Панкавец: «Палітыка – гэта не вясёлая авантура на тры летнія месяцы»
30.06.2020

Панкавец: «Палітыка – гэта не вясёлая авантура на тры летнія месяцы»

Намеснік галоўнага рэдактара Нашай Нівы – пра сёняшнiя настроi.

– Думаю, пасля ўчорашняга дня эйфарыя «новых твараў», якія прыйшлі ў палітыку на хвалі гэтых выбараў, што вось менавіта мы зараз злеганца і проста скінем рэжым, знікне, – пiша Змiцер Панкавец. – Маўляў, апазіцыя была лузерамі, а вось мы станем ого-го. Помніце фразу Віктара Бабарыкі, якая добра перадавала тыя настроі: «Есть две маргинальные крайности: традиционная власть и традиционная оппозиция».

Калі я прачытаў гэтую фразу, то было троху не па сабе. Чаму Дашкевіч, Севярынец ці Статкевіч, якія ахвяравалі сваёй свабодай, сваімі нармальнымі жыццямі з сем'ямі, «маргінальная крайнасць».

Бабарыка і яго прыхільнікі казалі, што скрасці волю народу немагчыма і што мы жывем у дзяржаве, у якой дзейнічаюць законы. Але насамрэч высвятляецца, што і волі народа можна лёгка пераламаць хрыбет. І законы дзейнічаюць зусім не так, як пра гэта думалася.

Падтрымка рэжыму зменшылася, але пакуль слабейшым рэжым не стаў. І заваліць «Сашу 3%» адной левай, хіпстарамі, айцішнікамі і гарадскімі блогерамі не атрымаецца. І гэта яшчэ АМАП па-сапраўднаму ў справу не пускалі.

Цяпер «апазіцыянераў (хаця даруйце, яны ж не апазіцыянеры) новай хвалі» чакае жорсткае фрустрацыя і дэпрэсія. Мне ўчора ўжо расказвалі пра слёзы такіх людзей: «Мы сумленна збіралі подпісы за Цапкалу, а цяпер узялі і ўсё зарэзалі». Адчай, неразуменне, горыч.

Мабыць, многія расчаруюцца і з'едуць з гэтай краіны нафіг, так было і ў 2001, і ў 2006, і ў 2010. Але веру, што ў шмат каго павінна наступіць ацверазенне і разуменне, што палітыка – гэта не вясёлая авантура на тры летнія месяцы, а доўгая і старанная праца.

Проста прыклад: учора за Бабарыку зарэзалі 47 тысяч подпісаў у Фрунзенскім раёне, а за Цапкалу – 17 тысяч. Але самае цікавае. што ні першы, ні другі не вылучалі нават сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльную выбарчую камісію, якая і забракавала подпісы. І гэта яскравае сведчанне, што пакуль сістэмнага падыходу не бачна і блізка.

Рэжым выбудоўваўся дзесяцігоддзямі і заваліць яго злеганца, маючы толькі электаральную большасць, – гэта ўтопія.

На сёння ж персанальна мне найбольш шкада тых стратаў, якія ўжо панесеныя ў час гэтай кампаніі: выдатнай крамы Symbal.by, таленавітага блогера Ігара Лосіка. Дзякуючы якраз іх працы, прастора свабоды і павялічвалася ўсе гэтыя гады. Вельмі хацелася б, каб гэтая прастора расла і далей, незалежна ад таго, ці 9 жніўня зменіцца ўлада ці не.

Последнее в рубрике