Палітоляг: У Масквы няма інструмэнтаў, каб прымусіць Лукашэнку прыняць расейскія ўмовы
25.12.2020
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Палітоляг: У Масквы няма інструмэнтаў, каб прымусіць Лукашэнку прыняць расейскія ўмовы

Рэдактар сайта «Наше мнение» палітоляг Валерыя Касьцюгова тлумачыць, чаму Менск не ваюе за цану на газ і ня ўзгадвае пра «падатковы манэўр», і заяўляе, што калі раней прадметам нянавісьці народу быў толькі Лукашэнка, то цяпер беларусы пабачылі, што ўся дзяржава няправільна ўладкаваная.

— 21 сьнежня ўрад Расеі ўхваліў выдзяленьне Беларусі крэдыту на мільярд даляраў. Многія палітолягі цягам апошніх тыдняў і месяцаў неаднаразова заяўлялі, што Расея з розных прычын ужо не акажа фінансавай дапамогі Беларусі — маўляў, Лукашэнка не выконвае сочынскія пагадненьні з Пуціным і гэтак далей. Як вы пракамэнтуеце навіну пра выдзяленьне крэдыту?

— На самой справе тут мала што зьмянілася. Гэтае абяцаньне пра паўтара мільярда было прынята яшчэ на той сустрэчы ў Сочы Лукашэнкі і Пуціна. 500 мільёнаў ужо перавялі, мільярд заставаўся. Хаця ў цяперашняй беларускай сытуацыі гэтага вельмі мала. Нагадаю, што бюджэт Беларусі на 2021 год складзены з дэфіцытам прыблізна звыш мільярда даляраў. Расейскіх грошай яўна ня хопіць, і давядзецца недзе шукаць яшчэ.

Пуцін і Крэмль апынуліся ў пастцы сваёй жа антызаходняй рыторыкі. Абвінавачаньні з боку Масквы на адрас Захаду ва ўмяшаньні ў справы постсавецкіх краінаў узмацняюцца па меры набліжэньня Расеі да выбарчых кампаніяў і на фоне гісторыі з Навальным і санкцыяў супраць Расеі. Масква, якая прадстаўляе сябе як атакаваная Захадам, нарошчвае рыторыку пра ўмяшаньне Захаду, у тым ліку ў беларускія справы.

Пуцін ужо заяўляў, што Лукашэнка нібыта прапануе дыялёг, а вось ягоныя апанэнты на гэта не ідуць. Таму, з пункту гледжаньня Крамля, Лукашэнка нібыта выконвае ўмовы сочынскага пагадненьня.

— Сочынскія ўмовы шматлікімі палітолягамі інтэрпрэтаваліся так, што Лукашэнка павінен пайсьці на тыя палітычныя зьмены, якія ў тым ліку абмяжуюць ягоную ўладу, альбо ён цалкам адыдзе ад улады. Вы лічыце, што ніякіх такіх абяцаньняў Лукашэнка ў Сочы не даваў і ўсё гэта фантазіі камэнтатараў?

— Думаю, што нейкія абяцаньні Лукашэнка даў. Але паўтаруся, што паколькі Масква знаходзіцца ў пастцы сваёй антызаходняй рыторыкі, то яна вымушаная прымаць лукашэнкаўскія праекты і варыянты (кшталту Ўсебеларускага Сходу) і рабіць выгляд, што гэта і ёсьць «выкананьне ўмоваў».

— То бок рыторыка Лукашэнкі наконт таго, што падзеі ў Беларусі — гэта наступ ня толькі на яго ўладу, але гэта і наступ на Расею, знаходзіць нейкі водгук у Крамлі? Масква на гэта «клюе», і Лукашэнка такім чынам вытаргоўвае сабе падтрымку?

— Фактычна — так. Я, канечне, ня думаю, што ў Крамлі вераць у гэта. Але яны там і самі кажуць тое самае. Пуцін пра атручваньне Навальнага кажа — гэта ЦРУ. Пра падзеі вакол Расеі — «гэта падкопы Захаду». Што яму тады застаецца, акрамя таго як прымаць рыторыку Лукашэнкі?

— Але нярэдка гучаць меркаваньні, што гэтая рыторыка толькі для публікі, для аматараў шоў Салаўёва, а, маўляў, у Крамлі сядзяць разумныя людзі, якія ў гэта ня вераць і спакойна дамаўляюцца з Захадам па важных пытаньнях.

— Момант, калі Расея магла б абмяняць свой уплыў у Беларусі на нейкае паслабленьне антырасейскіх санкцыяў, пакуль не настаў. Наадварот, зараз уводзяцца новыя санкцыі, і атрымліваецца, што зараз проста няма з кім гаварыць пра беларускае пытаньне. У далейшым магчыма, што ёсьць пункты «абмену» — Беларусь, Сырыя, «Паўночны паток». Пакуль яны ляжаць пад сталом, і час для абмену яшчэ не настаў, бо Крэмль адчувае сябе атакаваным з боку Захаду.

Што тычыцца ўвогуле ўплыву Расеі на Лукашэнку, то Масква можа выстаўляць якія заўгодна ўмовы і гразіць пальчыкам, але, па сутнасьці, у яе няма інструмэнтаў, каб прымусіць Лукашэнку прыняць маскоўскія ўмовы літаральна. Уся гісторыя беларуска-расейскіх дачыненьняў паказвае, што дыялёг заўсёды ладзіўся на розных мовах, і пры недахопе часу бакі знаходзілі нейкі кампраміс.

— Вы кажаце, няма інструмэнтаў. Але калі б Расея, на якую прыпадае каля паловы беларускага таваразвароту, сапраўды захацела б пайсьці на нейкі радыкальны канфлікт, то эканамічных інструмэнтаў у яе хапіла б.

— Так, калі б яна палічыла гэта мэтазгодным. Калі б яна палічыла, што выдаткі ад такога жорсткага кроку не перавысяць магчымыя выгоды. Для такога кроку, які яна тэарэтычна магла б зрабіць, патрэбны вельмі сур’ёзныя падставы. Як патлумачыць таму ж расейскаму электарату, калі Масква ў рамках гандлёвых саюзаў, на якія яна сама паклала столькі часу, грошай і намаганьняў, пачне раптам дзейнічаць у санкцыйным рэжыме супраць свайго стратэгічнага саюзьніка?

— То бок, зыходзячы з таго, што вы сказалі — вы ня верыце, што Расея і Захад могуць дамовіцца ў беларускім пытаньні пра нейкі ўмоўны кансэнсус?

— Не, я такога не сьцьвярджаю. Гэта магчыма, але ня зараз, і гэта ня так проста, як можа падацца. Так, Расея скарачае дапамогу Беларусі, і гэты працэс доўжыцца ўжо даволі доўга. Зьвярніце ўвагу, што ў гэтыя дні, напярэдадні Новага году, беларускі бок нічога ня кажа пра зьніжэньне цэнаў на газ. Менск кажа толькі пра захаваньне тых мінулагодніх умоваў, якія яму здаваліся несправядлівымі яшчэ зусім нядаўна. Тое самае тычыцца і «падатковага манэўру» — словазлучэньне, якое беларускі бок ужо не вымаўляе. То бок у Менску разумеюць, што апэтыт трэба зьменшыць. Цяпер Менск у адносінах з Масквой паводзіць сябе вельмі сьціпла.

— Пратэсты працягваюцца, магчыма, у іншым фармаце. У такой сытуацыі, калі відавочная большасьць насельніцтва не прымае ўладу, — якія тэндэнцыі разьвіцьця гэтага палітычнага крызісу вы б адзначылі?

— Калі падчас выбарчай кампаніі асноўнай мішэньню незадавальненьня народу быў сам Лукашэнка, то цяпер уладныя эліты праявілі сябе такім чынам, што ўся кіроўная структура выклікае непрыманьне. То бок ускладняецца пераход да дыялёгу нават пасьля адхіленьня Лукашэнкі. Бо гэтыя людзі вакол яго праявілі сябе як пэрсанажы, ніяк не зьвязаныя нейкімі маральнымі абмежаваньнямі, некаторыя зь іх публічна ўхвалілі катаваньні.

Падчас разьвіцьця пратэстаў, нашага крызісу многія беларусы пабачылі, што сама дзяржава ўладкавана няправільна, яна проста не арыентаваная на людзей. І мы пакуль ня бачым, у якія формы гэта выльецца. Гэта разрыў паміж, з аднаго боку, упэўненасьцю ў тым, што дзяржава павінна быць, што гэта наша незалежная дзяржава, а з другога боку, яна няправільна ўладкаваная, не арыентаваная на людзей.

Последнее в рубрике