Улада магла б падсілкавацца за кошт апазыцыі
31.10.2008
Генадзь КОСАРАЎ

Улада магла б падсілкавацца за кошт апазыцыі

У часе нарады ў пытаньнях унутранай і зьнешняй палітыкі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі мусяць быць зробленыя захады ў бок лібэралізацыі эканомікі й жыцьця людзей. Ці азначаюць словы кіраўніка дзяржавы, што Беларусь становіцца на шлях тае лібэралізацыі? І хто будзе яе ажыццяўляць? Разважае экспэрт “Заўтра тваёй краіны” палітоляг Аляксандр Класкоўскі.

-- Канешне, тое, што афіцыйны беларускі лідар, які шмат гадоў дэкляраваў прынцыпы камандна-адміністрацыйнае сыстэмы, агучыў палымяную прамову на абарону прынцыпаў свабоднага рынку, сьведчыць, што эканамічныя абставіны, кажучы наўпрост, прыціснулі. А менавіта - усясьветны фінансавы крызіс. Хоць на пачатку дзяржаўнае кіраўніцтва і дзяржаўныя мэдыі ўсяляк, паводле завядзёнкі, стараліся пераканаць, што Беларусь – гэта нейкі непахісны астравок стабільнасьці. Зараз яны мусяць прызнаваць, што гэты крызіс закрануў беларускую эканоміку, і паколькі гэта не апошняя хваля крызісу, то ў агляднай пэрспэктыве могуць быць значна больш сур’ёзныя наступствы.

Яны і зараз ужо адчуваюцца: як вядома, ужо ёсьць праблемы з валютаю ў абменьніках, на некаторых прадпрыемствах ужо пачалося затаварваньне прадукцыяй, пайшлі размовы, што і заробкі могуць затрымлівацца. Гэта ўсё трывожныя сымптомы, таму беларускае кіраўніцтва проста прыціснутае абставінамі. Адсюль і такая рыторыка. І паколькі ўсё адбываецца пад уціскам такіх чыньнікаў, то тут цяжка спадзявацца на пасьлядоўнасьць і на сыстэмны характар гэтых рэформаў. Гэта, усё ж такі, насуперак перакананьням камандна-адміністратыўнага кшталту, якія глыбока сядзяць у падкорцы айчыннага кіраўніцтва. І нават, калі прааналізаваць гэтую прамову кіраўніка дзяржавы, то ўсё адно побач з гэтай одай свабоднаму рынку прасьлізваюць звыклыя тэзы, што, маўляў, мы ня выпусьцілі лейцы з рук і пастараемся ня выпусьціць іх і далей. Гэта ўсё адно будзе насьцярожваць бізнэсоўцаў, замежных інвэстараў, таму што ў эканоміцы, у фінансавай сыстэме, у сфэры інвэстыцыяў вельмі важны ня толькі фармальны момант, ужо ці ў будучыні прапісаны ў законах, але і момант даверу. Любы бізнэс на Захадзе будуецца яшчэ і на ступені даверу. А тут, паколькі ўлада шмат гадоў гнула іншую лінію, і ўжо былі ўсялякія прыкрыя інцыдэнты з тымі інвэстарамі, якія ўкладалі грошы, а потым заставаліся ля разьбітых ночываў, то я думаю, гэты лёд недаверу не можа растаць так хутка. І толькі пры тае ўмове, што беларускі ўрад наступіць на горла ўласнай песьні і пачне больш-меньш пасьлядоўна, сыстэмна праводзіць лібэральныя рэформы ў эканоміцы.

І другі момант. Усё ж такі, гэтыя надзеі беларускага кіраўніцтва на аўтарытарную мадэрнізацыю (а яны зараз існуюць, таму што цягам гэтае прамовы ані слова не было сказана пра магчымасьць нейкіх палітычных рэформаў) толькі да пары - да часу могуць мець пад сабою нейкую глебу, бо ўявіць сабе свабодную эканоміку і такі жорсткі рэжым немагчыма. Эканамічная лібэралізацыя вымагае пэўных рамкавых умоваў у палітычнай галіне і ў сфэры правоў чалавека, таму што, калі прыходзіць капітал, калі ствараецца слой бізнэсоўцаў, калі расьце сярэдні кляс, гэтым людзям патрэбныя цывілізаваныя ўмовы ў палітыцы, у грамадзкім жыцьці дзеля таго, каб рэалізоўваць свае інтарэсы. І з гэтым выклікам беларуская ўлада таксама сутыкнецца.

-- Вы казалі пра нэгатыўныя прыклады, калі замежныя інвэстары спрабавалі прыйсьці ў Беларусь…

-- Хрыстаматыйны прыклад – расейскі бровар “Балтыка” і ягоная спроба ўвайсьці сюды ў піўную галіну; “Ford” тут ня вытрымаў, ёсьць яшчэ прыклады. Замежныя інвэстары траплялі ў такую неспрыяльную абстаноўку і натыкаліся на такія праблемы ва ўзаемаадносінах зь беларускім чынавенствам, зь беларускімі бюракратамі, калі, гледзячы па ўсім, пэўныя пытаньні даводзілася вырашаць рознымі нефармальнымі шляхамі, у выніку чаго яны апускалі рукі і лічылі за лепшае сыходзіць з краіны.

Невыпадкова, дарэчы, у сваёй прамове на нарадзе афіцыйны кіраўнік сказаў і пра дэбюракратызацыю ўсёй сыстэмы. То бок, ён сам разумее, што нават калі напісаць болей ці меней прыстойныя, цывілізаваныя па мерках заходняга бізнэсу законы ў гэтай галіне, то айчыннае чынавенства зь ягонай хваткай і ягонымі традыцыйнымі інстынктамі можа ўсё пусьціць пад адхон. І гэта вялікая праблема, таму што гэта такая шматгаловая гідра, якую немагчыма перамагчы датуль, пакуль уся сыстэма ўлады ў краіне, уся сыстэма кіраваньня будзе пабудаваная па прынцыпе жорсткай адміністрацыйнай піраміды. Бо немагчыма правесьці сапраўдную дэбюракратызацыю, пакуль краіна будуецца на “саўковых”, камандных прынцыпах кіраваньня.

-- А ці ёсьць сёньня пры дзейнай уладзе асобы, на якіх найвышэйшае кіраўніцтва магло б абаперціся, калі б насамрэч пажадала правесьці сапраўды лібэральныя рэформы?

-- Цяжкае пытаньне. Канешне, ва ўладзе ёсьць розныя людзі, у тым ліку і ва ўрадзе. Дарэчы, цяперашні кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч зараз сапраўды дэманструе сучасныя рынкавыя падыходы, і ініцыятывы ў галіне паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату ў значнай ступені - ягоная заслуга. Іншая рэч, што нават калі нехта ў душы й вызнае болей лібэральныя падыходы, дык у нашых умовах чыноўнік высокага рангу лічыць за лепшае трымаць язык за зубамі і надта не высоўвацца наперад бацькі, таму што гэта можа быць небясьпечна для ягонай кар’еры. А ўвогуле ёсьць вялікая праслойка кадраў старой фармацыі, якія дасюль разважаюць катэгорыямі савецкага Дзяржпляну, і, канешне, тут патрэбнае абнаўленьне. І калі б улада адкінула свае “забабоны”, то можна было б падсілкавацца і за кошт кадраў, і за кошт канцэпцыяў, якія напрацаваныя ў апазыцыі. У гэтым сэнсе, наколькі я ведаю, самая багатая скарбонка - у Аб’яднанай грамадзянскай партыі: там і Раманчук, і прафэсар Багданкевіч, і Шлыньдзікаў – цэлая кагорта экспэртаў, эканамістаў, якія напрацавалі вялікі пласт канцэптуальных дакумэнтаў. Але ж дасюль у нас гучала, што апазыцыя – гэта нікчэмныя людзі ва ўсіх сэнсах. Толькі аднойчы, я памятаю, калі спатрэбілася даць адлуп расейскаму рублю, калі надта ўжо Масква выкручвала рукі, то з вуснаў афіцыйнага кіраўніка прагучала, што ёсьць пара разумных галоваў у апазыцыі, у тым ліку і прафэсар Багданкевіч, які супраць расейскага рубля. Так што, калі болей прыціснуць абставіны, дык зьвернуцца і да кадраў, і да напрацовак айчаннае апазыцыі. Пабачым…

 

Последнее в рубрике