Што адбываецца з ІП, якім хочуць падвысіць падаткі
23.04.2021

Што адбываецца з ІП, якім хочуць падвысіць падаткі

Сёлета ў лютым Дзяржкантроль накіраваў ліст у Міністэрства фінансаў з прапановай зьменаў для індывідуальных прадпрымальнікаў: падвысіць падаткі і ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны.

Што адбываецца цяпер, высвятляе Радыё Свабода.

Найперш Камітэт дзяржаўнага кантролю прапанаваў падвысіць падаходны падатак (у некаторых выпадках), а таксама ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны.

Сярод прапановаў таксама адмена адзінага падатку для ІП. Пачаць уводзіць зьмены прапанавалі з тых, хто займаецца «высокадаходнымі відамі дзейнасьці» — зборка мэблі, аддзелачныя працы, дадатковыя жыльлёва-камунальныя паслугі.

У Беларусі 272 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, іх доля ў агульным абʼёме ВУП Беларусі — 3,2%. У студзені-лютым на ІП прыпадала 9% розьнічнага гандлю.

Пры гэтым розьнічны гандаль у першым квартале гэтага году зьнізіўся на 4,5%. Гэта значыць, прадпрымальнікі страцілі частку прыбытку і без дадатковых падаткаў.

Аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» зьвярнулася ў Мінфін, каб там патлумачылі, ці зьбіраюцца падымаць падаткі.

У адказе за подпісам першага намесьніка міністра фінансаў Дзьмітрыя Кійко гаворыцца, што «карэкціроўкі могуць быць прынятыя ў Падатковы кодэкс у 2022 годзе». Але — «з улікам меркаваньняў зацікаўленых бакоў, выказаных на розных кансультацыйных пляцоўках».

На думку старшыні «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанкі, улады могуць застацца без падаткаў наогул.

—Падаткі могуць падняць, але як яны іх зьбяруць? Сёньня цяжка бізнэсу, бо істотна прасела эканоміка. Калі яны хочуць зусім застацца без падаткаў, то можна. Відаць, ва ўрадзе знайшліся людзі, якія патлумачылі гэтую сытуацыю, таму такое рашэньне хутка не прынялі, — кажа Анатоль Шумчанка.

«Падвышэньне можа быць і кропкавае, яны канчаткова не адышлі ад гэтай ідэі. Але тады нехта сыдзе ў цень, нехта наогул перастане плаціць падаткі — да кожнага кантралёра не прыставіш», — кажа Анатоль Шумчанка.

Раней улады падвысілі падаткі для сфэры ІТ і апэратараў мабільнай сувязі, а таксама ўвялі ўвозныя пошліны на некаторыя віды тавараў.

Последнее в рубрике