Някляеў: «Тое, што Бабарыку збіраюцца перавесці пад хатні арышт, зразумела без ніякіх канспіралогій»
01.12.2020

Някляеў: «Тое, што Бабарыку збіраюцца перавесці пад хатні арышт, зразумела без ніякіх канспіралогій»

Былы кандыдат назваў прыкметы таго, што Бабарыка будзе вызвалены.

Былы кандыдат назваў прыкметы таго, што Бабарыка будзе вызвалены, грунтуючыся на ўласным досведзе.

«Сёння ў СМІ разам з інфармацыяй пра «Марш суседзяў» (які стаў яшчэ адным доказам таго, што беларусы акупантам здавацца не збіраюцца) шмат канспіралагічных допісаў пра вызваленне Віктара Бабарыкі з турмы і з адпраўкай яго на Кіпр, — піша экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.

Пра Кіпр пазней, а тое, што з турмы Бабарыку збіраюцца перавесці пад хатні арышт, стала зразумела без ніякіх канспіралогій пасля ператрусу ў ягоным доме 18 лістапада, у выніку якога не ўзялі нічога, апроч паляўнічай стрэльбы.

З чаго стала зразумела? З уласнага досведу ў 2010 годзе. Перад тым як перавесці мяне з турмы пад хатні арышт, у маім доме было тое самае. І тое, што называлася ператрусам, было насамрэч аглядам месца, куды пераводзіцца з турмы арыштант.

Глядзелі, якія ёсць магчымасці для ўцёкаў, дзе размясціць ахову. І, зразумела, арыштанту нельга пакінуць зброю. Таму і забралі стрэльбу, якая нікога не цікавіла пры ранейшым ператрусе.

Цяпер пра Кіпр.

Ноччу ў «Амерыканцы» (турме КДБ) мяне прывялі на допыт: «Принято решение (шматзначны позірк у столь) о смягчении меры пресечения с переводом под домашний арест. Но при условиях…» І пачалі называцца ўмовы-прапановы.

Адна з іх: выехаць у Фінляндыю. «Вы там жили, вас туда приглашают».

З усіх умоў я згадзіўся толькі на дэтэктар маны, бо ўсе мае дзеянні былі адкрытымі — і мне не было чаго хаваць. Больш ні на што. І тым не менш, пацягнуўшы час, мяне перавялі пад хатні арышт. Гэта было не іх рашэнне, яны вымушаныя былі гэта зрабіць пад ціскам Еўразвяза і ЗША.

Думаю, з Бабарыкам ідзе падобны торг. І мяркую, што ён не згаджаецца пакінуць Беларусь, разумеючы, як гэта будзе скарыстана. Таму перавод пад хатні арышт зацягваецца. Але рашэнне гэткае ўжо прынятае, і прынятае яно пад такім ціскам, што наўрад ці яго можна адмяніць».

Последнее в рубрике