Прэйгерман: Беларуская дзяржаўнасць стаіць перад сур'ёзным выпрабаваннем
15.04.2020

Прэйгерман: Беларуская дзяржаўнасць стаіць перад сур'ёзным выпрабаваннем

Спалучэнне каранавіруснага і эканамічнага крызісаў можа стаць трагічным для Беларусі, калі ўлады ці апазіцыя наробяць памылак.

Пра гэта піша палітолаг, кіраўнік ініцыятывы «Мінскі дыялог» Яўгеній Прэйгерман у артыкуле, які ён даслаў у «Нашу Ніву».

Сярод беларускіх і замежных навукоўцаў сустракаецца меркаванне, што ў 1991 годзе незалежнасць літаральна звалілася на Беларусь, хаця большасць грамадства і эліты не была да яе падрыхтаванай. На працягу трох дзесяцігоддзяў гэтая тэза выклікала вялікія акадэмічныя і палітычныя спрэчкі. Сапраўды, улічваючы шматлікія гераічныя старонкі беларускай гісторыі, крыўдна чуць развагі пра выпадковы характар дзяржаўнасці. Але найбліжэйшыя гады могуць паставіць кропку ў гэтых дыскусіях.

Беларусь напярэдадні самага сур’ёзнага выпрабавання сваёй дзяржаўнасці. І ў гэты час мы маем магчымасць даказаць самім сабе і ўсім навокал, што амаль 30 гадоў незалежнасці не былі выпадковымі.

Мы ўжо ўвайшлі адразу ў тры крызісы, якія, мяркуючы па ўсім, адчувальна зменяць увесь свет. Нават паасобку кожны з іх нясе для Беларусі велізарныя выклікі. А разам яны выштурхнуць краіну ў беспрэцэдэнтную турбулентнасць.

Па-першае, каранавірусны крызіс. У найбліжэйшыя тыдні мы сутыкнёмся з экспанентным ростам колькасці інфікаваных і, на вялікі жаль, з усё больш страшнымі паказчыкамі смяротнасці. Па меры пагаршэння сітуацыі будзе нарастаць ціск на ўсю сістэму дзяржкіравання і падвышацца эмацыйная і палітычная напружанасць у грамадстве. Гэта надзвычай небяспечная сітуацыя для любой краіны. Да таго ж у Беларусі мы ўжо маем вельмі сумны досвед таго, што можа адбыцца, калі градус эмацыйнай напружанасці дасягае «чырвонай зоны». Можна прыгадаць хаця б снежань 2010 года. Гэтым разам такі ўзровень нам амаль што забяспечаны.

Па-другое, эканамічны крызіс. У сённяшнім становішчы татальнай нявызначанасці з пэўнасцю можна казаць, бадай што, толькі аб адным: наступствы глабальнай рэцэсіі будуць балючымі для ўсіх. Параўнанні з часамі Вялікай дэпрэсіі, якія ўжо ўпэўнена робяць шматлікія эканамісты, гучаць жахліва. Зразумела, што некаторыя краіны змогуць прайсці гэты перыяд з меншымі эканамічнымі стратамі. Але гэтак жа зразумела, што Беларусі сярод іх не будзе. А калі ўлады зробяць сур’ёзныя памылкі, то ўсё для нас увогуле можа скончыцца трагедыяй. Тым больш што рэцэсія адбываецца на фоне тэхналагічнай рэвалюцыі, з-за чаго сацыяльны і эканамічны кошт памылкі толькі павялічваецца.

Па-трэцяе, крызіс сістэмы міжнародных адносін. Гэты крызіс відавочны ўжо не першы год, і сама па сабе трансфармацыя сістэмы міжнародных адносін, да якой ён вядзе, не з’яўляецца надзвычайнай праблемай. Прынамсі, калі дзяржава ў стане праводзіць разумную знешнюю палітыку. Але ж ужо відавочна, што пандэмія і рэцэсія адчувальна паскараюць геапалітычны час. Гэта значыць, што цяпер трансфармацыя будзе адбывацца значна хутчэй і, адпаведна, можа стацца больш небяспечнай. Асабліва для невялікіх краін, як Беларусь. Бо не толькі перастаюць працаваць міжнародныя дамоўленасці і інстытуты, але і хутка губляюцца былыя арыенціры таго, «что такое хорошо, а что такое плохо».

Хаця, у адрозненне ад часоў халоднай вайны, мы не будзем знаходзіцца ў эпіцэнтры геапалітычнага супрацьстаяння вялікіх дзяржаў, які цяпер перамясціўся ў Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён. І гэта патэнцыйна адкрывае перад намі дадатковыя магчымасці. Але скарыстацца з іх мы зможам толькі ў тым выпадку, калі вытрымаем ціск двух іншых крызісаў.

Дык ці зможам мы вытрымаць і тым самым даказаць, што беларуская дзяржаўнасць невыпадковая?

Крызісы — падступныя ворагі. Бо перамагчы іх можна толькі тады, калі пераможаш найгоршае і найслабейшае ў самім сабе. Крызісы, прынамсі такія глыбокія, як зараз, абавязкова ў кожнай дзяржавы і кожным грамадстве знойдуць самыя сур’ёзныя ўразлівасці і канцэнтравана па іх удараць. Па якой такой уразлівасці яны ў першую чаргу будуць біць у нас?

Адказ падаецца відавочным — па грамадска-палітычным расколе.

Па той самай праблеме «Менска і Мінска», якая з першага дня суправаджае беларускую дзяржаўнасць. І калі ў адносна спакойныя часы гэта праблема застаецца ў больш латэнтным стане, то падчас крызісаў яна непазбежна выходзіць на першы план і так ці інакш ахоплівае вялікую колькасць насельніцтва. У выніку Беларусь сама сябе падрывае знутры, замест таго, каб канцэнтраваць усе свае невялікія рэсурсы дзеля пераадолення крызісаў. Краіна становіцца яшчэ больш лёгкай здабычай не толькі для абстрактных крызісаў, але і для тых канкрэтных груп інтарэсаў унутры і па-за межамі, якія працуюць супраць беларускай дзяржаўнасці.

Зразумела, што дыягнаставаць гэты выклік куды прасцей, чым знайсці на яго эфектыўны адказ.

Пасля трох дзесяцігоддзяў палітычнай раз’яднанасці і супрацьстаяння ўзаемнае непрыманне стала асновай светаадчування ў шмат каго па абодва бакі ўнутрыпалітычных барыкад. Яны фізічна жывуць у адной Беларусі, а ментальна — у зусім розных.

І амаль ніколі між сабой не перасякаюцца, але ж абсалютна ўпэўненыя, што ўсе іх праблемы выключна з-за тых, «іншых». Тым больш што кожны бок рэгулярна дае адзін аднаму падставы пераконвацца ў сваіх перадузятасцях. Як улады, гэтак і апазіцыя адзначаюцца дзіўнымі заявамі і паводзінамі. Як дзяржаўныя, так і апазіцыйныя СМІ часам выдаюць проста шалёныя і нават паскудныя матэрыялы.

Але ўсё ж, дзякуй богу, наша сітуацыя непараўнальная са шматлікімі іншымі краінамі, якія, напрыклад, перажылі грамадзянскія войны. І таму нават самыя простыя захады маглі б нам дапамагчы.

Для пачатку было б добра зразумець, што большасці палітычна неактыўнага грамадства ўнутранае супрацьстаянне проста незразумелае і таму нецікавае. Тыя сярод «барыкаднікаў», хто спадзяецца, што крызіс уцягне ў супрацьстаянне і астатніх, канешне, маюць рацыю. Але ж яны як быццам не разумеюць, што далёка не ўсе ўцягнуцца менавіта на іх баку. Таму адзіным дакладным вынікам будзе аслабленне краіны, як гэта ўжо здаралася. А спадзявацца на перамогу аднаго з бакоў ва ўмовах трайнога крызісу — гэта як гуляць у рускую рулетку, дзе непазбежнай ахвярай, зноў жа такі, будзе Беларусь.

Таксама варта нарэшце палітычна пасталець. Адно з азначэнняў таго, што значыць быць дарослым, гучыць так: рабіць тое, што ў тваіх інтарэсах нават тады, калі менавіта гэтага хочуць твае бацькі. Усе гэтыя гады шмат якія відавочна важныя для краіны рашэнні не прымаліся толькі таму, што ці то ўлады, ці то апазіцыя лічылі, што яны супадалі з інтарэсамі апанентаў. Крызісы — добрая нагода зразумець, што інтарэсы незалежнай Беларусі ўсё ж важнейшыя.

Нарэшце, часам дастаткова проста цярпімасці і стрыманасці ў паводзінах і выказваннях. Гэта не значыць, што не трэба ставіць адзін перад адным непрыемныя і цяжкія пытанні ці выказваць свае меркаванні, якія дакладна не спадабаюцца іншаму боку. Але ж пагадзіцеся, што рабіць гэта можна па-рознаму. Можна, як было дагэтуль. А можна — з хаця б мінімальнай павагай і разуменнем, што іншы бок — гэта таксама Беларусь.

Калі мы не зможам зрабіць нават гэтыя простыя рэчы, то мы з вялікай верагоднасцю правалім будучае выпрабаванне беларускай дзяржаўнасці. Тады наступствы могуць быць самыя трагічныя. І гэта не палітычны лозунг, а аналітычная выснова, што з’яўляецца адначасова дрэннай і добрай навіной.

Дрэннай, бо шмат хто ў грамадстве ўжо вельмі далёка зайшоў у нянавісці да ўнутраных апанентаў. А добрай — таму што гісторыя ведае вялікую колькасць прыкладаў, калі менавіта падчас падобных гістарычных выклікаў краіны даказвалі сваё права на дзяржаўнасць.

Радзіхоўскі: Пуціну ад Беларусі апошнім часам трэба было толькі адно — каб яна самаліквідавалася і ўлілася ў склад Расеі

Последнее в рубрике