Што будзе, калі Беларусь заплаціць за нафту, «як усе». Разьбіраемся з экспэртамі
11.02.2020
Радыё Свабода, фота: Васіль Фядосенка, REUTERS

Што будзе, калі Беларусь заплаціць за нафту, «як усе». Разьбіраемся з экспэртамі

«Будзем набываць нафту па сусьветных цэнах», — з такой фармулёўкай скончыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Сочы. Свабода разабралася, што гэта значыць для беларускай эканомікі.

Вынік сочынскіх перамоў Лукашэнкі і Пуціна агучыў першы віцэ-прэмʼер беларускага ўраду Дзьмітры Круты.

—Калі казаць пра дамоўленасьці аб нафце, нафтавым рынку, то расейскі бок згадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасьці з расейскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўстанаўліваюцца на сусьветным рынку. Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перамоў неаднаразова патрабавалі наш прэзыдэнт, беларускі бок. Што Беларусі ня трэба ніякіх спэцыяльных эксклюзіўных умоў. Мы хочам купляць нафту па сусьветных цэнах і ня горшых, — сказаў чыноўнік.

Глядзім, што гэта за ўсясьветныя цэны.

1

«Ніякіх усясьветных цэнаў няма, гэта бессэнсоўна»

Цана на расейскую нафту складаецца з уласна кошту, экспартнага мыта і прэміяў для кампаній, якія гэтую нафту здабываюць. Экспартнага мыта Беларусь, у адрозьненьне ад іншых краін, ня плаціць. Вось так формулу тлумачыць старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

— Фраза аб усясьветных цэнах бессэнсоўная. Пры экспарце з Расеі няма сусьветных цэнаў. Цана для ўсяго сьвету ўключае экспартнае мыта. Беларусі прадаюць за тую ж цану, але без экспартнага мыта. Пры падатковым манэўры экспартнае мыта зьніжаецца, таму і зьніжка для Беларусі становіцца меншай. Перамовы Беларусі і Расеі былі вакол прэміяў для расейскіх нафтавых кампаніяў, якія плаціць Беларусь. Праз гэтую фразу пра сусьветныя цэны вынік перамоваў абсалютна незразумелы, — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

У 2019 годзе Беларусь набывала ў Расеі нафту ў сярэднім па 49 даляраў за барэль, цана на расейскую нафту для іншых краін была на 13-15 даляраў вышэйшай.

1

Што будзе, калі Беларусь заплаціць за нафту, «як усе»

Калі Беларусь будзе набываць расейскую нафту па іншых цэнах, то гэта адабʼецца на беларускіх НПЗ, а пасьля і на грамадзянах. Падаражэе паліва для ўнутранага рынку, а за ім і тавары з паслугамі.

—Гэта зьніжэньне рэнтабэльнасьці нафтаперапрацоўкі і экспарту нафтапрадуктаў. Вырастуць цэны на паліва і павялічыцца цана на сыравіну для беларускай нафтахімічнай галіны. Пры той жа глыбіні нафтаперапрацоўкі, як цяпер, сфэра стане менш рэнтабэльнай, магчыма, трэба будзе зьніжаць абʼёмы перапрацоўкі, — лічыць Вадзім Іосуб.

Але ўсё гэта можа адбыцца хіба пасьля 2024 году, калі ў Расеі завершыцца падатковы манэўр.

У такой сытуацыі Беларусі давядзецца пераглядаць сваю эканамічную мадэль, што, на думку эканаміста, кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука якраз пазытыўна.

— Будзе нармалізацыя паліўнага рынку, Беларусь зможа плянаваць дзяржаўныя і карпаратыўныя фінансы, як і патрабуе таго эканоміка. Беларускія ўлады вымушаныя будуць разьлічваць на іншыя рэсурсы эканамічнага росту. Дагэтуль Расея давала Беларусі крыніцы эканамічнай дапамогі, і гэта здымала неабходнасьць рэфармаваць дзяржаўны сэктар. Пытаньне, на каго лягуць праблемы з нафтай: на нафтаперапрацоўчую галіну ці на людзей. Бо ў апошнім выпадку вырастуць цэны для людзей, — разважае Яраслаў Раманчук.

Дзе Беларусь цяпер купляе нафту

Да перамоваў з Пуціным Беларусь сёлета набывала нафту толькі ў расейскіх прыватных кампаній Міхаіла Гуцэрыева. Таксама партыю нафту Беларусь закупіла ў Нарвэгіі. Нафтаперапрацоўчыя заводы, з улікам спыненьня паставак з Расеі, былі вымушаныя працаваць на мінімальнай магутнасьці.

1

Таксама Беларусь спрабавала шукаць нафту ў іншых крыніцах, вяліся перамовы з Казахстанам, Літвой, Латвіяй.

—Альтэрнатыўныя пастаўкі прапрацоўваюцца. Ня буду анансаваць, але ёсьць ужо практычна гатовыя кантракты. Гэта тычыцца ня толькі самой нафты, але і лягістычных каналаў яе паступленьня. Гэта ўжо будзе не па парта́х ці чыгунцы, гэта будуць ужо іншыя кірункі. Гэта значыць, мы цяпер працуем у розных напрамках і адпрацоўваем розныя гатункі [нафты], — так ахарактарызаваў пошук альтэрнатыўных крыніц нафты кіраўнік «Белнафтахіму» Андрэй Рыбакоў 22 студзеня.

Падчас свайго візыту ў Беларусь дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо прапанаваў Беларусі зьвярнуцца па нафту ў ЗША.

Последнее в рубрике