Пяць прычын, чаму ў Беларусі растуць цэны амаль на ўсё
04.02.2021

Пяць прычын, чаму ў Беларусі растуць цэны амаль на ўсё

Лекі, прадукты, «камуналка», сьвятло, бэнзін і многае іншае ў Беларусі падаражэла. За мінулы год інфляцыя ў Беларусі склала 7,4% — гэта найвышэйшы паказчык за 5 гадоў.

Радыё Свабода разьбіраецца, чаму так адбылося.

Курсавая розьніца

Шмат якія прадукты, якія прадаюцца ў Беларусі, прывозяць з-за мяжы. Або іх вытворчасьць зьвязаная з інгрэдыентамі ці тэхналёгіямі, якія там набываюцца. Пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

— Калі расьце даляр, то лягічна, што мусіць вырасьці кошт умоўнага «Сьнікерса». Пры гэтым цэны растуць ня прама прапарцыйна курсу даляра. Калі расьце даляр, імпартныя прадукты растуць у цане ня так моцна, — адзначае экспэрт.

Рост цэнаў ад імя дзяржавы

Праезд у транспарце, паслугі ЖКГ, электраэнэргія — на ўсе гэтыя паслугі цэны рэгулююцца адміністрацыйна, то бок «ад імя дзяржавы».

— Гэта цэны, якія вызначае ўрад. Калі дзяржава павышае адміністрацыйныя цэны, гэта закранае і іншыя сфэры. Нядаўна прыбралі ільготны падатак на даданую вартасьць зь некаторых катэгорый тавараў, таму гэтыя цэны растуць, — гаворыць Леў Львоўскі.

З новага году вырас падатак на даданую вартасьць на некаторыя лекі і дзіцячыя тавары. Адпаведна, на іх вырасьлі цэны.

Акцызы на бэнзін

Дзяржава таксама рэгулюе цэны на паліва — праз акцызы. Толькі за студзень аўтамабільнае паліва ў Беларусі даражэла два разы: на 1 капейку 21 студзеня і на 1 капейку 28 студзеня. Гэтае падаражэньне ўплывае і на цэны на прадукты, «бо іх трэба прывезьці».

Падаткі

Рост цэнаў на паслугі і тавары таксама зьвязаны з падаткамі, «калі гэтыя падаткі зьмяняюцца». Калі расьце зямельны падатак, падатак з прадпрымальнікаў ці падатак на прыбытак, так ці інакш гэтыя страты пакрываюцца ростам цэнаў.

З 1 студзеня ў Беларусі вырас падатак на прыбытак для апэратараў мабільнай сувязі — з 18% да 30%. Таксама паднялі адзіны падатак для прадпрымальнікаў (на колькі — вырашаюць мясцовыя органы ўлады), а таксама арэнду і зямельны падатак з гандлёвых цэнтраў (з 0,7% да 1,5%).

Інфляцыя ня можа быць нулявой

Наогул не расьці цэны ня могуць, бо тады людзі будуць «менш спажываць і больш назапашваць». То бок інфляцыя — нармальны працэс, калі яна не такая вялікая, як у Беларусі. Напрыклад, ва Ўкраіне за мінулы год яна склала каля 5%, у Польшчы — 3,4% (і гэта самы высокі паказчык за апошнія гады), а ў Беларусі — 7,4%.

 «Гэта натуральны манэтарны працэс, інфляцыя ня можа быць нулявой, тады людзі будуць больш назапашваць і больш спажываць. Рост цэнаў патрэбны, каб не стымуляваць людзей хаваць грошы пад падушкай», — кажа Леў Львоўскі.

Сярэдні заробак у Беларусі са сьнежня 2019 году па сьнежань 2020-га вырас на 16%. Інфляцыя ў 7,4% «зьела» амаль палову гэтага павышэньня.

У далярах жа ён нават скараціўся: у сьнежні 2019-га за сярэдні заробак можна было купіць 589 даляраў, а ў сьнежні 2020-га — ужо толькі 578.

Последнее в рубрике