Больш за 3,5 тысячы "зэкаў" амнісціруюць, каб вызваліць нары для іншых
11.09.2007
Андрэй КОТАЎ

Больш за 3,5 тысячы "зэкаў" амнісціруюць, каб вызваліць нары для іншых

Амністыя, пра якую міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў гаварыў яшчэ напачатку вясны гэтага года, па ўсім відаць, будзе абвешчана толькі напрыканцы восені.

Як паведамляе прэзiдэнцкая прэс-служба, Аляксандр Лукашэнка накiраваў у Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу адпаведны законапраект. Няма сумневу, што паслухмяныя “палатнікі” і рахманыя “сенатары”, якія, праўда, збяруцца на свае пленарныя паседжанні толькі ў кастрычніку, падтрымаюць гэты дакумент. Ды і справа гэтая для дэпатутаў звыклая. Пасля абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам, амністыі ў нашай краіне абвяшчаюцца амаль штогод. І не таму, што ў нас такая гуманная дзяржава і літасцівы кіраўнік. Наадварот, у Беларусі вось ужо больш за 13 гадоў бесперапынна працуе своеасаблівы турэмны канвеер. Месцы зняволення актыўна напаўняюцца “зэкамі”: па 300-400 чалавек у месяц.

Каб вызваліць нары для новых вязняў і не правакаваць турэмных бунтаў улады і вымушаны амаль штогод абвяшчаць амністыі. Прычым, раней, па савецкай традыцыі гэтыя “гуманныя акты” былі прымеркаваны да якога небудзь юбілею: вызвалення Беларусі, Перамогі над Германіяй, ці проста да дзяржаўнага свята. Так планавалася і сёлета. Напачатку, падарунак “зэкам” улады хацелі прыпаднесці да Дня Перамогі, потым – да 3 ліпеня. Аднак, відавочна, за святочнымі клопатамі пра няшчасных вязняў забыліся. Зрэшты, гэта якраз той выпадак, калі лепш позна, чым ніколі.

Хто ж можа разлічваць на літасць дзяржавы? Паводле законапраекта, у вынiку амнiстыi на волi могуць апынуцца 3512 асуджаных, у тым ліку 1682 вязня, якія знаходзяцца непасрэдна ў месцах пазбаўлення волі. У гэтым якраз адметнасць плануемай амнiстыi, ад усiх папярэднiх: яна будзе распаўсюджвацца толькi на асуджаных. Асобы, якiя чакаюць судовыя прыгаворы ў следчых iзалятарах, пад падпiскай аб нявыедзе цi пад хатнiм арыштам, на гуманнасць кiраўнiцтва дзяржавы зараз могуць не разлiчваць.

Яшчэ адна асаблівасць: свабоду можна будзе купіць зусім легальна, без аніякага хабару патрэбным людзям. Упершыню амнiстыя будзе прымяцца ў адносiнах зняволеных, якiя кампенсуюць нанесены ўрон.

Традыцыйна пад амнiстыю трапяць "турэмныя льготнiкi": падлеткi, цяжарныя i шматдзетныя жанчыны, пенсiянеры, iнвалiды, ветэраны i лiквiдатары аварыi на ЧАЭС, а таксама хворыя на сухоты i ВIЧ-носьбiты. Праўда пры ўмове, што яны былi асуджаны на тэрмiн не больш за 6 гадоў пазбаўлення волi. Неільготная катэгорыя "зэкаў", кожны з якіх адседзеў за кратамi не менш трэцi прызначанага тэрмiну, таксама можа разлічваць на літасць. Найбольшу частку такiх шчаслiўчыкаў складуць гэтак званыя "казарменныя хулiганы", якiя адбываюць пакаранне ў дысцыплiнарных батальёнах, i "алiментшчыкi" -- асноўны кантынгент арыштных дамоў.

У прэс-службе падкрэслiваюць, што амнiстыя не будзе распаўсюджана на асобаў, якiя здзейснiлi цяжкiя злачынствы. Такім чынам, улады спрабуюць супакоіць грамадскасць, што “халоднае лета 53-га” ў Беларусі не паўторыцца. Магчыма, і сапраўды, вялікага ўсплёску цяжкіх злачынстваў пасля вызвалення больш за 3,5 тысячы вязняў, не адбудзецца. Аднак крымінагенная сітуацыя ў краіне можа пагоршыцца. Бо ў краіне няма адмысловай праграмы па працаўладкванню амнiсцiраваных, ніхто не дапаможа iм наладзiць ранейшыя сацыяльныя сувязi, каб гэтыя людзi зноў не трапiлi на злачынную сцежку. Вядома ж, многае будзе залежыць i ад самiх грамадзянаў, якiя падпадуць пад амнiстыю. Аднак, работадаўцы зусім неахвотна бяруць на працу людзей з турэмным мінулым. Таму менавіта раней судзімыя асобы найчасцей здзяйсняюць новыя злачынствы і зноў трапляюць за краты. Летась, напрыклад, паводле міліцэйскай статыстыкі з больш чым 70 тысяч чалавек, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, амаль 31 тысяча злачынцаў ужо мела непрыемнасці з законам.

Актыўна садзейнічаюць бесперапыннай працы турэмнага канвеера і суддзі.

Пры ўсiм багаццi выбару мераў пакарання альтэрнатывы турэмнаму зняволенню многiя айчынныя слугi Фемiды па-ранейшаму не бачаць. Паводле звестак Вярхоўнага суда, летась судамi было разгледжана 70 тысяч 470 крымiнальных спраў, па вынiках разгляду якiх былi асуджаны 78 тысяч 238 чалавек. Прычым, амаль кожны чацвёрты парушальнiк закона трапiў за краты. Праўда, 10 гадоў назад гэты паказчык складаў 36,5 працэнтаў. Аднак i мiнулагоднi прагрэс -- слабое суцяшэнне. Бо, па словах старшыні Вярхоўнаа суда Валянцiна Сукалы, 88 працэнтаў людзей, якiя былi пазбалены волi, здзейснiлi злачынствы, што не ўяўляюць вялiкай грамадскай небяспекi. Кiраўнiк Вярхоўнага суда прама заявiў, што ягоныя калегi "пакутуюць на празмерную суровасць" i не выкарыстоўваюць у поўнай меры альтэрнатыўныя меры пакарання. Напрыклад, вышэйшая судовая iнстанцыя прыйшла да высновы, што прыкладна 4 тысячы чалавек летась маглi атрымаць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волi. Для параўнання "вельмi мяккiмi" былi прызнаны i адменены толькi 88 прысудаў. Такім чынам, відавочна, што без рэформы судовай сістэмы, якая з савецкіх часоў захавала рэпрэсіўны характар, ніякія амністыі не змогуць спыніць турэмны канвеер у нашай краіне. Дарэчы, па колькасці зняволеных з разліку на 100 тысяч насельніцтва Беларусь на працягу апошніх 13 гадоў нязменна ўваходзіць у ганебную “дзесятку” лідараў.

Последнее в рубрике