Рудкоўскі: «Стаўка на рэпрэсіі ў разы падвышае імавернасьць каляпсу сыстэмы»
16.12.2020
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Рудкоўскі: «Стаўка на рэпрэсіі ў разы падвышае імавернасьць каляпсу сыстэмы»

Дырэктар недзяржаўнага Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётра Рудкоўскі аналізуе кардынальныя перамены, якія адбыліся за апошнія гады ў беларускім грамадзтве, заяўляе, што рэпрэсіі ўжо ня дзейнічаюць, і тлумачыць, чаму менавіта мірны пратэст найбольш плённы і эфэктыўны.

— Сацыёлягі, палітолягі кажуць пра кардынальныя зьмены ў сьветапоглядзе і каштоўнасьцях, якія адбыліся за апошнія гады ў беларускім грамадзтве, што і прывяло да нечаканых для многіх масавых пратэстаў. Якія з гэтых зьменаў, на вашую думку, самыя прыкметныя і важныя?

— Я б назваў тры асноўныя зьмены ў мысьленьні і каштоўнасных устаноўках беларусаў, якія і стварылі перадумовы для сёлетніх пратэстаў.

Па-першае, звузіўся фэномэн «вывучанай бездапаможнасьці». Як паказвае сусьветнае апытаньне наконт каштоўнасьцяў, за апошнія 10 гадоў удвая вырасла колькасьць прыхільнікаў перакананьня, што яны маюць свабоду выбару і самі ўплываюць на сваё жыцьцё. Гэта надта важна, калі людзі перастаюць мысьліць у катэгорыях “ад мяне нічога не залежыць” і пачынаюць думаць у кірунку “я шмат на што ўплываю ў сваім і ў грамадзкім жыцьці”.

Па-другое, зьнізілася колькасьць асобаў з патэрналісцкімі чаканьнямі. Амаль утрая зьменшылася колькасьць людзей, упэўненых, што добраўпарадкаваньне жыцьця чалавека — выключна задача дзяржавы. Разам з гэтым амаль у 4 разы пабольшала тых, хто лічыць, што людзі самі павінны браць адказнасьць за сваё жыцьцё ў свае рукі.

Таксама стала больш перакананых у тым, што канкурэнцыя — добрая рэч. Тыя, хто верыць у неабходнасьць канкурэнцыі, вераць у важнасьць празрыстых правілаў, бо нармальная канкурэнцыя можа быць тады, калі функцыянуе закон і ёсьць больш-менш прадказальныя правілы гульні.

Іншы момант — паболела тых, хто талерантна альбо пазытыўна ставіцца да няроўнасьці ў даходах. На пачатку дэкады толькі 8 працэнтаў беларусаў лічылі гэта нечым станоўчым, у канцы 2010-х — ужо 23 працэнты. Карацей кажучы, каштоўнасныя зьмены адбываюцца даволі актыўна.

— Грамадзтва зьмянілася, але беларуская ўлада не пажадала рэагаваць на гэтыя зрухі ў сьветапоглядзе беларусаў. Але чаму? Раней, як падаецца, улада імкнулася хаця б у нейкай ступені адпавядаць настроям большасьці.

— Цягам усяго існаваньня лукашэнкаўскага рэжыму ўлада рэагавала на грамадзкія настроі «з горам напалам». Некаторыя рэчы бралі пад увагу, былі эканамічна спрыяльныя ўмовы ў нулявых гадах, “сацыяльны кантракт” функцыянаваў. І гэта прывяло да самазаспакаеньня аўтарытарнай дзяржавы. І гэта заканамерна, бо аўтарытарная дзяржава ня хоча рэагаваць, калі зьяўляюцца новыя выклікі. Выклікі пачыналі нарастаць, акумулявалася пэўнае незадавальненьне.

Апрача гэтага, наклаўся шэраг пераменных абставінаў — ковід адзін з такіх чыньнікаў, які вельмі моцна падштурхнуў грамадзтва. Яшчэ да ковіду назіралася эканамічная стагнацыя. Потым у якасьці патэнцыйных канкурэнтаў Лукашэнкі зьявіліся асобы зь вельмі моцным сацыяльным капіталам — Бабарыка, Цапкала.

Але ўсяго гэтага было б недастаткова, калі б унутры грамадзтва ў каштоўнаснай сфэры не адбыліся кардынальныя зьмены.

— І цяпер мы назіраем карціну, адваротную 1991 году. Тады імклівыя палітычныя і эканамічныя зьмены абганялі зьмены ў каштоўнасьцях, якія так хутка не маглі адбыцца. А цяпер, як выглядае, усё наадварот — грамадзтва зьмянілася, але ўлада засталася тая самая, з тымі ж прынцыпамі, далёкімі ад сучаснасьці. Як доўга гэта можа адбывацца — калі грамадзтва і ўлада не супадаюць?

— Так, гэта вельмі трапнае супастаўленьне. Аналіз некалькіх сотняў гістарычных выпадкаў, які праводзіўся ў адпаведных дасьледаваньнях, паказвае, што пэрыяд, калі «грамадзтва актыўна не супадае з уладай», можа трываць ад некалькіх месяцаў да 10 гадоў. Калі грамадзкі ўздым вельмі моцны і магутны і калі да гэтага дадаецца спрыяльная замежнапалітычная абстаноўка — то перамены могуць быць даволі хуткімі.

У беларускай сытуацыі грамадзкі ўздым вельмі выразны і магутны. Гістарычна статыстыка паказвае, што 3,5 працэнта насельніцтва — удзельнікаў акцыяў пратэсту — той парог, які запускае незваротныя працэсы. То бок вярнуцца да статус-кво немагчыма. У Беларусі гэты парог быў перакрочаны.

Тым ня менш гэта яшчэ аўтаматычна не азначае, што перамены хутка павінны наступіць. Тут вельмі важны замежнапалітычны чыньнік, тое, што Беларусь гэтак моцна прывязаная да Расеі, а Расея займае пэўную пазыцыю. Тым ня менш пэўныя сыгналы, якія паступаюць з Масквы, паказваюць, што і там разумеюць немагчымасьць захаваньня статус-кво.

Таксама застаецца пытаньне, што прыйдзе на зьмену старой беларускай сыстэме. Гэта можа быць нейкі гібрыдны рэжым, але можа быць і паўнацэнная дэмакратыя.

— Зараз нярэдка цытуюць славутую фразу, што «на штыхах доўга сядзець немагчыма». І сапраўды, раней беларускі рэжым быў папулісцка-аўтарытарным, абапіраўся на пэўную падтрымку насельніцтва. А ўжо ў дні перад выбарамі 9 жніўня, як мы памятаем, Лукашэнка наведваў амаль толькі вайсковыя і міліцэйскія часткі. Там былі ягоныя «выбарнікі».

— Так, гэтае выказваньне пра штыхі — ня проста крылатая фраза. На базе дасьледаваньняў гістарычных выпадкаў робіцца выснова, што стаўка на рэпрэсіі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ў разы падвышае імавернасьць каляпсу сыстэмы. Рэпрэсіі могуць добра працаваць, калі іх стасуюць да ізаляванай групы грамадзтва, якая знаходзіцца ў меншасьці. Тады большасьць альбо падтрымлівае рэжым, альбо пасіўна назірае.

Але калі рэпрэсіі вельмі шырокія і закранулі ў Беларусі 30 тысячаў чалавек, а лічбу трэба памнажаць у дзясяткі разоў, бо гэта закранае родных, сяброў, знаёмых, — то гэты інструмэнт контрапрадуктыўны, нават у сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

— Людзі чытаюць і слухаюць такія даволі аптымістычныя ацэнкі палітолягаў, але многія прыхільнікі пераменаў ня хочуць чакаць, а хацелі б як мага хутчэй убачыць перамогу. І некаторыя зь іх пачынаюць думаць і заяўляць, што мірны пратэст не дае плёну, трэба спрабаваць іншыя шляхі. Што вы адкажаце на гэта?

— Нягледзячы ні на што, трэба адкінуць эмоцыі і ўключыць рацыянальнае мысьленьне і здаровы сэнс. У выпадку, калі б пратэст перайшоў мяжу ад мірнага да гвалтоўнага (калі б пачаліся захопы будынкаў, фізычныя расправы), то адбылося б наступнае.

Па-першае, радыкальна зьнізілася б колькасьць удзельнікаў акцыяў пратэсту. Было прааналізавана каля 600 выпадкаў у сьвеце, і аналіз паказаў, што радыкалізацыя ў сярэднім у 4 разы зьніжала колькасьць удзельнікаў акцыяў пратэсту. А калі колькасьць пратэстоўцаў зьніжаецца, тады лягчэй аддзяліць і ізаляваць пратэстоўцаў ад астатніх.

У выпадку гвалтоўнага пратэсту таксама адбудзецца кансалідацыя элітаў. Цяпер ёсьць хістаньні, ёсьць дэзэртырства, пераход на бок пратэстоўцаў, людзі сыходзяць з дзяржаўных структураў — можа быць, ня так масава, як нам хацелася б. Але ў выпадку гвалтоўнага пратэсту людзі з намэнклятуры і тым больш сілавых структураў увогуле перастануць вагацца. Карацей, кажучы, гэта контрапрадуктыўна.

— Што можа стаць асноўным штуршком, якія канчаткова зьменіць сытуацыю на карысьць пратэстоўцаў?

— Няма такога аднаго пункту, які б адназначна гарантаваў падзеньне рэжыму і пераход да дэмакратыі. Можна назваць чыньнікі, якія падвышаюць імавернасьць гэтага. У нашым выпадку гэта пазыцыя Расеі. Калі яна пяройдзе ў фазу больш рашучага патрабаваньня ад Лукашэнкі сысьці, то гэта падвышае імавернасьць ягонай адстаўкі. Пасьля гэтага я дапускаю этап гібрыднага рэжыму — паўдэмакратычнай, паўаўтарытарнай формы. Іншы пункт — эканамічны крызіс, які, вельмі праўдападобна, будзе працягвацца і пашырацца.

І, вядома, шмат залежыць ад таго, як павядзе сабе пратэставы рух. Я ня маю на ўвазе, што ён абавязаны бесьперапынна дзейнічаць. Можа наступіць пэўная паўза, магчыма, з псыхалягічнага гледзішча яна апраўданая і нават пажаданая. Але выключна дзеля таго, каб увесну выбухнуць з новымі сіламі, напрыклад, на 25 сакавіка.

Последнее в рубрике