Падводны камень інтэграцыйных пагадненьняў — загадка «рэгулятара»
08.09.2021

Падводны камень інтэграцыйных пагадненьняў — загадка «рэгулятара»

Дзіўная сытуацыя: афіцыйныя Менск і Масква, здаецца, вось-вось гатовыя падпісаць пакет новых інтэграцыйных пагадненьняў. Дыскусіі пра іх ідуць ужо больш за тры гады. Але што менавіта мяркуецца падпісаць, дагэтуль невядома, гэта «кот у мяху».

Адзінае, што вядома, гэта публікацыя ў «Коммерсанте» Дзьмітрыя Бутрына «Сяброўства падаткаў» амаль двугадовай даўнасьці.

Расейскія чыноўнікі тады паказалі Бутрыну тагачасныя праекты «дарожных мапаў» (так тады гэтыя пагадненьні называліся).

А там шмат чаго было цікавага: адзіныя Падатковы кодэкс, зьнешнегандлёвы рэжым і Грамадзянскі кодэкс, амаль аб’яднаны банкаўскі нагляд, але з двума цэнтрабанкамі, адзіны рэгулятар рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі.

Што зьмянілася за два гады ў праектах, як яны цяпер сфармуляваныя, пакуль невядома. У публічнай сфэры агучваюцца дыскусіі наконт гарманізацыі і ўніфікацыі падатковага заканадаўства, паведамлялася, што менавіта гэтыя сюжэты нядаўна абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнкам расейскі прэмʼер Міхаіл Мішусьцін.

Таксама гаварылася, што спрэчным пытаньнем да самага апошняга часу заставалася газавае пытаньне (без удакладненьняў, у якіх менавіта аспэктах).

Пры гэтым Лукашэнка як мантру паўтарае, што ніякай палітычнай надбудовы, ніякіх наддзяржаўных органаў падрыхтаваны дапрацаваны пакет не прадугледжвае, маўляў, прэзыдэнт Расеі сам прапанаваў гэта выключыць.

Што такое рэгулятар?

Ці так гэта? А што там наконт рэгулятара энэргетычных рынкаў, які прысутнічаў у тых праектах дамоваў, якія апісваў «Коммерсантъ» у публікацыі верасьня 2019 году?

Аўтар той публікацыі Бутрын небеспадстаўна зазначаў, што менавіта наяўнасьць такога рэгулятара — падстава сьцьвярджаць, што прапанаваныя дакумэнты прадугледжваюць «частковую эканамічную інтэграцыю на ўзроўні ня менш як у Эўразьвязе, а ў шэрагу пытаньняў — аналягічную канфэдэратыўнай ці нават фэдэратыўнай дзяржаве».

Рэгулятар і паводле этымалёгіі гэтага слова, і паводле практыкі таго ж ЭЗ — гэта орган, які прымае абавязковыя для выкананьня рашэньні, гэта орган улады.

На нашых вачах разварочваецца эпапэя з ухвалай (дакладней, няўхвалай) расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V» Эўрапейскім рэгулятарам лекаў (EMA).

Варта адзначыць некалькі асаблівасьцяў.

EMA — гэта не каардынацыйная нарада, калегія нацыянальных лекавых рэгулятараў, дзе прадстаўнікі любой краіны маюць права вэта ці «залатую акцыю»; з другога боку, гэта і не нямецкая, француская ці якая іншая нацыянальная інстытуцыя. Гэта фактычна наднацыянальны орган улады Эўразьвязу.

Яго рашэньні ня маюць фармальна абавязковай сілы для ўсіх дзяржаваў-чальцоў. Але фактычна маюць. У Славаччыне і Вугорошчыне нацыянальныя рэгулятары лекавых сродкаў ухвалілі «Спутник V», але ў астатніх дзяржавах ЭЗ вырашылі чакаць рашэньня EMA, маўляў, агульнаэўрапейскаму рэгулятару відней.

А ў Славаччыне ўзьнік палітычны скандал: частка палітычнай эліты стала на бок Эўрапейскага рэгулятара, заявіла, што, пакуль ён ня ўхваліць расейскую вакцыну, выкарыстоўваць яе для прышчэпліваньня славакаў ня варта.

І ўрэшце Славаччына, пачаўшы прышчапляць сваіх грамадзянаў «Спутником V», спыніла працэс і вярнула Расеі нявыкарыстаныя дозы.

Ухвалы «Спутника V» эўрапейскім рэгулятарам дагэтуль няма. Тым часам у ЭЗ вакцынаваліся ўжо 70% дарослага насельніцтва, і зусім не расейскай вакцынай.

Вось што такое рэгулятар і як ён дзейнічае.

Энэргетычны рэгулятар — роўнасьць ці Расея

Дык вось у пакеце інтэграцыйных пагадненьняў, які, магчыма, пасьлязаўтра парафуюць Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусцін, ёсьць рэгулятар энэргетычных рынкаў ці няма? І калі ёсьць, то якім ён будзе?

9 жніўня падчас «вялікай размовы» Лукашэнка тлумачыў: «У нас не нацыянальныя, а сумесныя ведамасныя органы. Напрыклад, сумесная калегія міністэрстваў прамысловасьці Расеі і Беларусі, сумесная калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі і іншыя — і яны працуюць».

Калі энэргетычны рэгулятар — гэта сумесная калегія міністэрстваў энэргетыкі дзьвюх краінаў, тады гэта не рэгулятар. Прынамсі, тады гэта не такі рэгулятар, як рэгулятары розных галінаў эканомікі ў Эўразьвязе; гэта не такі рэгулятар, як, скажам, EMA.

Калі ж гэта аналяг той жа EMA, толькі ў энэргетыцы Беларусі і Расеі, то гэта наддзяржаўная, наднацыянальная інстытуцыя, орган улады.

Вечная дылема беларуска-расейскай інтэграцыі

Гэта вечная дылема беларуска-расейскай інтэграцыі: альбо бакі проста ўзгадняюць сваю палітыку, свае дзеяньні, альбо пры стварэньні рэальных саюзных рэгулятараў гэта de facto расейскі рэгулятар, які рэгулюе ў тым ліку і Беларусь.

Тут справа нават ня толькі ў спэцыфічных расейскіх палітычных норавах. Насельніцтва ўсяго Эўразьвязу — 750 мільёнаў чалавек, насельніцтва самай буйной краіны ЭЗ — Нямеччыны — 83 мільёны (11%). І Нямеччына можа дапусьціць над сабой уладу супольнага, параўнальна аўтаномнага рэгулятара.

Насельніцтва Беларусі і Расеі разам — 155 мільёнаў, зь іх насельніцтва Расеі — 146 мільёнаў (94%).

Калі частка амаль роўная цэламу, любыя спробы супольна кіраваць цэлым азначаюць кіраваньне з боку гэтай самай «ільвінай долі».

Дык што там наконт рэгулятара напісана ў інтэграцыйных праектах?

Последнее в рубрике