Сацыёлаг Коршунаў: «Улады пачынаюць ідэалагічную падрыхтоўку да рэферэндуму»
25.11.2021

Сацыёлаг Коршунаў: «Улады пачынаюць ідэалагічную падрыхтоўку да рэферэндуму»

Пра што кажуць праўладныя сацапытанні і як іх збіраюцца праводзіць?

— Улады такі пачынаюць ідэалагічную падрыхтоўку да рэферэндуму, — адзначае старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў на сваеім канале Што думаюць беларусы. — Падаецца, быў ўлічаны эпік фэйл мінулага электаральнага году, калі з хоць некіх лічбаў па грамадскай думцы былі толькі анлайн-апытанні на вялікіх інтэрнэт-пляцоўках (што спарадзілі мем пра 3%). Зараз мусім чакаць стос нейкіх лічбаў ад дзяржаўных сацыёлагаў.

У якасці першай ластаўкі сацыёлаг назваў дадзеныя тэлефоннага апытання пра стаўленне беларусаў да рэферэндуму ад кіраўніка сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ Ірыны Лашук. Яна агучыла такія лічбы: «У падтрымку рэферэндуму выказаліся 62% апытаных (43,8% – «падтрымліваюць» і 18,3% – «хутчэй падтрымліваюць»). Пра неабходнасць зменаў у Канстытуцыю заявілі 63,1% (32% – «так» і 30,4% – «хутчэй так»)».

— Ну што тут казаць, — адзначае Генадзь Коршунаў. — Ідэя зрабіць менавіта тэлефоннае апытанне цалкам зразумелая – пры сучасным узроўні трывожнасці менавіта ў тэлефонным апытанні страх дасць найбольшы перакос у праўладны бок.

Сацыёлаг таксама адзначыў, што зараз ідзе яшчэ адно даследаванне (гэта тыя 24 пытання, што зліліся ў сеціва). І гэтае даследаванне ахопіць 10000 чалавек.

— Тут што цікава – гэта, падаецца, ужо досвед даследавання, што праводзілася пад ВНС. Там нам таксама нешта казалі пра 10000. Вось дзе ўжо дурноцце! Навошта патрэбныя гэтыя 10к? Стандарт выбаркі для Беларусі – ад 1100 да 2600. Гэтага цалкам дастаткова, — адзначае Коршунаў.

Сацыёлаг выказвае сваю здагадку, навошта ўладам спатрэбілася гэтая лічба ў 10000.

— Падаецца, усё проста – толькі для магіі лічбаў. Нібыта апытаць 10000, гэта як на выбарах атрымаць 80%. Ці нават 90%! — лічыць Генадзь Коршунаў. — Ну і праз такія лічбы зразумела, як гэтае даследаванне будзе ісці – апытанні на заводах, прадпрыемствах, праз прафсаюзы, БРСМ і Белую Русь. Яно і раней збольшага было зразумела, якія лічбы там намалююцца і ў выніку трапяць у медыя. А зараз ясна, што адэкватнай інфармацыі, якая магла бы трапіць да замоўніка, не будзе ўвогуле. Будзе проста шыла.

Як не была патрэбная ўладам зваротная сувязь, так і зараз яна залішняя. Проста малюем карцінку «газавым святлом», — заключае сацыёлаг.

Последнее в рубрике