Што азначаюць для Беларусі расейскія пратэсты?
25.01.2021
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода, фото: varlamov.ru

Што азначаюць для Беларусі расейскія пратэсты?

Што больш за ўсё ўражвае ў расейскіх пратэстах, гэта тое, што цяперашні палітычны крызіс абсалютна рукатворны. Ён адпачатку штучна справакаваны самім пуцінскім рэжымам. Я не задаю пытаньня, навошта было труціць Аляксея Навальнага. Адказ на яго больш складаны.

Але вось на пытаньне, навошта быў патрэбны ягоны арышт, адказ ёсьць. Гэта, скажам мякка, невысокая здольнасьць людзей ва ўладзе, якія прымаюць рашэньні, пралічваць наступствы сваіх дзеяньняў.

Першапачатковая лёгіка Крамля была зразумелая: выціснуць Навальнага за мяжу, ператварыць яго ў эмігранта і такім чынам зрабіць бясьпечным для пуцінскага рэжыму. Бо тады любыя ягоныя фільмы пра палацы і карупцыю высокіх чыноўнікаў можна было б абвясьціць падкопамі амэрыканскай выведкі, заходняй змоваю і інш. Па аналёгіі з тым, што зрабіў Лукашэнка, выціснуўшы ў краіны Эўразьвязу Сьвятлану Ціханоўскую, Паўла Латушку і іншых небясьпечных апанэнтаў.

Навальны адным простым рашэньнем вярнуцца паламаў увесь крамлёўскі сцэнар. Прычым дзейнічаў ён ня толькі мужна і самаахвярна, але і тэхналягічна. Апазыцыйны палітык пакінуў Крамлю невялікі выбар (арыштоўваць ці не), прычым любы зь іх — дрэнны для ўладаў. І якраз у гэты момант зьяўляецца фільм пра палац Пуціна.

У выніку атрымалася, што Крэмль уласнымі рукамі стварыў з Навальнага народнага героя, пакутніка, які паўстаў пасьля атруты, як фэнікс з попелу.

Калі ацэньваць дзеяньні расейскіх уладаў, то міжволі напрошваюцца паралелі зь Беларусьсю. Калі палітыкі доўгі час знаходзяцца ва ўладзе, то яны трацяць адэкватнасьць, робяць усё больш памылак, штучна ствараючы крызіс. Цяперашнія падзеі ў Расеі вельмі добра ілюструюць тэзіс, што любая рэвалюцыя — вынік нейкіх глупстваў кіроўных колаў. Рэжым Пуціна, як і рэжым Лукашэнкі, зьнішчыў зваротную сувязь з грамадзтвам. У выніку гэтага абодва рэжымы асуджаныя на тое, каб рабіць памылкі, грубыя праколы, самастрэлы.

Ва ўмовах інфармацыйнага плюралізму ўлада ўжо ня ў стане навязваць грамадзтву свой парадак дня. Вось фільм пра палац Пуціна за чатыры дні набраў больш за 70 млн праглядаў на YouTube.

Усё разам сфармавала гарачы палітычны кактэйль і ўзарвала сытуацыю. Акцыі пратэсту па ўсёй Расеі 23 студзеня паказваюць, наколькі наэлектрызаваная палітычная атмасфэра ў краіне. Магчыма, у Расеі, як і ў Беларусі, вуліца становіцца трывалым палітычным чыньнікам.

Між тым беларускія дзяржаўныя мэдыя ўспрынялі пратэсты ў Расеі з дрэнна прыхаванай радасьцю. Маўляў, казаў жа Лукашэнка, што арганізаваны Захадам пратэставы выбух у Беларусі насамрэч скіраваны супраць Расеі. Дык вось і пацьверджаньне.

Радасьць афіцыйнага Менску зразумелая. Цяпер беларускі і расейскі рэжымы апынуліся ў адным акопе. Як заўважыў раней Лукашэнка, будзе час, калі нам з Пуціным давядзецца сьпінай да сьпіны стаць і адстрэльвацца. Дык вось, магчыма, такі час набліжаецца.

У практычным сэнсе гэта азначае, што падтрымка Масквой беларускага рэжыму стане безумоўнай. Пуціну цяпер цяжа будзе штурхаць Лукашэнку да транзыту ўлады ці нейкага дыялёгу з народам. Бо сам Крэмль не ўспрымае расейскі народ як палітычны суб’ект. Дык як ён можа нечага патрабаваць ад Лукашэнкі?

А для грамадзкасьці, якая пратэстуе ў Беларусі, расейскія падзеі сталі стымулам і надзеяй.

Последнее в рубрике