Расійскі эксперт: Ад гульні ў кошкі-мышкі з Аляксандрам Лукашэнкам Крэмль стомлены, але і рэальнай альтэрнатывы пакуль не бачыць

Расійскі эксперт: Ад гульні ў кошкі-мышкі з Аляксандрам Лукашэнкам Крэмль стомлены, але і рэальнай альтэрнатывы пакуль не бачыць

На анлайн-дыскусіі з расійскім экспертам Фёдарам Лук’янавым, якая адбылася ў межах штогадовай канферэнцыі Reshape, Цэнтр новых ідэй абмеркаваў знешнюю палітыку Расіі ў рэгіёне, агульны інтарэс дзяржаваў і шляхі выбудоўвання дыялогу.

Усё заціхла да світання

Пераломны момант цяпер перажывае не толькі Беларусь, але і ўвесь свет. І справа не толькі ў пандэміі, якая ўсіх змяніла. За апошнія 25 гадоў свет прайшоў пэўную эвалюцыю, якая прывяла да адмаўлення тых поглядаў, з якіх пачыналася пабудова вядомай нам сусветнай дэмакратычнай супольнасці. 2020-ы год стаў у гэтым магутным каталізатарам.

Вядома, выбары ў Беларусі не прызначаліся ў сувязі з каронавірусам, але без яго не было б гэтага шоку, які змяніў свет і Беларусь у прыватнасці. Нас аб’ядноўвае сінхронны час – усе сутыкаюцца з аднолькавымі выклікамі, але па-рознаму на іх рэагуюць.

Размовы пра тое, што беларуская палітычная мадэль сябе вычарпала, ішлі даўно. Адносіны паміж Масквой і Мінскам апошнія некалькі гадоў не адрозніваліся цеплынёй і шчырасцю. Былі чаканні, што нешта адбудзецца, але не было ўяўлення, што ўсё будзе настолькі глабальна. Ступень уражлівасці рэжыму Лукашэнкі большасць каментатараў з Расіі дакладна недаацэньвала.

Пасля падзеяў канца лета і восені 2020-га наступіў перыяд пэўнай збянтэжанасці. Шмат хто меў чаканні хуткіх і радыкальных зменаў, якія не ўспрымаліся Крамлём як пазітыўныя. Расія пасля прыкметных ваганняў прыняла ўсё ж рашэнне, што любая альтэрнатыва дзейнай уладзе будзе горшым вырашэннем, таму Крэмль пастанавіў падтрымліваць яе. Але захаванне статуса-кво мела на ўвазе стабілізацыю, а ўжо потым – падрыхтоўку і нават стымуляванне зменаў, але не рэвалюцыйным шляхам, а эвалюцыйным.

Але стала зразумела, што змены так хутка не адбудуцца. Трансфармацыйныя змены прытармазіліся. Кіраўніцтва Беларусі ўсім нібыта задаволена, далейшых зменаў не хоча, а кіраўніцтва Расеі зыходзіць з таго, што няўзгодненыя і няплаўныя змены прывядуць да горшай сітуацыі для яе.

Атрымліваецца, што ўсё заціхла да світання. Пра што лідары абедзвюх краін дамаўляліся і размаўлялі – мы не ведаем, але, беручы пад увагу характар ​​іх адносінаў, чакаць рэвалюцыйных рашэнняў нам не варта.

Важным фактарам з’яўляецца тое, што значна змяніўся знешні кантэкст, таму чакаць той заангажаванасці ЕС і ЗША, якая была раней (асабліва ў выпадку Украіны), – не варта. Яны занятыя сваімі справамі. Агульны трэнд на разварот да сябе датычыць усіх без выключэння – ад Кітая да ЗША, ад Расіі да Танзаніі. Барацьба тытанаў не спынілася, але аслабла.

У Расіі адбываецца павольнае пераасэнсаванне таго, што ёй на постсавецкай прасторы трэба, а што – не.

Крамлёўскі план выхаду з крызісу

У Расіі існуюць розныя колы ўплыву, і іх уяўленні пра ўсё таксама розныя. Але ў цэлым ёсць наступнае разуменне з досведу постсавецкіх краін: калі ў краіне ёсць лаяльная Расіі ўлада і яна раптам мяняецца, то часцей за ўсё на цалкам процілеглую па знешнепалітычным курсе.

Але ў той жа час Расія за ўсе постсавецкія гады ніводзін рэжым у ніводнай краіне змяніць не змагла. Тыя выпадкі, калі неспрыяльныя для Масквы сілы змяняліся на больш спрыяльныя (Азербайджан, Малдова, Украіна ў пэўны час), былі вынікам унутранага развіцця. Расія магла ў пэўны момант падтрымаць таго, хто ў гэтай барацьбе ёй прыемны ці здаецца менш непрыемным, але ў гэтым не было ніякай інжынерыі, якая прыводзіла б да ўлады патрэбных людзей. У лік уменняў Расіі не ўваходзіць фармаванне палітычных зменаў гэткім чынам. У ЗША і ЕС гэта выходзіць лепш.

Пуціна любяць уяўляць на Захадзе як стратэга-шматхадовачніка, але гэта перабольшанне. Ён добра разумее, што цяпер усё хутка мяняецца, таму сэнсу распрацоўваць глабальныя планы няма.

Ад гульні ў кошкі-мышкі з Аляксандрам Лукашэнкам Крэмль стомлены, але і рэальнай альтэрнатывы яму пакуль што таксама не бачаць.

Страх страціць давер з боку беларусаў

Калі б адносіны паміж народамі вызначаліся эмоцыямі, выкліканымі пэўнымі падзеямі паміж імі, то ніхто ні з кім наогул бы не меў зносінаў, асабліва ў Еўропе. Расію ў свеце шмат хто яшчэ ўспрымае як галоўнага спонсара і апошнюю надзею. Але зменяцца абставіны, зменіцца і ўспрыманне.

У Расіі не баяцца страціць Беларусь. Хтосьці не баіцца з-за цынічнага «а куды яны дзенуцца?», а хтосьці проста ўсведамляе, што сувязі не разрываюцца так проста. Еўрапейскі досвед паказвае, што гэта не прысуд.

Ці трэба выбудоўваць адносіны з апазіцыяй? Так, трэба і можна, але не будуць.

Я сумняюся, што Расія будзе прыкладаць намаганні для наладжвання асаблівых адносін з беларускай апазіцыяй. Кароткатэрміновы амбасадар Міхаіл Бабіч трохі пашырыў кола зносін у свой час, што адразу ж выклікала вельмі негатыўную рэакцыю кіраўніцтва Беларусі.

Дыскусію з экспертам вёў Антон Раднянкоў

Последнее в рубрике