Наша ўзяла!
25.06.2019
Віктар Марціновіч, budzma.by

Наша ўзяла!

Пра адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, дзе нашую краіну паказалі ў нечаканым вобразе.

25 гадоў яны прыдумлялі “свае” сцягі і абвяшчалі іх адзіна афіцыйнымі. Яны збівалі “Пагоню” з Дома ўрада, вешалі туды намаляваны пры цікавых абставінах “свой” герб, які таксама абвяшчалі афіцыйным. І нам нават трэба было паважаць той гімн замест нашага “Магутнага Божа”, той сцяг замест нашага бел-чырвона-белага, той герб, бо яны ж — дзяржаўныя сімвалы, непавага да іх караецца па законе. І мы жылі так, без “Пагоні” на вокладцы пашпартоў. І нехта нават (я ў тым ліку) павесілі насы, бо здавалася, што гэта назаўсёды. І яно было назаўсёды, але цяпер пачало канчацца — зусім як у той кнізе Алекса Юрчака.

На 25-ы год існавання іхнай гісторыі, іхных герояў, іхных трактароў “Беларусь”, іхных партызан, іхнай эстрады і ўсяго астатняга, “найлепшага”, савецкага, ладзіцца велізарнае дзяржаўна-спартовае свята. Самая знакавая містэрыя для іх (не для нас, бо мы ад гэтага ўсяго ладна стаміліся). І афіцыйнае адкрыццё гэтага свята абяцае быць трыумфам іхнага наратыву.

Іхнай заяўкай на вечнасць.

Іхным помнікам самім сабе.

Ну вось пасля Сталіна застаўся сталінскі ампір. Не самы густоўны напрамак у архітэктуры, але пэўную мару, пэўную надзею на хуткую светлую будучыню ён увасобіў. Пасля Напалеона III застаўся Парыж, перабудаваны баронам Асманам. Пасля Трэцяга Рэйху — Шпэер. Пасля Мусаліні — Via della Conciliazione, што прабіла гарызонт да пл. св. Пятра.

І тут — гэтыя гульні, любімая цацка, пад якую ў нас змянялі рух па праспектах і г.д. То ўсе, натуральна, замёрлі ў чаканні эстэтычнага параксізму. На тэму мінуўшчыны. На тэму сучаснасці. На тэму таго, хто мы такія ёсць.

Бо вы ж разумееце, мы жывём у часы, калі людскае адчуванне гісторыі паходзіць не з падручніка “Нарысы гісторыі Беларусі” ў дзвюх частках. І нават не з фільмаў — гэты момант ужо таксама амаль сышоў.

Не, каб прымагніціць да сябе ўвагу мільёнаў, тых, хто не ў тэме, Гульні, якімі выелі мозг усёй краіне, — найлепшы момант. Давайце! Расказвайце нам праўду! Сваю праўду! Што там у вас было? Пра Вялікую Айчынную, пра “рускіх са знакам якасці”, пра Суворава?

І што яны робяць? Нам паказваюць “калюмны”, нам паказваюць “Пагоню”, нам распавядаюць пра Быкава — таго самага Быкава, які ў момант росквіту панэльнай новабудоўлі, за якой мы назіраем 25 гадоў, быў проста забаронены для згадак! Нам абяцаюць Нятрэбка, нам нават прывозяць Нятрэбка, але публіка сустракае яе выступ “жыдкімі апладысментамі” (https://by.tribuna.com/tribuna/blogs/editors/2487854.html), а самай абмеркаванай музычнай падзеяй адкрыцця робіцца мелодыя нашага гурта Vuraj з Сяргеем Доўгушавым на чале.

І я магу лепей за любога “аналітыка” патлумачыць, чаму адбылося менавіта так, а не інакш. З 1994 года тут адбудоўвалася дзяржава, якая старанна пераймала “тое харошае, што было ў СССР”. Якая прыхоўвала нашу сапраўдную гісторыю — бо ў той гісторыі шмат было войнаў з каштоўным суседам, крыніцай нашага бягучага (на той момант) дабрабыту. І таму бралася толькі тое, што “яднала” і дазваляла адгружаць “славянскае брацтва”: “Вялікая Айчынная”, Сувораў, “Песняры”, савецкія прамысловыя дасягненні.

І 25 гадоў было ў іх на тое, каб вынайсці нешта сваё. Ну вось, таварышы ідэолагі, даю вам уводную: дайце нам такую гісторыю, каб там славянскае братэрства і ніякай бітвы пад Оршай, ніякага ВКЛ з ягонымі калюмнамі, ніякай “Пагоні”, з Пазняком на кані. Секундамер запушчаны — пагналі! Прыдумляйце!

І — нічога. Пустата. Вакуум. З зоркамі беларускай эстрады на сцэне.

І калі спатрэбілася паказаць нешта гасцям (сярод якіх быў прэм’ер-міністр Расіі), каб яны зразумелі, што мы за людзі такія, узялі роўна тое, што некалі скалупвалі з Дома ўрада. Дадалі калюмнаў і запрасілі Сяргея Доўгушава.

Последнее в рубрике