Праўда горкая і прыгожая — Вольга Дадзіёмава пра свайго студэнта Юрыя Зісера
18.05.2020

Праўда горкая і прыгожая — Вольга Дадзіёмава пра свайго студэнта Юрыя Зісера

«Кажучы пра Юрыя Зісера, разумею, што ў маім уяўленьні ён аказваецца зусім ня тым чалавекам, якога ведае інтэрнэт-супольнасьць, а значыць увесь сьвет».

Прыкутая да ложка прафэсар музыкі Вольга Дадзіёмава расказала Свабодзе пра свайго студэнта Юрыя Зісера.

— Заснавальнік парталу TUT. BY, шмат у чым фарміраваў грамадзкую думку ў нашай краіне і аб ёй самой, сьмелы і нават дзёрзкі публіцыст, чые погляды я не заўсёды падзяляла, ён заўсёды бударажыў грамадзтва сваімі артыкуламі, інтэрвію і заявамі. Буйны бізнэсмэн, мэцэнат, вядомы сваімі дабрачыннымі акцыямі. Такі вобраз Юрыя Анатольевіча вядомы і даўно звыклы ўсім. Менавіта такім яго акрэсьліваюць электронныя рэсурсы.

Мне ж Юры Зісер першапачаткова быў знаёмы як студэнт нашай Акадэміі музыкі, які атрымаў там другую адукацыю як арганіст. Наведваючы мае лекцыі па гісторыі музычнай культуры Беларусі, ён, здавалася, не выяўляў асаблівага жаданьня. Было відавочна, што ён надзвычай заняты чалавек, які вымушаны заставацца на сувязі і не выпускае з рук смартфона.

Аднак першае маё ўражаньне аказалася памылковым: ён ня толькі засвоіў праграму, але і выйшаў далёка за яе рамкі і спэцыяльна вывучыў мае працы, у тым ліку складаныя для асэнсавань ня навуковыя манаграфіі. Калі ж я прачытала тэкст яго дыплёму аб львоўскіх арганах, зразумела, наколькі глыбока пагружаны ён у сьвет музычнай культуры. Гэтаму спрыяла як генэтыка, сямейная традыцыя (яго мама была музыкантам), так і шлюб з рознабакова адоранай, вядомай сваімі аўтарскімі песьнямі, культуралягічнымі дасьледаваньнямі, літаратурнымі творамі Юліяй Чарняўскай. Я, дарэчы, добра памятаю яе дзеда, буйнога беларускага пісьменьніка і калегу майго бацькі Васіля Вітку.

Аднак у Зісера заўсёды было сваё, асаблівае, самабытнае і непадобнае на ўстояныя ўяўленьні бачаньне музычнага сьвету, што выдавала ў ім шырока адукаванага гуманітарыя і музыканта-выканаўцу. Больш за тое, менавіта музычная адоранасьць прадвызначыла, паводле майго перакананьня, яго крэатыўнасьць і дзіўныя посьпехі ў іншых прафэсійных сфэрах. Бо, як сьцьвярджае знакамітая дасьледчыца дзейнасьці мозгу Тацяна Чарнігаўская, спасылаючыся на фэномэн Эйнштэйна, музычная дзейнасьць стымулюе здольнасьці да творчасьці ў цэлым.

Яму былі знаёмыя і блізкія творы майстроў мінулых эпох, і сучасная музыка. Ён думаў як філёзаф і матэматык, мог адчуць прапорцыі сьветабудовы ў іх адзінстве, дасканаласьці і бясконцасьці.

Пры гэтым дзівіла ягоная самакрытычнасьць, якая не дапускала ні найменшай фальшы і кампрамісаў ў творчасьці, як і ў палітычнай сфэры. Гэта тычыцца ацэнак выступленьняў выканаўцаў (на мой погляд залішне жорсткіх), а яшчэ — гранічна сумленнай самаацэнкі. Пасьля свайго канцэрту ён прыняў рашэньне аб спыненьні публічных выступленьняў як арганіст: або бездакорна, бо ніяк.

Тое ж і ў жыцьці. Лепш бы ня ведаць яму (і мне) тых страшных яго бакоў, якія аб’ядналі нас — сьмяротную хваробу, якая паразіла адначасова вясной 2016 году.

Да гэтага часу я ўжо страціла Зісера з-пад увагі, толькі зрэдку знаёмячыся зь яго выступленьнямі на партале — як заўсёды яркімі і нетрывіяльнымі, якія нікога не пакідалі абыякавымі, якія выклікалі эмацыйна магутную рэакцыю ў кожнага наведвальніка сайту.

Сустрэліся ж мы выпадкова — у Бараўлянах, дзе праходзілі «тэрмаядзернае» лячэньне, ці ня больш разбуральнае, чым патрабавала яго хвароба. Не лічу магчымым казаць аб тагачасным стане Юрыя Анатольевіча, які нікому, акрамя родных, не паведамляў аб сваім дыягназе. Але можаце паверыць майму вопыту, які не завершаны да гэтай пары...

Гэта не паддаецца адэкватнай вэрбалізацыі. Ня толькі таму, што боль — рэжучы, ныючы, які не здымаецца ніякімі прэпаратамі. Але і таму, што яму спадарожнічае апатыя, слабасьць і поўная страта жыцьцёвай энэргіі. Толькі той, хто прайшоў усе колы хімічнага пекла, можа прадставіць гэты жахлівае стан.

Мы сталі перапісвацца. Ня сьмеючы цытаваць электронныя паведамленьні, скажу толькі аб тым, што яны не былі падобныя на споведзь асуджаных. Не. Хоць было мноства «зводак з франтоў», у якіх мы дзяліліся сваімі праблемамі. Але часьцей пісалі пра творчасьць, музыку, працу. Дарэчы, увесь час і нават цяпер працягваем інтэнсіўна працаваць, пра што сьведчылі па-ранейшаму актуальныя, на злобу дня і на злобу некаторых чытачоў, парадаксальныя ў сваёй адкрытасьці выступы Зісера.

Я зусім не лічу гэта нечым асаблівым, ведаючы па сваім вопыце аб узьдзеяньні творчай дзейнасьці на сьвядомасьць і падсьвядомасьць — а ня толькі пра падсьвядомую цягу да актыўнай дзейнасьці. І калі мне кажуць пра маю сілу волі і подзьвіг, дзіўлюся. Подзьвіг — гэта ахвяраваньне сабой дзеля іншых, сваёй зямлі, як было ў гады вайны, пра якую ведаю зь першых вуснаў — ад бацькі. А ў нашым выпадку праца была адзіным выратаваньнем, гэта праца для выжываньня.

Правила жизни Юрия Зиссера

І ўсё ж было ў яго нежаданьні казаць пра хваробу і скардзіцца нешта справядлівае. Ён цалкам шчыра не разумеў, у адрозьненьне ад мяне, сэнсу публічных выказваньняў на гэты конт. «І што, — кажа, — паведамляць, што ўчора было дрэнна, а цяпер лепш?»

Даведаўшыся, што я скончыла чарговую манаграфію, Юрый Анатольевіч ўзяўся чытаць яе і рэдагаваць, а пасьля прапанаваў фінансаваць кнігу, якая ўжо вытрымала тры выданьні.

Паралельна ён выратаваў мяне — у літаральным сэнсе, калі спасьціг мяне нечаканы параліч, які запатрабаваў неадкладнай дапамогі высокакваліфікаваных мэдычных сёстраў круглыя суткі, дома. Калі б там была проста матэрыяльная дапамога, я была б бязьмерна ўдзячная. Як і ўсім маім сябрам, калегам і вучням, якія не пакінулі ў бядзе. Але мне дапамог чалавек, які сам быў на грані і за граньню.

Некалькі месяцаў таму, будучы ў цяжкім стане, прывёз мне лекара — сам за стырном. Уважліва выслухаў яе рэкамэндацыі і правяраў іх выкананьне.

Увесь гэты час Зісер не спыняў падтрымліваць і іншых людзей, а таксама маштабныя творчыя праекты. Асабліва ў галіне вывучэньня арганаў і навучаньня ігры на іх. Падарыў некалькім музычным школам і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі гэтыя цудоўныя інструмэнты. Фінансаваў экспэдыцыі для збору інфармацыі аб арганах ў розных гарадах і мястэчках Беларусі, дзякуючы чаму ўдалося ажыцьцявіць буйны выдавецкі праект. Падтрымаў фэстываль клезмэрскай музыкі і многія іншыя акцыі, пра якія нават ня згадваў.

Наша перапіска працягвалася, дазваляючы выказаць тое, пра што нікому не раскажаш. Што жывеш як у сьне, да гэтага часу не жадаючы верыць у рэальнасьць таго, што адбываецца. Што немагчыма больш трываць гэты кашмар, але цярпеньне і пакора прыходзяць як ўзнагарода за пакуты і спачуваньне. Мы перасьцерагалі адно аднаго адчаю, клікалі да утапічнай надзеі і, вядома, да веры ў лепшае...

Капитан Зиссер: человек, который совершил невозможное

Последнее в рубрике