая да палітыкі. Але яна робіць роўна тое, што можа сабе дазволіць, не ігнаруючы пры гэтым вельмі прыземленыя і нерамантычныя паўсядзённыя патрэбы дзяцей і зьвязаныя з гэтым яе абавязкі.

Разьмеркаваньне сямейных абавязкаў — гэта сыстэмная гендэрная праблема, якую вельмі лёгка ігнараваць, сьпісваючы ўсё на асаблівасьці характару асобна ўзятых людзей. Тое ж самае тычыцца і невялікай колькасьці жанчын на вяршынях палітычнага актывізму. Ёсьць вялізная спакуса сьпісаць усё на тое, што мы ня надта амбітныя па прыродзе і ў нас не хапае матывацыі і цярплівасьці, каб трываць рэпрэсіі. Але справа ў тым, што жанчыны часьцей думаюць ня толькі пра ўласныя амбіцыі, але і пра наступствы ўласнай дзейнасьці для людзей, якія ад іх (нас) залежаць.

У гераінь вельмі часта няма войска за сьпінай.

Марціновіч: «Эфектыўнымі арышты застаюцца, калі трэба спужаць меншасць. Калі ж загула большасць…»

Последнее в рубрике