Праз афганскую «фортку» Лукашэнка імкнецца выбрацца зь міжнароднай ізаляцыі
31.08.2021

Праз афганскую «фортку» Лукашэнка імкнецца выбрацца зь міжнароднай ізаляцыі

Падзеі ў Афганістане сталі вялікім выклікам для міжнароднай супольнасьці. Суседзі гэтай краіны, а таксама вялікія дзяржавы імкнуцца нэўтралізаваць магчымую экспансію афганскага крызісу на ўвесь рэгіён Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу.

Для Беларусі ўсе гэтыя пагрозы, здавалася б, ускосныя, яны непасрэдна яе ня тычацца, не ствараюць нейкіх вострых праблем. Ёсьць пытаньні больш актуальныя і больш небясьпечныя для лёсу краіны, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Аднак Аляксандар Лукашэнка пасьля падзеяў у Афганістане чамусьці моцна замітусіўся. 30 жніўня адбыліся ягоныя тэлефонныя перамовы з прэзыдэнтамі Таджыкістану, Расеі, анансаваная размова з кіраўніком Узбэкістану. Калі вынесьці за дужкі віншаваньні з днём народзінаў, то галоўнае пытаньне, якое абмяркоўвалася, — гэта саміты АДКБ і ШОС у Душанбэ ў верасьні, прысьвечаныя пагрозам ад афганскіх талібаў.

Ва ўсялякім разе, такая была інтэрпрэтацыя зьместу гэтых тэлефонных перамоваў зь беларускага боку. З той жа нагоды Лукашэнка прыняў амбасадара Таджыкістану ў Беларусі, каб давесьці яму пазыцыю афіцыйнага Менску.

І па беларускіх тэлеканалах тэма Афганістану актыўна раскручваецца. 29 жніўня намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Ўладзімер Арчакоў у эфіры тэлеканалу АНТ пужаў беларусаў катастрафічнымі наступствамі. «І калі нейкія экстрэмісты, а таксама наркотыкі, зброя, нелегальныя мігранты новай хваляй рушаць у Эўропу, то гэта ўжо закране нас наўпрост», — казаў ён.

З чаго раптам такія жарсьці вакол тэрытарыяльна далёкага ад Беларусі крызісу? Няўжо сваіх праблем не хапае?

Якраз спроба адцягнуць увагу ад сваіх праблем — відавочная. Але ня толькі. Больш важная прычына нечаканай актуалізацыі афганскай пагрозы трохі іншая. Відаць, Лукашэнка імкнецца выкарыстаць афганскі крызіс, каб выйсьці зь міжнароднай ізаляцыі.

Апошнія гады Лукашэнка спрабаваў актыўна выконваць ролю аксакала міжнароднай палітыкі. Ён прэтэндаваў на статус буйнога сусьветнага гульца, донара рэгіянальнай і эўрапейскай бясьпекі, мадэратара і міратворцу розных канфліктаў, зь якім нібыта хацелі мець справу кіраўнікі вялікіх дзяржаў. Гэтая роля яму вельмі падабалася, ён з важным выглядам апавядаў замежным журналістам, што перажыў ужо чатырох амэрыканскіх прэзыдэнтаў, шмат што бачыў і шмат што ведае.

Але 2020 год раптам усё абваліў, ушчэнт разбурыў гэты вобраз мудрага аксакала міжнароднай палітыкі, які ён сам для сябе стварыў. Замест усяго гэтага — глухая вонкавапалітычная ізаляцыя. Статус міжнароднага ізгоя, у якім апынуўся кіраўнік беларускага рэжыму, даволі непрыемны. Сумнеўная вонкавая легітымнасьць вядзе да таго, што нават саюзьнікі па АДКБ і ЕАЭС не сьпяшаюцца прыйсьці на дапамогу.

І тут раптам падзеі ў Афганістане, якія апынуліся ў цэнтры міжнароднай увагі. Прычым усё гэта адбываецца на мяжы з краінамі-чальцамі АДКБ. І Лукашэнка вырашыў, што перад ім адчыняецца вакно магчымасьцяў. Чаму б не паспрабаваць улезьці ў афганскую фортку, каб неяк вярнуцца (калі не празь дзьверы, дык праз шчыліну) у міжнародны парадак дня?

А тут наперадзе саміты АДКБ, ШОС. Чальцы гэтых арганізацый публічна не выказвалі сумневу адносна таго, ці зьяўляецца Лукашэнка прэзыдэнтам Беларусі. Даўно ўжо не было нейкіх самітаў, каб можна было там паказацца, і ўсе ўбачылі б яго сярод прэзыдэнтаў іншых краін. І каб беларусы ўпэўніліся, што Лукашэнку прызнаюць у сьвеце.

То бок беларускае кіраўніцтва лічыць, што каньюнктура складаецца на ягоную карысьць. І трэба пасьпець злавіць гэты момант. Таму такая актывізацыя, амаль ажыятаж на афганскую тэму, стос прапановаў, хоць і малазьмястоўных. Але працэс ідзе, увага міжнародных і ўнутраных суб’ектаў прыцягваецца, Лукашэнка зноў зьяўляецца ў цэнтры інфармацыйных плыняў хоць бы краін-чальцоў АДКБ.

Прычым варта заўважыць, што Лукашэнка ўсяляк падштурхоўвае АДКБ і, магчыма, ШОС да антызаходняй пазыцыі. Маўляў, ва ўсім вінаваты Захад. А намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Ўладзімер Арчакоў у эфіры тэлеканалу АНТ увогуле заявіў: «Уся гэтая амэрыканская задума з Афганістанам — гэта шматгадовая, старанна сплянаваная акцыя. І накіравана яна не на падтрымку дзейнага там ураду ці яшчэ кагосьці, а нацэлена выключна на пагаршэньне канфліктнасьці і праблемнасьці гэтага рэгіёну».

Аднак наўрад ці такая лінія здабудзе падтрымку нават з боку саюзьнікаў. Бо афганскі крызіс — надта сур’ёзная праблема для краін Цэнтральнай Азіі, каб гуляць у нейкія кансьпіралягічныя гульні. Рэальная небясьпека хутчэй падштурхоўвае да міжнароднай каапэрацыі з усімі моцнымі цэнтрамі, каб нэўтралізаваць пагрозу.

Последнее в рубрике