За што і чаму выбачаюцца беларускія ўлады?

Чаму кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі выбачылася перад удзельніцамі гурту Pussy Riot — пра гэта Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Дракахруст: Чаму Качанава выбачылася перад расейкамі? Ці зьвязана гэта з шэрагам іншых падобных крокаў беларускіх уладаў — выбачэньнем той самай Качанавай перад цыганамі за масавыя затрыманьні, саступкамі ў пытаньні пабудовы акумулятарнага заводу ў Берасьці? Беларуская ўлада зрабілася такой лагоднай?

Разбурыць вобраз «апошняй дыктатуры Эўропы»

Карбалевіч: Магчыма, падзеі, якія вы пералічылі, і зьвязаныя з гэтым апошнім выбачэньнем. Але мне больш тут бачыцца сувязь з Эўрапейскімі гульнямі. Беларускія ўлады імкнуцца пры дапамозе гэтых гульняў разбурыць той вобраз «апошняй дыктатуры Эўропы», які ствараўся дзесяцігодзьдзямі.

Варта нагадаць апошнюю размову Лукашэнкі зь Ігарам Шуневічам перад яго адстаўкай, калі прэзыдэнт папракнуў міністра за тое, што міліцыя падставіла бэтонныя спаруды напярэдадні гульняў. Паводле Лукашэнкі, гэта ператварае горад «ці то ў гета ці то ў канцлягер».

І вось гэты вобраз свабоднай Беларусі, у якой няма прыкметаў дыктатуры, вельмі стасуецца з выбачэньнем перад дзяўчатамі з Pussy Riot, маўляў, яны вядомыя скандальнымі імпрэзамі — і ў храме Хрыста Збаўцы, і падчас футбольнага матчу, іх нават у турму саджалі. А Беларусь — свабодная краіна і мы робім такі шырокі жэст — дазваляем ім прыехаць, калі хочуць, на Эўрапейскія гульні.

У гэтым ёсьць пэўнае супрацьпастаўленьне Беларусі Расеі. У Расеі іх за краты кідалі, а ў Беларусі іх выключаюць з «чорнага сьпісу» неўязных. На чэмпіянаце па футболе яны пратэставалі супраць паліцэйскага гвалту ў Расеі, супраць расейскай дыктатуры.

Атрымліваецца, што ў Расеі дыктатура, а ў нас амаль што Эўропа. У гэтым сэнсе, я мяркую, і варта разглядаць гэты жэст Качанавай.

Насьця Рыбка і Pussy Riot

Дракахруст: Сапраўды, ня выключана, што гэта такі своеасаблівы тролінг Крамля. Цяпер ідуць складаныя перамовы паміж Менскам і Масквой, 21 чэрвеня будзе ня толькі пачатак гэтых Эўрапейскіх гульняў, але і сустрэча прэм’ераў Румаса і Мядзьведзева. Магчыма, будзе абвешчана, да чаго бакі прыйшлі. Ці да чаго не прыйшлі.

І ў гэтай сытуацыі беларускае кіраўніцтва лічыць, што найлепшы спосаб абароны — гэта напад. І выбачэньне перад Pussy Riot — гэта поўха Крамлю, як вы, Валер, гэта апісалі.

Я тут бачу пэўную аналёгію з сытуацыяй, калі беларуская дыпляматыя і асабіста Лукашэнка ўсталі на абарону вядомай Насьці Рыбкі. Здавалася б, што ён Гекубе, што яму Гекуба, што Лукашэнку Рыбка? А вось аказалася, што ёсьць што. Гэта вядомы чалавек, чалавек з антыкрамлёўскай рэпутацыяй у пэўным сэнсе. Ну і да таго ж беларуска.

Таму за яе і ўступіліся.

Карбалевіч: Так, і Рыбка, і дзяўчаты з Pussy Riot маюць, скажам так, спэцыфічную рэпутацыю. І афіцыйны Менск дэманструе — мы гатовыя абараняць нават іх дзеля эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Сюды кладзецца і выбачэньне перад цыганамі, стаўленьне да якіх неадназначнае шмат дзе, у Эўропе ў тым ліку. А Лукашэнка і там зрабіў шырокі жэст і выбачыўся.

Выбачэньне перад Pussy Riot — гэта ў пэўным сэнсе і рэакцыя на справу Івана Галунова. У Расеі такое «бязьмежжа» адбываецца, а Беларусь — свабодная краіна.

Навошта быць мягчэй зь людзьмі?

Дракахруст: Калі Лукашэнка прызначаў новага міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, ён даводзіў яму, што зь людзьмі трэба абыходзіцца абачліва і ня крыўдзіць іх. У гэта ўпісываецца і выбачэньне перад цыганамі, і рашэньне наконт берасьцейскага акумулятарнага заводу. У чым прычына такой зьмены палітыкі?

Карбалевіч: Ну было сказана таксама, што каму трэба — трэба даць па пысе і па мазгаўні. Гэта тычыцца найперш апазыцыі. Але разам з тым напярэдадні выбараў улады вырашылі зрабіць некаторыя палёгкі ў тых пытаньнях, якія не зьвязаныя з палітыкай наўпрост.

Дракахруст: Вы лічыце, што тут фактар — гэта выбары? Выбары ж не прэзыдэнцкія. Акрамя таго, выглядае, што сацыяльна-эканамічны фон цяпер ня самы кепскі. Ніякага выразнага працяглага падзеньня жыцьцёвага ўзроўню не назіраецца, як тое было ў 2015-2016 гадах.

А тады навошта рабіць такія саступкі з пункту гледжаньня ўлады? У Берасьці ўлада цэлы год трымала абарону — і разганяла, і затрымлівала, і правакацыі розныя чыніла супраць пратэстоўцаў. Такое вялікае значэньне маюць парлямэнцкія выбары?

Карбалевіч: Менш чым праз год будуць прэзыдэнцкія. Адзіны інстытут у Беларусі, які сурʼёзна ставіцца да выбараў — гэта адміністрацыя прэзыдэнта. Магчыма, мы проста недаацэньваем тую ўвагу, якую ўлады надаюць выбарам.

Ужо ў другой палове 2018 году і ў першай палове гэтага пачалі хутка расьці заробкі. Калі ВУП вырас на 1%, то заробкі — на 8%. Заробкі відавочна растуць штучна.

Дракахруст: А чаму ўлада так рыхтуецца да выбараў? Яна ж, як ніхто, ведае ўнікальныя вылічальныя здольнасьці Лідзіі Ярмошынай. Чаго пераймацца?

Карбалевіч: Выбары — гэта крызіс легітымнасьці. Лукашэнка гэта добра разумее. Ёсьць досьвед іншых краінаў, калі напярэдадні выбараў здавалася, што ўсё перадвызначана, а выбары прыносілі ўладам непрыемную нечаканасьць.

Я прыгадваю савецкія часы, калі выбары былі наагул адно дзіўным рытуалам. Але ўвесь дзяржаўны апарат стаяў «на вушах» падчас выбараў. Здавалася б, чаму, там ніякай апазыцыі не было і блізка.

Для любых, нават зусім недэмакратычных, дзяржаваў выбары — гэта важная рэч.

Магчыма, у Лукашэнкі ёсьць дадзеныя сацыялягічных апытаньняў, паводле якіх давер да органаў улады абрынуўся вельмі моцна.

Я размаўляў зь людзьмі, які летась удзельнічалі ў мясцовых выбарах і хадзілі па кватэрах — зьбіралі подпісы, агітавалі. Паводле іх, было вельмі цяжка сустрэць жыхара кватэры, які б станоўча ставіўся да палітыкі Лукашэнкі.

Ён гэта ведае, разумее і спрабуе неяк кампэнсаваць. Ну а тут яшчэ і стасункі з Расеяй кепскія. А раптам абрынецца расейская дапамога. А калі Расея яшчэ і паспрабуе нейкую гульню весьці на выбарах, падтрымаць іншага кандыдата ці прынамсі інфармацыйна націснуць на Лукашэнку, як гэта было ў 2010 годзе, калі па НТВ ішоў сэрыял «Хросны бацька». Ёсьць пэўнае напружаньне, і Лукашэнка робіць пэўныя крокі, каб яго зьняць.

Последнее в рубрике