Што адбываецца ў шпіталі, нібыта вольным ад каранавірусу
07.05.2020
Наста Захарэвіч, Радыё Свабода

Што адбываецца ў шпіталі, нібыта вольным ад каранавірусу

24 красавіка мяне шпіталізавалі ў кардыялягічнае аддзяленьне менскай лякарні хуткай дапамогі. Трапляць у стацыянар у час пандэміі — вельмі кепская ідэя, але паліклініка мне дапамагчы ня здолела, і давялося ехаць у лякарню.

Фармальна гэты шпіталь лічыцца «чыстым» — у тэорыі гэта значыць, што тут няма каранавірусу. На практыцы ж усё інакш. COVID-19 тут дыягнастуюць рэгулярна, але пацыентаў і пацыентак з такім дыягназам адразу перавозяць у іншыя лякарні.

За 12 дзён, што я тут ляжу, у маім аддзяленьні каранавірус знайшлі мінімум у чатырох чалавек. Траіх перавезьлі, а адну не пасьпелі — яна памерла ў рэанімацыі. COVID-19 быў далёка не адзіным і дакладна ня самым сур’ёзным яе дыягназам. Таму я не хачу спэкуляваць і не бяруся выстаўляць гіпотэзы, якую ролю ён адыграў у сьмерці гэтай жанчыны. Я проста шчыра спачуваю яе родным.

Пра яе сьмерць і гісторыю хваробы я ведаю таму, што пэўны час яна была маёй суседкай па палаце і я размаўляла праз тэлефон зь яе дачкой і ўнукам. Цяпер я кантакт першага ўзроўню. Як і астатнія чатыры жанчыны з нашай палаты.

Калі ў аддзяленьні даведаліся, што ў нябожчыцы быў станоўчы вынік тэсту на каранавірус, нас усіх перасялілі ў іншую палату, а тую ў хуткім часе будуць дэзынфікаваць. Ужо ў новую палату да нас сёньня прывезьлі дзьвюх новых пацыентак — адну вярнулі пасьля сутак у рэанімацыі, з другой мы сутыкаемся ўпершыню. Безумоўна, правільней было б не падсяляць да нас новенькіх, але такой магчымасьці няма — усяго ў аддзяленьні цяпер пяць палат: у дзьвюх ляжаць мужчыны, адна жаночая цалкам занятая, адна на дэзынфэкцыі, а ў нашай акурат былі месцы.

Частка аддзяленьня тут завешана шторамі. За імі — так званая чыстая зона. Там мэдыкі знаходзяцца без засьцерагальных касьцюмаў — ядуць, кансультуюцца адзін з адным...

Але чысьціня ў гэтай сытуацыі — паняцьце вельмі ўмоўнае. І абароненыя ўсе таксама вельмі ўмоўна. «Раней нас ізалявалі як кантакты першага ўзроўню, калі ў некага ў аддзяленьні знаходзілі каранавірус. Але хутка стала зразумела, што з такім падыходам працаваць ня будзе каму, — кажа адна з мэдсёстраў аддзяленьня. — І тады нас сталі лічыць кантактамі другога ўзроўню, бо мы ж у масках».

Рассказывать об источнике заражения и контактах. Обновлены правила самоизоляции для белорусов

Ежу тут развозяць па палатах, працэдуры ўсе праводзяць таксама на месцы, а на калідор просяць выходзіць толькі пры сапраўднай неабходнасьці і абавязкова ў масцы. Душ не карыстаецца вялікай папулярнасьцю, дык сястра-гаспадыня, якая цяпер стала санітаркай, мые яго з дэзынфэкцыяй пасьля кожнага чалавека. Усе робяць, што могуць, але гэта, як відаць, ня надта дапамагае.

Калі людзі паступаюць у стацыянар, ніхто ня ведае, ці ёсьць у іх каранавірус. Шмат каму тут робяць тэсты, але іх вынікаў даводзіцца чакаць у агульных палатах, і за гэтыя дні чаканьня заражаюцца навакольныя. Тады тых, у каго пацьвердзіўся дыягназ, адсюль вывозяць, а кантакты першага ўзроўню тэстуюць. І падсяляюць да іх новых людзей, таму што больш проста няма куды. І калі ў некага з тых кантактаў першага ўзроўню будзе станоўчы вынік тэсту, іх таксама вывозяць. Гэта бясконцы працэс, які ў цяперашніх умовах ніяк не спыніць.

Адна з мэдсёстраў аддзяленьня нядаўна прабыла тут 36 гадзін, пасьля чаго сышла на адну ноч і зранку зноў вярнулася на працу. Астатнія працуюць збольшага суткі праз суткі.

Калі ласка, заставайцеся дома, калі ў вас ёсьць такая магчымасьць.

Ученые объяснили заразность коронавируса

Последнее в рубрике