Пяць фактаў пра новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева
11.06.2019
Ігар Карней, Радыё Свабода

Пяць фактаў пра новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева

Да прызначэньня на пасаду кіраўніка МУС Беларусі Юры Караеў працаваў на пасадзе намесьніка міністра — камандуючага ўнутранымі войскамі Рэспублікі Беларусь. Чым яшчэ вядомы новы міністар?

Юры Караеў (зьлева) з тагачасным міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам, 2018 год. Фота: Радыё Свабода

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Юрыя Караева новым міністрам унутраных справаў 11 чэрвеня, днём раней ён прыняў рапарт аб звальненьні міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, які ўзначальваў МУС сем гадоў.

Нарадзіўся ў Асэтыі, вучыўся ў Саратаве

Караеву 52 гады, ён нарадзіўся ў Паўночнай Асэтыі (Расея), у 1987-м скончыў Саратаўскую вайскова-камандную вучэльню ўнутраных войскаў. Вучыўся там крыху раней за Андрэя Ўцюрына — цяпер арыштаванага начальніка службы аховы Аляксандра Лукашэнкі.

Спэцназавец са стажам

Цягам 1999-2005 гадоў Караеў камандаваў Пятым асобным спэцыяльным міліцэйскім батальёнам у Бабруйску. Пасьля гэтага быў камандзіраваны ў Гомель, дзе кіраваў спэцыяльнай міліцэйскай брыгадай.

У ліпені 2008 году Юры Караеў замяніў Юрыя Падабеда на пасадзе камандзіра палка менскага спэцназу (колішні АМАП). Пасьля гэтага яго перавялі камбатам у брыгаду спэцназу 3214 ва Ўруччы, якой да таго камандаваў скандальны Зьміцер Паўлічэнка. Там прайшоў выпрабаваньне на права нашэньня крапавага бэрэта. Адтуль яго забралі на падвышэньне ў Міністэрства ўнутраных спраў.

Аматар скульптурных формаў

Актыўна прасоўваў знакі пашаны спэцназаўцам. Сёлета ў яго прысутнасьці на базе менскага палка міліцыі асаблівага прызначэньня ва Ўруччы адбылася цырымонія адкрыцьця памятнага знаку ў форме арла. Да таго падобныя скульптуры ў гонар АМАПу адкрылі ў Магілёве Гомлі і Віцебску. Лейтматывам — «захаваць для нашчадкаў веліч кожнага супрацоўніка» АМАП і захаваць памяць пра «гераічныя прыклады служэньня народу і Айчыне».

Змагар з тайбаксэрам Гурковым

У 2016 годзе Міністэрства спорту і турызму адмовілася фінансаваць паездку на чэмпіянат сьвету па муай-тай для шматразовага ўладальніка змагарскіх тытулаў Віталя Гуркова. Сам спартовец расказаў, што на адным з пасяджэньняў Фэдэрацыі муай-тай і кікбоксінг на чале з Караевым абмяркоўвалі ягоны фатаздымак з «Пагоняй». Сытуацыю выставілі так, што ў зборнай «экстрэміст і апазыцыянэр». У выніку кіраўнік фэдэрацыві Караеў прапанаваў Гуркову дапрацаваць да канца кантракту ў міністэрстве і сысьці па ўласным жаданьні.

Пяты запар міністар, народжаны не ў Беларусі

Гэта ўжо пяты запар міністар унутраных спраў, народжаны не ў Беларусі. Апошнім тутэйшым быў Валянцін Агалец, выпраўлены ў адстаўку 20 гадоў таму. Такім чынам, Юры Караеў нарадзіўся ў Паўночнай Асэтыі, ягоны папярэднік Ігар Шуневіч — з Луганшчыны, Анатоль Куляшоў — з Азэрбайджану, Уладзімер Навумаў — са Смаленску, Юры Сівакоў — з Сахаліну.

Последнее в рубрике