Што адбываецца з нафтай і далярам падчас міжнародных канфліктаў

Што адбываецца з нафтай і далярам падчас міжнародных канфліктаў

Падчас атакі Іранам вайсковых базаў ЗША ў Іраку цана на нафту рэзка падскочыла, а пасьля панізілася. Даляр таксама пачаў умацоўвацца. Што адбылося і як гэта закранае Беларусь?

Пры канфлікце ў нафтавых краінах цана на нафту расьце

8 студзеня Тэгеран запусьціў больш за дзесяць балістычных ракет з тэрыторыі Ірану ў напрамку як мінімум дзьвюх ірацкіх вайсковых базаў, на якіх разьмяшчаюцца войскі ЗША. Адразу пасьля гэтага цана на нафту пачала расьці.

Перад гэтым нафта каштавала 68 даляраў да барэль. Пасьля ўдару Ірану яна падскочыла адразу да 71 даляра. Але калі стала зразумела, што далейшай эскаляцыі канфлікту ня будзе, нафта пачала таньнець.

— Нестабільнасьць у нафтаздабыўных рэгіёнах адразу прыводзіць да падаражэньня нафты, бо робіцца выснова, што гэта прывядзе да скарачэньня здабычы ці да скарачэньня паставак. Як толькі стала зразумела, што ахвяраў у амэрыканцаў няма, у рынку ўзьнікла ідэя, што адказу амэрыканцаў ня будзе. Тады цана на нафту пачала зьніжацца. Падзеньне паскорылася падчас брыфінгу Трампа, дзе не было сказана пра нейкія ваенныя дзеяньні ў адказ. Нафта спынілася на адзнацы 65,5 даляра за барэль, — кажа Вадзім Іосуб, старшы аналітык «Альпары».

Атрымліваецца, нафта паднялася да 71 даляра за барэль, а пасьля ўпала ніжэй, чым на пачатку канфлікту: з 68 да 65,5 даляра.

Такім чынам, падчас канфліктаў у нафтаздабыўных краінах цана на нафту расьце, пакуль не становіцца зразумела, што канфлікт вычарпаны ці ягонага працягу ня будзе. Калі канфлікт адбываецца ня ў нафтавай краіне, такой тэндэнцыі няма. Такія канфлікты закранаюць толькі фондавыя рынкі суседніх краін.

Даляр таксама расьце, бо гэта «валюта прыстанішча»

Падчас ірана-амэрыканскага канфлікту даляр таксама даражэў, але ня так рэзка, як нафта. Гэта магло быць не зьвязана наўпрост з канфліктам, кажа Вадзім Іосуб. Але пры гэтым даляр, як швайцарскі франк ды ена, — гэта «валюта прыстанішча».

—Калі ў сьвеце нарастаюць палітычныя, эканамічныя рызыкі — інвэстарам становіцца страшна за свае сродкі, разьмешчаныя ў краінах, якія разьвіваюцца, яны пераводзяць іх у даляры. Рост нейкіх геапалітычных рызык гуляе на карысьць даляра, — кажа Вадзім Іосуб.

Як гэта адбіваецца на Беларусі

Для Беларусі як пакупніка нафты важная цана на гэтую сыравіну. Але пры гэтым важная і высокая цана на нафтапрадукты, якія Беларусь робіць з нафты і прадае за мяжу.

— Высокая цана на нафту Беларусі больш цікавая, чым нізкая. Але для нас важныя доўгія тэндэнцыі. Калі гэта адбываецца на працягу аднаго дня, то не адаб’ецца на эканоміцы. Калі цана на нафту расьце месяцамі, ці месяцамі падае, — гэта больш адбіваецца на беларускай эканоміцы, — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Такім чынам, нядаўнія скачкі цаны на нафту наўрад ці адаб’юцца на эканоміцы Беларусі. Бо Беларусі важнейшая доўгая пэрспэктыва зьменаў цаны. І выгадней, каб нафта даражэла, бо за ёй даражэюць нафтапрадукты, якія Беларусь прадае.

Может ли Беларусь обойтись без российской нефти?

Последнее в рубрике