12 высноваў з драматычнай гісторыі вакол Берасьцейскага акумулятарнага заводу
15.06.2019
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

12 высноваў з драматычнай гісторыі вакол Берасьцейскага акумулятарнага заводу

Прыпыненьне будаўніцтва акумулятарнага заводу — зьява настолькі незвычайная для Беларусі, што патрабуе асобнага асэнсаваньня.

Завод акумулятарных батарэй каля Берасьця. Фота: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

Рашэньнем старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоля Ліса прыпынена будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем да ўхіленьня выяўленых парушэньняў. Паўтарагадовыя пратэсты жыхароў абласнога цэнтру далі плён. Атрымана прамежкавая, але важная перамога. Зьява незвычайная для Беларусі. Таму варта зрабіць высновы з гэтай падзеі.

1.У вострым канфлікце паміж грамадзтвам і ўладай перамагло грамадзтва. Для жорсткага аўтарытарнага рэжыму, у якім дзяржаўныя інстытуты надалі сабе сакральны статус, гэта выглядае вельмі нязвыкла, амаль сэнсацыйна. Аказваецца, улада можа ня мець рацыі.

2.Цяперашняя перамога берасьцейскіх пратэстоўцаў з нагоды лякальнага сацыяльнага канфлікту — самая гучная ў найноўшай беларускай гісторыі. Былі неаднаразовыя выпадкі, калі перамагалі насельнікі менскіх мікрараёнаў, пратэставаўшы супраць ушчыльненьня забудовы. Але гэта былі праблемы вузкага кола жыхароў некалькі дамоў. Узгадваецца часовая перамога насельніцтва Сьветлагорску, незадаволенага забруджваньнем навакольнага асяродзьдзя цэлюлёзна-кардонным камбінатам. Але там пратэсты мінакоў не былі такімі масавымі і працяглымі.

Можна ўзгадаць пратэсты «недармаедаў», але там была агульнадзяржаўная праблема. А тое, што адбылося ў Берасьці, ня мае аналягаў. Паўтара года ўся краіна сачыла за няроўным, здавалася, ад пачатку пройгрышным для мясцовых актывістаў канфліктам. І вось прамежкавы вынік.

3.Усе паўтара года мясцовыя ўлады змагаліся з пратэстоўцамі адзіным вядомым ім спосабам. Душылі, як маглі. Забаранялі людзям зьбірацца па выходных на цэнтральнай плошчы Берасьця, запаўнялі яе рознымі мерапрыемствамі, чынілі «хапун» на актывістаў, заводзілі крымінальныя справы на завадатараў, судзілі, штрафавалі, абавязвалі выбачыцца, ладзілі правакацыі, дыскрэдытавалі. То бок усё як звычайна.

І вось цяпер улады фактычна прызналі, што тыя, супраць каго яны ладзілі рэпрэсіі, мелі рацыю. Гэта маральная перамога пратэстоўцаў і маральная параза ўладаў. Вось Аляксандар Лукашэнка, прызначаючы новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, адзначаў, што ў дзеяньнях міліцыі «ўсё павінна быць шчыра і справядліва». (Чамусьці пра законнасьць ён не ўзгадаў, але гэта іншая справа.) Дык вось дзеяньні міліцыі і праваахоўных органаў супраць людзей, якія пратэставалі, былі несправядлівыя. І гэта цяпер стала відавочна ня толькі для жыхароў абласнога цэнтру.

4.Увесь гэты час усе дзяржаўныя інстытуты, пачынаючы ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя і заканчваючы кіраўніцтвам вобласьці і гораду, казалі няпраўду, запэўніваючы, што будаўніцтва акумулятарнага заводу не нясе пагрозы экалёгіі. Цяпер яны гэта фактычна прызналі.

5.Важную ролю ў перамозе (прынамсі пакуль што) мясцовай грамадзянскай супольнасьці адыгралі новыя тэхналёгіі. Актывісты шырока выкарыстоўвалі інтэрнэт, вялі відэаблогі, жывыя трансьляцыі з акцый пратэсту, давалі падрабязную інфармацыю пра сапраўдныя наступствы працы акумулятарнага заводу. Гэта мела гучны грамадзкі эфэкт, якому ўлады не маглі нічога супрацьпаставіць. Заўзятараў пратэставых акцый было ў сотні і тысячы разоў болей, чым удзельнікаў.

6.Грамадзянская супольнасьць вырастае з канкрэтных патрэбаў людзей. Абстрактныя арганізацыі трэцяга сэктару, якія выступаюць за ўсё добрае супраць усяго дрэннага, у беларускіх умовах прыжываюцца дрэнна. А вось вострая праблема, якая закранае шмат мясцовых людзей, падштурхоўвае да стыхійнага паўстаньня грамадзкіх структур, якія пачынаюць уплываць і на масавую сьвядомасьць, і на вырашэньне праблем.

7.Важную ролю ў прынятым рашэньні адыграла прафэсійная незалежная экспэртыза. Знайшліся тыя, хто кампэтэнтна прааналізаваў інфармацыю аб працы заводу, якую далі кампанія «АйПаўэр» і Міністэрства прыродных рэсурсаў, паказаў усе яе хібы і недакладнасьці.

8.Пратэсты супраць гэтага заводу сустракалі прыхаваную сымпатыю значнай часткі мясцовай намэнклятуры. Ня толькі таму, што непадалёк ад гэтага аб’екта — багатыя асабнякі. А таму, што ў добрай экалёгіі зацікаўленыя ўсе. Адсюль важная выснова: грамадзянская супольнасьць у вырашэньні праблемы павінна шукаць супадзеньня інтарэсаў з асяродзьдзем намэнклятуры, бізнэсу.

9.Калі ўлады сваімі неразумнымі дзеяньнямі закранаюць непасрэдныя інтарэсы шырокай сацыяльнай групы, прычым гэта не зьвязана з палітыкай, то яны здольныя праяўляць гнуткасьць. Так было з выбачэньнем перад цыганамі. Так адбылося цяпер у Берасьці.

І адваротны выпадак — Курапаты. Там праблема вострапалітычная, ідэалягічная, таму ўлады калі ў нечым і ідуць на саступкі, то вельмі неахвотна.

10.Акумулятарны завод — гэта чарговы скандал, зьвязаны з кітайскім бізнэсам. Падрадчык будаўніцтва — кітайская «Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя». Не разгрэблі да канца непрыемныя гісторыі са Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінатам, Добрускай папяровай фабрыкай, дык от табе зноў. Кітайская экспансія на Беларусь стварае ўсё больш праблем для краіны.

11.Сытуацыя вакол Берасьцейскага акумулятарнага заводу разбурае міт пра беларускі парадак. Бо ўзьнікае пытаньне: як увогуле ўлады далі дазвол на будаўніцтва такога праблемнага аб’екта? Куды глядзела Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя? Дзе былі іншыя кантрольныя структуры, якіх у краіне больш, чым патрэбна? Чаму яны дасюль не рэагавалі на скаргі берасьцейцаў?

12.Улады апынуліся ў дрэннай сытуацыі. Завод пабудаваны з дазволу дзяржаўных органаў. Але адпавядаць экалягічным патрабаваньням ён ня можа. Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што завод спраектаваны з грубымі парушэньнямі, яго трэба цалкам перабудоўваць.

Последнее в рубрике